Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЭ́ННЕ,
археалагічная стаянка эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Зацэнне Лагойскага р-на Мінскай вобл. У зах. частцы стаянкі непасрэдна пад мацерыком выяўлены рэчы, блізкія да ранняга этапу нарвенскай і нёманскай культур (крамянёвыя скрабкі, нажы, касцяныя наканечнікі стрэл, шматзубы гарпун, фрагменты вастрадонных гаршкоў і інш.), абломак чоўна-даўбёнкі сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Ва ўсх. частцы ў верхнім пласце знойдзена кераміка сосніцкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,
халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял.Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.Панчанку, Ю.Свірку, А.Ставера, кампазітара Н.Сакалоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт.Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.
М.М.Чарняўскі.
Касцяныя скульптура і гарпунпаўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.