АВЁС (Avena),

род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст. н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).

Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс. га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.

Літ.:

Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.

Авёс: 1 — пасяўны; 2 — шчаціністы.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ржа ’іржа’ (ТСБМ, Сцяшк.; карэліц., Нар. лекс.; ТС; віл., Сл. ПЗБ), ’іржа на лёне’ (віц., Шн. 3); ’ржавая вада (на балоце)’ (ветк., Мат. Гом.; барыс., Сл. ПЗБ), ’балота з жалезнай рудой’ (жытк., нясвіж., слаўг., стол., Яшк.), ржа, іржа́, аржа́ ’рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ’галаўня’ (шуміл., Сл. ПЗБ), ’ношка на лапках пчалы’ (бабр., ЛА, 1). Да іржа 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасця́к, ‑а, м.

Разм. Прастадушны, бясхітрасны і недалёкі чалавек. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абыйсці цябе цішком... Валасевіч. Галаўня паступова мяняў думку наконт Сцяпана. «Ён не які-небудзь прасцяк. Бач якімі доказамі шпурляе». Гроднеў. Аўтару вадэвіляў і гумарыстычных апавяданняў, Міхасю Чароту былі зразумелыя пажаданні Міровіча, тым больш, што і ў «Хатцы», і ў Галубка ён сам іграў на сцэне вясёлых прасцякоў. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галаве́шка (БРС, Касп., Сцяшк. МГ, Нас., Шат.). Па паходжанню гэта спачатку памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка’, утвораная суфіксам *‑eš‑ьka (параўн. суф. *‑exa). Суфіксы з элементам x звычайна злучаюцца са словамі ў іх усечанай форме (звычайна выпадае склад або толькі зычны). Калі асноўнае слова (*галаўня) знікла з ужытку, у яго функцыі распаўсюдзілася вытворнае галавешка (таксама галавешка, гл.; але гэта апошняе толькі ў частцы дыялектаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька 1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька 2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сняце́й, снэтэ́й ‘сажа (хвароба хлебных злакаў)’ (бяроз., Шатал.), сніце́й ‘тс’ (івац., Нар. сл.), снытэ́й ‘тс’ (пін., Кольб.; стол., Нар. лекс.), сняты́й, сніт ‘тс’ (палес., гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76 і наст.), смяце́й, смяця́й ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), снітэ́й, снэтэ́й ‘тс’ (Сл. Брэс.). Укр. снить, сніті́й, сміті́й ‘тс’, польск. дыял. śnieć, в.-луж. sněc, snjeć, н.-луж. sněś, чэш. sněť, snět, серб.-харв. сни̏јет ‘тс’, смѐтлика ‘галаўня ў кукурузы’, славен. snẹ̑t, smet, smetljaj ‘галаўня ў збожжы’, балг. сне́тей ‘тс’. Прасл. *snětь, *snětъ ‘сажа’ Махэк₂ (564) лічыць звязаным з чэш. nítiti ‘распальваць агонь’, прасл. *gnětiti ‘запальваць’; гл. яшчэ Мяркулава (Очерки, 64), якая падкрэслівае натуральнасць семантычнага развіцца; ‘запаліць агонь’ → ‘абпаленае палена, галавешка’ → ‘раслінная сажа’; да семантыкі параўн. са́жа, рус. головня́, серб.-харв. га́ра, нова-в.-ням. Brand (ад brennen ‘гарэць’) ‘тс’. Менш верагодныя супастаўленні Шустара–Шэўца (1326–1327) з прасл. *snetъ ‘калода’ (гл. снет), а таксама рэканструкцыя прасл. *sъ‑gnětъ (Скок, 3, 297), супраць чаго Бязлай, 3, 279–280; гл. яшчэ Фасмер, 3, 698–699; Будзішэўска, Słown., 300; Міклашыч, 312; ЕСУМ, 5, 336–337.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́. Слова прасл. паходжання: рус. голова́, укр. голова́, польск. głowa, чэш., славац. hlava, ст.-слав. глава, балг. глава́, серб.-харв. гла́ва і г. д. Прасл. *golva (acc. sg. *golvǫ). Роднасныя: літ. galvà, ст.-прус. galwan (acc. sg.). Далейшыя сувязі няпэўныя. Падрабязны агляд версій гл. Фасмер, 1, 429; Слаўскі, 1, 292–293. У якасці геаграфічнай назвы ў бел. мове вядома галава́ ’паўвостраў на павароце рэчкі; калена ракі’ (Яшкін). Прасл. golva дае шмат вытворных праславянскага характару: галава́, галаве́нь, галаві́зна, галаўня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, мікозы,

інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.​В.​Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ушчамі́цца, ушчамлюся, ушчэмішся, ушчэміцца; зак.

