АМЫЛЕ́ННЕ,

хімічная рэакцыя пераўтварэння вытворных арган. кіслот (эфіраў, нітрылаў, амідаў, хлорангідрыдаў і інш.) у кіслоты ці іх солі гідролізам. Адбываецца ў прысутнасці шчолачы ці неарган. кіслаты, пры ўдзеле ферментаў. Напр., гідроліз складанага эфіру з утварэннем кіслаты і спірту: RCOOR​1 + H2O → RCOOH +R​1OH. Тэхн. характарыстыка тлушчаў — лік амылення (колькасць мг КОН, неабходная для амылення 1 г складанага эфіру). Для жывёльных тлушчаў роўны 170—260, алеяў — 170—200, пчалінага воску 88—103. З алеяў і жывёльных тлушчаў амылення атрымліваюць гліцэрыну, вышэйшыя тлустыя кіслоты і іх солі — мыла (адсюль назва рэакцыі).

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

папаі́н

(н.-лац. papaina, ад ісп. papaya = папайя)

раслінны фермент, які каталізуе гідроліз бялкоў, пептыдаў, амідаў і складаных эфіраў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІ ЗАМЯШЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.

З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гідрала́зы

(ад гр. hydor = вада)

клас ферментаў, якія запавольваюць або паскараюць працэсы гідралітычнага (гл. гідроліз) расшчаплення складаных арганічных рэчываў у арганізмах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НУКЛЕАЗІ́ДЫ,

злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аніге́на

(н.-лац. onygena)

сумчаты грыб сям. анігенавых, які развіваецца на рагах і капытах буйной рагатай жывёлы, коней, авечак, пер’і птушак, выклікае гідроліз рагавога рэчыва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

глютаміна́за

[ад лац. glut(en) = клей + аміны]

фермент з групы дэзаміназаў, які каталізуе гідроліз і сінтэз глютаміну, выконвае вялікую ролю ў азоцістым абмене жывёльных і раслінных арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАДА́, аксід вадароду,

найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх ​1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл. Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.

Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H​+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH​), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.

Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт. Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​, другасныя [R2NH2]​+X​, трацічныя [R3NH]​+X​ і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІЗ (ад грэч. glykys салодкі + ...ліз),

адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідролізасн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл. Браджэнне).

А.​М.​Ведзянееў.

Схема гліколізу.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)