прытаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

Схавацца або прыцішыцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. Краўчанка. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна узіраецца перад сабою. Колас. // Прыціхнуць, замерці. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых. Валька выпіла з імі паўчаркі, легла на печы з Верачкай і прытаілася. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зайсці́ся 1, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. зайдзіся; зак.

Разм. Тое, што і зайсці (у 1 знач.). [Лабыш:] О, нешта ж нядобрае будзе: леснічыха на вяселле зайшлася. Козел.

зайсці́ся 2, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.

1. Страціць пачуццё, замерці, знямець. А зірнуў бы сюды [у бібліятэку] пан Баркоўскі цяпер — напэўна зайшоўся б ад злосці. Брыль. // Разм. Памерці. Сухотлівая сястра без догляду зайшлася. Чорны. // Анямець, страціць адчувальнасць (ад холаду, марозу). Пальцы зайшліся ад холаду. Зубы зайшліся ад халоднай вады. // (у спалучэнні са словамі «душа», «сэрца»). Сціснуцца, замерці, перастаць адчувацца. «Няўжо заўважылі?» — ад трывогі ў Сашы зайшлося сэрца. Новікаў.

2. Пачаць нястрымна плакаць, смяяцца, кашляць і пад. Зайсціся ад смеху. □ [Сабакі] кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Чорны. Дзіця аж зайшлося ад болю. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Замерці, змярцвець (ад жаху, нечаканасці і пад.). Азірнулася — умлела: Валіць следам ён [Дамянік], як дым. Колас. Убачыўшы чалавека з наганам, .. Іван умлеў. Лобан. Умлеў Шчаслівец... Сярод залы Стаіць ні мёртвы ні жывы. Бачыла. // Абамлець, страціць прытомнасць. З-пад задняй сцяны абзываецца чалавек у рудой кучомцы з чорным шалікам на шыі: — Пачынай, бо зараз дзед умлее. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усты́ць, устыну, устынеш, устыне; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Застыць, згусціцца пры астыванні. Халадзец устыў. // Зацвярдзець ад холаду. Зямля ўстыла — не ўкапаць.

2. Азябнуць, замерзнуць. Пакуль.. [Парамон] там з гусаком важдаўся ды пакуль, абвязаўшыся вяроўкаю, вылез, то так устыў, што і на гарачай печы не мог угрэцца. Лобан. // перан. Стаць нерухомым, замерці. Наш чалавек аж устыў там, дзе стаяў. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

обмере́ть сов., разг.

1. (лишиться чувств) абамле́ць, самле́ць, абме́рці;

2. (оцепенеть) заме́рці, умле́ць;

обмере́ть от стра́ха (у́жаса) абамле́ць ад стра́ху (жа́ху);

се́рдце у меня́ о́бмерло сэ́рца ў мяне́ заме́рла.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ёкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ёкаць (у 1 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуцца, неспадзявана замерці ад чаго‑н. (пра сэрца). Ля дзвярэй адразу спаткаў барадаты швейцар з залатымі лампасамі і паглядзеў з такой ганарыстай важнасцю, што ў мяне ёкнула сэрца. Карпюк. Тады сэрца .. [Тамары] ёкнула, на нейкі момант спынілася, а потым закалацілася часта-часта. Васілёнак. / у безас. ужыв. Хлопцы пайшлі, а ў Макара ёкнула ў грудзях. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць нерухомым, замерці, знямець. — Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў. Лынькоў. Прыдушаная нечуванаю бядотаю, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца. Якімовіч. // Страціць адчувальнасць, адзеравянець. [Мікалай:] — Эх, і любіла.. [Ніна] песні! Да поўначы іншы раз слухала. У мяне ўжо адранцвеюць пальцы, а яна ўсё просіць іграць і пець. Шашкоў. Малілася [Лісавета] горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

zamrzeć

zam|rzeć

зак. замерці; застыць; спыніцца;

ruch uliczny ~arł — вулічны рух спыніўся;

dech mu w persiach ~arł — яму дух заняло

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.

2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.

2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.

3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)