фарбава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны; незак., што.

1. Пакрываць або насычаць фарбай.

Ф. сцены.

2. Пра нетрывала, няякасна або нядаўна афарбаваныя рэчы: пэцкаць (разм.).

3. Падмалёўваць вусны, вейкі і пад.

|| зак. пафарбава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны (да 1 і 3 знач.), афарбава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны (да 1 знач.) і вы́фарбаваць, -бую, -буеш, -буе; -буй; -баваны (да 1 і 3 знач.).

|| наз. фарбава́нне, -я, н. (да 1 і 3 знач.), афарбо́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж. (да 1 знач.) і пафарбо́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж. (да 1 знач.).

|| прым. фарбава́льны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ве́ялка1 ’драўляны шуфлік для ручнога веяння зерня’; ’машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны’ (КТС, БРС, Выг., Бяльк., Шат., Яруш., Сцяшк. МГ), брэсц. ві́ялка драўляны савок, якім веялі ўручную’ (Сіг.). Укр. ві́ялка, рус. ве́ялка, польск. wiałka, макед. веалка ’тс’, балг. веялка ’веялка’; ’цура, зробленая ў першы тыдзень вялікага посту ў гонар летняга ветру, які лічыўся духам, што дапамагаў у час малацьбы’. Утворана ад vějadlo (параўн. ст.-рус. вѣяло ’лапата’, н.-луж., в.-луж. vějadło ’веялка’) і суф. ‑к‑а. Да веяць (гл.). Побач з суф. ‑л‑ка на слав. тэрыторыі маюцца ўтварэнні ад веяць з іншымі суфіксамі са значэннем Nomina instrumenti: бел. палес. ве́янка, ве́ячка, укр. ві́ячка, ві́яльніца, рус. ве́янка, ве́йніца, ве́йка, балг. веячка, в.-луж. wějawa, чэш. věječka, viječka, vejačka, польск. wiejalnia, wiejacha, уст. wiejaczka.

Веялка2, ве́ялкі ’вейка, вейкі’ (БРС, шчуч., навагр., маст., Сцяшк. МГ, КЭС, Жд., 1, З нар. сл.) — рэгіянальнае беларускае кантамінаванае ўтварэнне ад вейка, веяць (гл.) не без уплыву лексемы веялка1 (гл.).

Веялка3 ’павека’ (навагр., КЭС) узнікла шляхам семантычнага пераносу па сумежнасці ад лексемы веялка2. Адваротны пераход назіраецца ў рус. арханг. веко ’вейка’, йонаўск., прэйл. ве́кивейкі’ пры рус. веко ’павека’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́йка (БРС, Шатал., Сцяшк. МГ). Укр. ві́я, ст.-чэш. vějička, povějе ’павека’, славен. vejiceвейкі’. Прасл. *věi̯a ’тс’. Гэта апошняе можа быць метафарычным ужываннем слова *věi̯a ’галінка’ (ст.-слав., ст.-рус. вѣя), рус. вея, балг. ве́йка, славен. vẹ̑ja ’галінка’, чэш. vějice, vějička ’прыманка (лазінка, змазаная клеем, каб лавіць птушак і мух)’, «вейка» ’штосьці пушыстае, касматае, з бахрамой, быццам галінка з лісцем’. Але можна думаць і пра непасрэднае ўтварэнне ад *věi̯ati ’веяць, дуць’. Гл. Махэк₂, 681 (але няма неабходнасці параўноўваць гэта слова з прасл. *vědi̯a ’павека’, ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’павека’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.

1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.

2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.

3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.

2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.

3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагасі́ць, ‑гашу, ‑гасіш, ‑гасіць; зак., што.

1. Спыніць гарэнне; патушыць. Пагасіць лямпу. □ [Кавалёва] пагасіла агонь і лягла ў пакоіку з дзецьмі. Дуброўскі.

2. перан. Не даць развіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Пагасіць гнеў. □ Хай аднаму мне сэрца коле, Я пагашу ў душы свой боль. Прыходзька. Вейкі прыжмурыліся, пагасілі агонь нянавісці, які нечакана ўспыхнуў у самай глыбіні вачэй. Новікаў.

3. Спыніць дзеянне чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Пагасіць паштовую ларку. Пагасіць аблігацыю. □ Асобам, якія маюць запазычанасць па абанементнай плаце, прапануецца неадкладна яе пагасіць. «Звязда».

4. Спец. Зменшыць сілу, дзеянне чаго‑н. Пагасіць парашут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.

2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.

2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.

3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі моцны, нястрымны ў сваім праяўленні (пра пачуцці). Дзейнасць пісьменнікаў прасякнута вялікім імкненнем адлюстраваць веліч і героіку свайго часу, страсным жаданнем сказаць сваё новае слова. Пшыркоў. // Пранікнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Страсныя спрэчкі. □ Рэвалюцыйная эпоха патрабавала баявога, страснага, палітычнадзейснага слова. Івашын.

2. Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Страсны барацьбіт за шчасце народа. // Уласцівы такому чалавеку, які належыць яму. Была ціша, і толькі здалёк, з танцавальнай пляцоўкі, далятаў сумны і страсны голас спевака: круцілі пласцінку. Караткевіч.

3. Здольны на моцнае каханне, страсць. Страсны чалавек. // Вельмі палкі, гарачы. Яшчэ трапяталіся смехам вейкі, як .. [Рэня] ўздыхнула і раптам парыўчата абняла .. [Алёшку], страсным пацалункам апаліла анямеўшыя губы яго, выхапіла з рук самавар і хутка знікла за форткай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.

2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.

3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.

4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)