РЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. reformatio пераўтварэнне),
шырокі сац.-паліт. і ідэалаг. рух у Еўропе ў 16 ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў паліт. сістэме грамадства; прывёў да ўзнікнення розных форм пратэстантызму. Ідэйнымі крыніцамі Р. былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтоўвалі прынцыпы бурж. індывідуалізму. Гал. месца ў ідэалогіі Р. займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне — Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царк. саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі Р. патрабавалі адмены царк. дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царк. маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самаст. дэмакр. самакіравальных танных нац. цэркваў. Пачаткам Р. лічыцца выступленне 31.10.1517 праф. тэалогіі Вітэнбергскага ун-та ў Германіі М.Лютэра, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. У ліку вядучых тэарэтыкаў Р. былі тэолагі У.Цвінглі і Ж.Кальвін (бюргерска-бурж. кірунак) і святар Т.Мюнцэр (сялянска-плебейскі кірунак).
На Беларусі Р. была абумоўлена глыбокімі сац.-гіст. прычынамі і паўплывала на ўсе бакі нар. жыцця. Гараджане імкнуліся вызваліцца ад феад. залежнасці, магнаты і шляхта разлічвалі захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы, гар. нізы і сялянства змагаліся супраць уціску свецкіх і царк. феадалаў, хоць сял. масы не прынялі шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе. На фарміраванне Р. на Беларусі паўплывалі зах.-еўрап. гуманізм, гусіцкая ідэалогія, вучэнні правадыроў еўрап. Р. (асабліва кальвінізму), ідэі рус. вальнадумства. Першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны 16 ст. У 1535 слуцкі кн. Ю Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Але лютэранства не атрымала тут вял. пашырэння. У 1550-я г. ў духу кальвінізму рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Глыбокім, Івянцы, Оршы, Смаргоні і інш. Р. падтрымалі буйныя феадалы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. У 1557 у Вільні адбыўся ўстаноўчы сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Да 1560 рэфармацыйны рух на Беларусі набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю, якая адрознівалася ад зах.-еўрап. кальвінізму большай цярпімасцю. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. У 1560-я г. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак — антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыніяне. Своеасаблівасцю Беларусі было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзельнічалі і выхадцы з правасл. царквы. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 на Беларусі пачалося наступленне Контррэфармацыі, большасць магнатаў перайшла ў каталіцтва, што прадвызначыла згасанне Р. У 17 ст. большасць пратэстантаў была вымушана вярнуцца ў каталіцызм; тыя, што заставаліся пратэстантамі, абмяжоўваліся ў правах. У 1658 прынята пастанова соймавага суда аб выгнанні антытрынітарыяў з Рэчы Паспалітай. Р. актыўна ўздзейнічала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фарміраванне бел. народнасці і станаўленне нац. самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё л-ры, асветніцкай дзейнасці. Р. падарвала аўтарытэт афіц. тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў.
Літ.:
Смирин М.М. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. 2 изд. М., 1955;
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970;
Дмитриев М.В. Православие и реформация: Реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księsiwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.
Г.У.Грушавы, В.Ф.Шалькевіч.
т. 14, с. 30