ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),

1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.

2) Умузыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).

Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф. праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.А.Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.Грэтры, Э.Меполя, Л.Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.Вагнер, Дж.Вердзі, Ш.Гуно, Ж.Бізэ, Ж.Маснэ, М.Мусаргскі, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, Р.Штраус, К.Дэбюсі, А.Берг, Л.Яначак, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, А.Пятроў, Р.Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.Скрабін і інш.

У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.Аладава, А.Багатырова, А.Бандарэнкі, Г.Вагнера, В.Войціка, С.Картэса, Дз.Лукаса, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, У.Солтана, Я.Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.Глебава, В.Залатарова, У.Кандрусевіча, М.Крошнера, А.Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.Суруса і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как продесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983.

А.М.Пяткевіч (літаратура), Г.Р.Куляшова (музыка).

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т.л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.М.Кулагін (архітэктура), А.А.Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)