АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),

погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.​Гельвецый, Л.​Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.​Марсель, А.​Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.​Мура і Б.​Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.​Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.​Карнап, Г.​Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.​Райл, Дж.​Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).

Літ.:

Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТО́ЦЕЛЬ (Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.

Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.​Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.​Будны, Л.​Зізаній, А.​Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.​Скарульскі, С.​Шадурскі, Б.​Дабшэвіч, К.​Нарбут).

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—4. М., 1976—83;

Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;

Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;

Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.

Г.​У.​Грушавы.

Арыстоцель.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)