мі́на1

(ням. Mine, ад фр. mine)

1) разрыўны снарад, які выкарыстоўваецца як сродак загароды на сушы і моры (напр. супрацьтанкавая м., плывучая м.);

2) снарад для стральбы з мінамёта (напр. асколачная м., фугасная м.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бо́ны 1, ‑аў; адз. бона, ‑ы, ж.

1. Крэдытныя дакументы, якія даюць уладальніку права на атрыманне паказанай у іх сумы ў вызначаны тэрмін ад пэўнай асобы або ўстановы.

2. Часовыя папяровыя грошы, якія выпускаюцца звычайна мясцовымі ўладамі.

3. Папяровыя грошы, якія больш не ўжываюцца, а выкарыстоўваюцца для калекцыі..

[Фр. bon — талон, чэк (на плацеж).]

бо́ны 2, ‑аў; адз. бон, ‑а, м.

1. Плывучая загарода, якая выкарыстоўваецца пры лесасплаве, а таксама плывучыя загароды, якія перашкаджаюць варожым караблям праходзіць з мора ў гавань.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Штучна зробленая перашкода. Мінная загарода. Аэрастаты паветранай загароды. □ Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Будавалі драцяную загароду. Хомчанка.

2. Агароджа, загарадзь (у 1 знач.). Машына, на якой прыехалі Павел Андрэевіч і прафесар, з павароту паціху прайшла за высокую загароду прасторнага.. двара. Галавач.

3. Тое, што і загарадзь (у 2 знач.). Не прывяла Зося ад бацькі каровы, вось і пустуе загарода ў Верамейчыкавым хляве. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бара́ж

(фр. barrage)

1) загарода ў паветры з прывязаных стальнымі тросамі аэрастатаў, якая перашкаджае палёту самалётаў праціўніка;

2) сукупнасць сродкаў загароды супраць надводных і падводных караблёў;

3) падпорная сценка на горных участках чыгункі для аховы яе ад размыву.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лажэтнік1, лажэчнік ’прыстасаванне (месца ў паліцы з выемкамі) для захоўвання лыжак’ (Сцяшк., ТСБМ, ТС; ваўк., КЭС), пераноснае ’ручка лыжкі’ (івац., Сл. паўн.-зах.). У выніку распадабнення суседніх ж і ш апошняе перайшло ў т. Утворана ад зах.-бел. ложка і суф. ‑еш‑нік, як і іншыя гродз. рэгіяналізмы, напр., качаргешнік, памялешнік (Сцяцко, Афікс. наз., 153).

Лажэтнік2 ’від загароды ў вадаёме для лоўлі рыбы’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.) у выніку пераносу з лажэтнікі, які з пастаўленымі ў ім лыжкамі выглядае як рашотка, параўн. гриткі ’рашотка’, ’пярэплат’, в.-дзв. ’жэрдкі ў асеці, на якіх сушылі снапы’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,

1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.

2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр.в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.

Літ.:

Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шчыт, -а́, М -ыце́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Прадмет старажытнай ручной зброі ў выглядзе круглаватай прамавугольнай плоскасці (з дрэва, металу і пад.) для засцярогі ад удараў, стрэл.

Абараняцца шчытом.

Каваны ш.

2. Агароджа, прыстасаванне ў выглядзе металічных пліт, збітых дошак і пад.

Ш. артылерыйскай гарматы.

Супрацьснежныя шчыты.

3. Франтон двухскатнага даху.

4. Вялікая мішэнь для артылерыйскай стральбы на моры (спец.).

5. Дошка, на якой змяшчаюцца прадметы для паказу, агляду.

Шчыты з дыяграмамі.

Ш. для насценгазеты.

6. Дошка, на якой зманціраваны вымяральныя і кантрольныя электрапрыборы.

Ш. кіравання.

Размеркавальны ш.

7. Верхняя рухомая частка пласціны для рэгулявання ўзроўню вады (спец.).

8. У будаўніцтве зборных канструкцый: гатовая частка сцяны, перакрыцця, загароды і пад.

9. Устройства для праходкі тунэля (спец.).

Праходка шчытом.

10. Прыстасаванне, на якім умацавана карзіна для гульні ў баскетбол (спец.).

Падняць на шчыт каго-н. — узвысіць, расхваліць (высок.).

Са шчытом або на шчыце (вяртацца, прыходзіць і пад.) — з перамогай, з поспехам або пераможаным.

|| памянш. шчыто́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 2—6 знач.).

|| прым. шчытавы́, -а́я, -о́е (да 2—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,

спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн. чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс. чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял. гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс. чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав. вайск. часцей (гл. Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Літ.:

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)