колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,
здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫ ЛЁД,
лёд у тоўшчы мёрзлых горных парод і грунтоў у абласцях пашырэння шматгадовамёрзлых парод. Вылучаюць першасны П.л., які ўтвараецца ў працэсе прамярзання рыхлых адкладаў (лёд-цэмент) і другасны, які крышталізуецца з вады і вадзяной пары ў шчылінах (жыльны лёд), у порах і пустотах (пячорны лёд) або ўтвараецца на зямной паверхні і перакрываецца асадкавымі пародамі (пахаваны лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НЕЙ,
тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.
К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́,
атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГРЭ́Ў,
1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.
2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.
3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл.Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.