Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Дамінанта (фізіял.) 4/132
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТАў музыцы,
назва гуку 5-й ступені ладу; у гармоніі — адна з функцый танальных у мажоры і міноры, якая валодае інтэнсіўным імкненнем да тонікі. Аснова акордаў Д. — трохгучча 5-й ступені ладу. Функцыю Д. (D) выконваюць і акорды, якія будуюцца на VII і III ступенях, а таксама розныя відазмяненні асн. акорда (дабаўленне дысанансаў, лінеарных і заменных тонаў, увядзенне альтэрацыі, пропуск прымы і інш. тонаў), некат. падобныя па ролі ў танальнасці акорды (напр., «дубль-Д.» — акорд з павялічанай секстай на нII ступені).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш.нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл.гл. да арт.Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт.дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў Мінску. Пабудавана ў 1898 на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Мураваны крыжова-купальны 4-стаўповы 3-нефавы храм з 3-граннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, над сяродкрыжжам якой узвышаецца масіўны купал на 8-гранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінанта кампазіцыі — 2-ярусная вежа-званіца з шатровым пакрыццём — размешчана над прытворам. Пластыку фасадаў узбагачаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. Інтэр’ер багата дэкарыраваны. У прытворы — мемар. дошка з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артыл. брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).
Літ.:
Церковь Святого Благоверного Великого Князя Александра Невского, 1898—1998 / Автор текста Г.Шейкин. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.
Т.В.Габрусь.
Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.