ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зяні́цазрэнка’. Рус. зени́ца, укр. зіни́ця, чэш. zenice, славен. zęníca, серб.-харв. зе̏ница, зје̏ница, балг. зенѝца, макед. зеница. Ст.-слав., ст.-рус. зѣница. Прасл. zěnica ад zěn‑a з суф. ‑ica. Пра *zěn‑ гл. зенкі; гл. яшчэ ззяць, зрэнкі. БЕР, 1, 635.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праза́рыты ’празорлівы’ (Мат. Гом.), праварынны ’вельмі разумны’ (Ян.), ’уніклівы’ (мазыр., Г4). Слова па паходжанню з’яўляецца залежным дзеепрым. прошл. часу ад празарыць. Слова таго ж кораня, што і зрэнка, узор з іншай ступенню агаласоўкі. Параўн. рус. дыял. зарить ’глядзець на што-небудзь, не адрываючыся’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПО́ЛАЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1585—1819 у г. Полацк Віцебскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты, міраклі. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай, часам на бел. (1603) мовах, звычайна яны суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Паказы былі прымеркаваны да масленіцы, некат. свят, перад летнімі канікуламі і пасля завяршэння навуч. года. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Звесткі пра рэпертуар у канцы 16 ст. амаль не захаваліся. Сярод пастановак: «Аталія» (1593), «Вясёлае пасля хмар сонца» (1669), «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (1693), «Крушэнне карабля на сушы», «Вянок з каштоўных камянёў, што ператварыліся ў лаўры» (абедзве 1723), «Вогненнае жала і вобраз вагнядышнага льва» (1724), «Язон па-за Калхідай» (1728), «Зрэнка Польшчы» (1730), «Пасол з сэрца Сарматыі» (1731), «Вянок з імён і вучоных галоў» (1737), «Час абеду, які працягваўся дзвесце гадоў» (1740) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т.1. С. 131—133.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́здзер ’ніжняя частка снапа’ (івац., Жыв. сл.), ву́здэр, у́здэр ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (пін., Шатал.), ву́здро, вздро, вузды́р ’тс’ (брэсц., Нар. лекс.). Ад гузы́р ’тс’ з пераасэнсаваннем пачатковага г у якасці пратэтычнага і заменай яго в‑ пратэзай; параўн. гузды́р ’тс’ (лун., Шатал.), д устаўное, як у здрачо́кзрэнка’ і пад. Параўн. вузы́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зыр1 ’адкрытае месца’. Параўн. укр. зір ’зрок’. Апафанічны варыянт кораня, прадстаўленага ў зрок, зрэнка, зара, зорка (гл.) са ступенню i > y.

Зыр2 ’халодны, пранізлівы вецер’, зы́рыць ’прыпякаць (пра мароз)’, зы́рка ’горача’ (Сл. паўн.-зах.), зыр ’гарачыня, спёка, жар’ (тураў., ТС). Верагодна, перанос ад зыр1, на што ўказваюць антанімічныя значэнні ў розных рэгіёнах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карэо́псіс

(н.-лац. coreopsis, ад гр. kore = зрэнка + opsis = выгляд)

травяністая расліна сям. складанакветных з жоўтымі, цёмна-пурпуровымі або карычневымі кветкамі ў кошыках, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

źrenica

źrenic|a

ж.

1. зрэнка;

2. часцей мн.

~y кніжн. вочы, позірк;

strzec jak ~y oka — берагчы, як зрэнку вока

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лькозрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)