БАЙДА́РКА,

каяк, вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал. або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)