1. Аказацца заціснутым, сціснутым з двух бакоў; зашчаміцца. [Свіння] то ўшчэміцца ў плот, то ўлезе ў шкоду, то раптам выпрастаецца на дарозе і імчыцца нема-ведама куды. Чарнышэвіч. Левая нага мая ушчамілася паміж бярозак. Жычка. // Уціснуцца, усунуцца; прымасціцца дзе‑н. [Ірма:] — Ведаю, цябе зноў цягне мора. Але сёння пасля шторму, там [на пляжы] з лежаком не ўшчэмішся. Карамазаў. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму пашэнціла ўшчаміцца і расцягнуцца на верхніх паліцах, не браў сон. Грахоўскі.

2. Трапіць куды‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. [Шабета:] — К[о]жны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Мележ. // перан. Уладкавацца на работу. — Хваліўся [Покат] мне, — падхапіў Галаўня, — што быў на Урале, у шахце. І адтуль, відаць, выкурылі. Цяпер да нас хацеў ушчаміцца. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таба́ка 1 ’тытунь’, (ТСБМ, Пятк. 2, Бяльк., Растарг., Федар. 4, Юрч., Шат.), ’цёрты тытунь для нюхання’ (Нас., Ласт.), ’расліны Nicotiana tabacum L., Nicotiana rustica L.’ (Касп., Кіс.), ’травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі’ (ТСБМ), таба́к ’тытунь’ (Кіс., Сцяшк.), сюды ж дэмінутыў тобочо́к ’стрэлкі, Capsella bursa pastoris L.’ (Бейл.), а таксама далейшыя дэрываты таба́чыць ’курыць’ (Нар. Гом.), табачко́вы ’колеру тытуню’ (Нас., Сцяц. Сл.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), семантычна непразрыстае таба́чны сук ’першы ад зямлі сухі сук на лісцевых дрэвах’ (Нар. лекс.) і перан. таба́ка ’колкі папрок’: дав я ему табакі, аж нос завернув (Нас.). Укр. таба́к, таба́ка ’табака’, рус. таба́к ’табака, тытунь’, табачные сучья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль), польск. tabaka ’табака’, tabak ’лісты тытуню’, н.-луж. tubak ’тытунь’, в.-луж. tobak ’тс’, чэш. tabák ’тс’, славац. tabak ’тс’, славен. tobak ’тс’, серб.-харв. дыял. та̀бāк ’тс’ (звычайна ду̀вāн). Слова распаўсюдзілася ў Еўропе з пачатку XVII ст., у старабеларускай мове табака (табакъ) ’махорка’ зафіксавана ў 1638 г. як запазычанне са ст.-польск. tabaka (1621 г.). Першакрыніцай заходнееўрапейскіх слоў, адкуль адбылося паўторнае запазычанне ў беларускую, менавіта ням. Tabak ’тытунь’, франц. tabac ’тс’, нідэрл. tabák ’тс’ — з’яўляецца ісп. tabaco ’тытунь’. Усходнім славянам слова стала вядома раней, чым адпаведныя расліны з’явіліся на іх землях, — ад падарожнікаў, наёмных салдат-замежнікаў і інш. (Чарных, 2, 223; Булыка, Лекс. запазыч., 151; ЕСУМ, 5, 498).

Таба́ка 2 ’спарыння’ (Сцяшк.), ’галаўня’ (Сл. ПЗБ), ’захворванне пшаніцы, пры якім зерне ператвараецца ў чорны парашок’ (Скарбы), ’сажа ў просе’ (Лекс. Бел. Палесся), табака́ ’галаўня ў просе, ячмені, пшаніцы’ (зах.-бел., ЛА, 2). Укр. таба́ка кукуру́зяна ’сажка кукурузы, Ustilago maydis’. Перанос назвы (гл. папярэдняе слова) на паразітныя грыбы з-за знешняга падабенства (чорны пылок на коласе), гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76; ЕСУМ, 5, 498.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)