НУКЛЕАЗІ́ДЫ,
злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)