археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жа́бры, жабры ’жабры’ (Нас., Бяльк., Шат.), зя́бры (Касп., Яўс.), шчы́бры (Нас.). Рус.жа́бры, паўд.зя́бры ’жабры, сківіцы’, укр.зя́бра, жа́бри ’жабры; гакі на восцях’, балг.дыял., макед.жабри, славац.žiabre, чэш. (< рус.Махэк₂, 721), в.-луж. (запазычанае, паводле Пфуля, 1039) žabra. Шанскі (1, Ж, 272) лічыць верагодным суфіксальнае (з суф. ‑r‑) утварэнне ад той самай асновы, што жа́ба ’рот, горла > хвароба рота, горла’, роднаснае ням.Kiefer ’сківіца’ (Хірт, BB, 24, 258), авест.zafarə ’рот, зяпа’ (Махэк₂, 721). Паводле Фасмера (2, 31), апошнія параўнанні недастаткова абгрунтаваныя. Міклашыч (405) параўноўваў з літ.žióbris, žiobrỹs ’рыба Abramis vimba’, што няпэўна фанетычна і семантычна. Патабня (РФВ, 4, 210) выказваў думку пра сувязь з губа і ст.-інд.jámbhatē ’хапае’, што мала верагодна. Параўн. яшчэ літ.žeberúoti ’лавіць восцямі’, žebérklas ’восці, гарпун’ у сувязі з укр. значэннем. Ці не звязана з жаваць (гл.)? (І.‑е. *gi̯eu‑ магло атрымаць падаўжэнне ‑r‑, *u̯ > w > b). Няясна.