БАЙДА́РКА, каяк,

вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал. або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гребе́ц

1. (на лодке) вясля́р, род. весляра́ м.;

2. (на сенокосе) грабе́ц, -бца́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Kanúte m -n, -n спарт. канаі́ст (вясляр на каноэ)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

грабе́ц, ‑бца, м.

1. Той, хто грабе, працуе з граблямі. Пабялеўшыя пракосы, накошаныя з рання, перакідаліся грабцамі на другі бок. Гартны.

2. Разм. Тое, што і вясляр. Гоніць чайку грабец. На другім канцы сядзіць са стрэльбаю паляўнічы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Пратага́ніць, протага́ніць ’прывязаць лодку’ (ТС), протага́нка ’вяроўка, якой прывязваюць лодку’, протага́ншчык ’вясляр, які абавязаны прывязваць і адвязваць лодку’ (ТС). Да тага́ніць ’цягаць’ (Нас.), што да таган(ы) ’трыножнік, да якога прывязвалі калыску, кацёл і пад’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

загребно́й спорт., мор.

1. прил. / загребны́е вёсла кармавы́я вёслы;

загребна́я сторона́ ле́вы бо́к;

2. сущ. кармавы́ вясля́р.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ба́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бака ​2. Бакавы вясляр.

2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.

бакавы́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.

2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.

•••

Бакавая лінія гл. лінія.

Бакавая падача гл. падача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маладзе́ц, Р. скл. малайца, мыладзец, молодзец ’статны, атлетычнага складу малады чалавек’, ’малайчына, зух’, ’жаніх’, малайца́ ’тс’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Касп., Бяльк., ТС, Федар. 6, Яруш.); маладзе́цкі ’здаровы’ (брасл., Сл. ПЗБ; ТСБМ). Апошняе, аднак, паводле Крукоўскага (Уплыў, 61) — запазычанне з рус. мовы. Укр. молодець, рус. молодец ’тс’, польск. młodziec ’жаніх на вяселлі’, ’адростак’ ст.-чэш. mladec, славен. mládec ’юнак’, ’слуга’, ’жаніх’, серб.-харв. mladac ’жаніх’. Прасл. moldьcь ’юнак’. Да малады́ (гл.).

Маладзе́ц 2, мыладзе́ц, мъладзе́ц ’парабак, наёмны (на 1 год) работнік’ (Грыг., Нік., Оч. 2, Касп.), бешан. ’рабочы на плыце, падначалены ў галоўнага сплаўшчыка’ (Нар. сл.). Рус. молоде́ц ’прыказчык, работнік’ (Зах. Дзвіна), ’рабочы-вясляр на пярэднім канцы плыта’. Бел.-рус. ізалекса. Аналагічна серб.-харв. мла̏ђи ’слугі, чэлядзь’. Да маладзец 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЕРГІЕ́ВІЧ (Пётра) (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),

бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся на маст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел. нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.​Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.​Багушэвіча, М.​Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.​Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш. Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.​Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.​Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.​Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял. Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.​Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Жывапіс.

Тв.:

Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.

Літ.:

Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;

Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;

Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.

Л.​У.​Салодкіна.

П.Сергіевіч. Шляхам жыцця. 1934.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вясло́ 1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́ 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілка ’ручка чайніка’ (гл.).

Вясло́ 3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом. ’лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)