Сту́льцы ‘бульбяныя перапечкі’ (шуміл., ігн., Сл. ПЗБ), ‘густая каша з гарохавай мукі, халодная, парэзаная на шматкі’ (Анім. дад.), ‘стоўчаная ў ступе халодная каша з бульбы’ (Гіл.). Рус. пск. сту́льцы ‘пячэнне з гарохавай мукі, слупкі; слупкі квашаніны’. Відаць, ад стульцы ‘брускі’, памянш. да стулы (гл.), параўн. яшчэ рус. стул ‘рэч, тавар, прыпас у выглядзе абрубка або кола’. Арэальнае ўтварэнне, гл. таксама рус. пск. стульца́, сту́льчик, стуле́чек ‘цвёрды, застылы кусочак’, гл. Лутавінава, Псковские говоры, Ленинград, 1979, 35–38, дзе дапускаецца роднасць з літ. stýgti ‘тырчаць, рабіцца цвёрдым’. У сувязі з гэтым нельга выключыць утварэнне ад стуліць (гл.), параўн. сту́льны ‘сціснуты, збіты, густы’ (Ласт.). Параўн. стыльцы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

упо́перак, прысл. і прыназ.

1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.

2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.

•••

Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Іглі́ца ’іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Янк. I, Янк. III), ’папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Янк. III, Мат. Маг., Інстр. I, Інстр. II, В. В., 107), ’брусок, што злучае брусы з зубамі ў баране, праходзячы праз іх’ (Бяльк.), ’планка (у табурэтцы, стале)’ (Сцяц.), ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сецей’ (Крыв., 167). Рус. дыял. и́гли́ца, церск., урал. ’ігла для шыцця’, церск., сарат., наўг., урал., перм., цюмен. ’ігла для вязання сецей’, кастр. ’доўгі завостраны драўляны цвік’, тамб. ’жэрдка ў загарадзі, поручнях і г. д.’, паўд. ’папярочныя брусы бараны’, дан., паўд., смал., урал., разан. ’папярочны брусок, якім змацоўваюцца дошкі’ і іншыя вельмі блізкія значэнні: укр. гли́ця ’драўляная ігла’, ’хвоя, шыпулькі хвойнага дрэва’, ’баляса, слуп у поручнях, загарадзі’, ’папярочная злучальная жэрдка’, ’кладка’ (Грынч.), польск. iglica ’ігла, вязальная спіца’, ’вастрыё, верхавіна, пік’, ’жалезны кол’, н.-луж. jeglica ’іголка’, чэш. jehlice ’іголка, шпілька’, ’спіца’, славац. ihlica ’ігла, шпілька’, ’спіца’, ’драўляны ці металічны прут для замацавання ярма на шыі жывёлы’, славен. iglica ’іголка’, ’жалезны шворан у возе’, ’прут, які змацоўвае часткі ярма’, серб.-харв. ѝглица ’іголка’, ’ступенька, перакладзіна’, балг. игли́ца ’іголка’. Ст.-рус. иглица ’драўляныя брускі, якія выкарыстоўваюць пры будаўніцтве памяшканняў’, ’пякучы валасок некаторых раслін’ (XVII ст.). Прасл. утварэнне з суф. ‑ica ад *jьgъla (гл. ігла). Трубачоў, Эт. сл., 8, 214–215. Семантычны зрух у напрамку ’змацавальная жэрдка, перакладзіна, палка’ → ’завостраная на канцы палка’ → ’іголка’ → ’лісце хвойных дрэў’ (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)