НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.​Дэліба — Ф.​Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага — К.​Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева — К.​Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.​Крошнера — А.​Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.​Нікалаева, С.​Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.​Васільева, Я.​Вяпрынскі, Н.​Гурвіч, Л.​Крамарэўская, Н.​Майсеенка, Т.​Узунава, Ю.​Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.​Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.​Мінкуса, «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.​Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.​Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.​Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн. маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.​Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.​Глебава — А.​Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.​Стукалкінай (1963). Тэма Вял. Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.​Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.​Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.​Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.​Малышава і Л.​Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.​Бельскі, В.​Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.​Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.​Захараў, Н.​Конюс, А.​Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.​Давыдаў, Н.​Давыдзенка, І.​Дзідзічэнка, Т.​Караваева, А.​Карзянкова, Б.​Карпілава, В.​Крыкава, Р. і М.​Красоўскія, Малышава, Г.​Мартынаў, В.​Міронаў, Н.​Младзінская, Я.​Паўловіч, М.​Пятрова, Л.​Ражанава, І.​Савельева, Чахоўскі, М.​Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.​Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.​Лысік, Э.​Гейдэбрэхт, В.​Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.

У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.​Малера (1981), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.​Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.​Бржазоўская, І.​Душкевіч, У.​Іваноў, У.​Камкоў, Н.​Паўлава, С.​Пясцехін, В.​Саркісьян, Ю.​Траян, Н.​Філіпава, Т.​Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.​Вярцінскага і Г.​Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.​Купалы), «Крылы памяці» У.​Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.​Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.​Дрыга, І.​Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.​Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.​Вінаградаў, Ю.​Грыгаровіч, П.​Гусеў, Маёраў, І.​Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.​Гітгарц (1933—36), Н.​Грубін (1938-41), А.​Брон (1944—48), У.​Пірадаў (з 1948), Л.​Любімаў (1951—64), Г.​Дугашаў (1966—68), К.​Ціханаў (з 1969), Я.​Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.​Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.​Нікалаеў (з 1938), Я.​Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. СССР Елізар’еў, салісты балета нар. арт. Беларусі К.​Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.​Дадышкіліяні, У.​Далгіх, В.​Захараў, Р.​Мінін, А.​Фурман, Т.​Шаметавец, артысты Т.​Беранава, С.​Гарбунова, Ж.​Лебедзева, А.​Турко, нам. дырэктара нар. арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.​Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.​Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.​Подкіна, А.​Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.​Сямёнава, С.​Львовіч, Ч.​Шуба.

Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;

Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.

Ю.​М.​Чурко.

Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева. 1988.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. 1980.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.​Залатарова. 1949.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.​Адана. 1976.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.​Мдывані. 1995.

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),

стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктуры найб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.​Макінташа (Шатландыя), Х.ван дэ Велдэ і В.​Арта (Бельгія), А.​Гаўдзі (Іспанія), Э.​Гімара (Францыя), І.​Гофмана і І.​М.​Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.​Шэхтэля і Ф.​Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.​Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.​Берэнс у Германіі, А.​Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.​Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.​Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.​Клімта ў Аўстрыі, Ф.​Кнопфа ў Бельгіі, Э.​Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.​Т.​Гейне і Г.​Фогелер, швейцарац Ф.​Валатон, Мунк, француз Э.​Грасэ, чэх А.​Муха, у Расіі — А.​М.​Бенуа, К.​А.​Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.​Міне ў Бельгіі, Г.​Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.​Гале, упрыгожанні Р.​Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.​К.​Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.​А.​Фаміна.

У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч. арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.​Шабунеўскі, В.​Марконі, О.​Краснапольскі, А.​Альшалоўскі, Б.​Астравумаў, К.​Данцоў, К.​Шрэтэр, У.​Срока і інш.

Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.​Рушчыца, С.​Богуш-Сестранцэвіча, А.​Тычыны, Я.​Мініна, А.​Астаповіча, С.​Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.​Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.

Літ.:

Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;

Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.

В.​Я.​Буйвал, А.​М.​Кулагін, М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Мадэрн. Э.​Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.
Да арт. Мадэрн. Л.​Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.
Да арт. Мадэрн. Ч.​Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.
Да арт. Мадэрн. В.​Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.
Да арт. Мадэрн. Э.​Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.
Да арт. Мадэрн. Г.​Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.
Да арт. Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.
Да арт. Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.​Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.​Мерымэ, А.​Дзюма), ням. (Т.​Ман, Л.​Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.​Пушкін, Л.​Талстой, А.​М.​Талстой), польскай (Г.​Сянкевіч, Б.​Прус), укр. (Т.​Шаўчэнка, П.​Заграбельны, І.​Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» М.​Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.​Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.​Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.​Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.​Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.​Хурсік («Францішак Скарына»), М.​Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.​Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.​Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.​Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.​Лобана, «Петраград—Брэст» І.​Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.​Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.​Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.​Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.​Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.​Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.​Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.​Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.​Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.​Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.​Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.​Петрашкевіча, «Прымак» І.​Чыгрынава, «Купала» А.​Дударава, «Татры» А.​Бажко, «Настасся Мякота» Я.​Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.​Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.​Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.​Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.​Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.​Чаропка («Храм без бога»), К.​Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.​Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.​Сяднёва, «Споведзь» Л.​Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.​Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.​Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.​Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.​Учэла, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.​Веранезе, Тыцыян, Я.​Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.​Пусэна (Францыя), Д.​Веласкеса (Іспанія), П.​П.​Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.​Лебрэна (Францыя), Дж.​Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.​Зубава і І.​Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.​Л.​Давіда, А.​Гро і Ж.​Гудона (Францыя), А.​Ласенкі, Р.​Угрумава, І.​Мартаса (Расія), Дж.​Рэйналдса (Англія), Дж.​Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.​Гоі (Іспанія), Т.​Жэрыко, Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е (Францыя), А.​Рэтэля, К.​Лесінга (Германія), К.​Брулова, А.​Іванава (Расія), Я.​Матэйкі (Польшча), М.​Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.​Радэна, П.​Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), С.​Выспянскага, К.​Дунікоўскага (Польшча), І.​Мештравіча (Харватыя), М.​Несцерава, М.​Урубеля, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава, В.​Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.​Апсіта, В.​Васняцова, В.​Верашчагіна, М.​Ге, М.​Неўрава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, скульптура М.​Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.​Дзікса, Г.​Грундыга, Ф.​Крэмера, О.​Нагеля (Германія), П.​Пікасо, А.​Фужэрона (Францыя), Р.​Гутуза (Італія), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), А.​Забранскага, К.​Покарні (Чэхія), Н.​Тоніцы, Б.​Караджы (Румынія), С.​Русева, Э.​Баяджыева (Балгарыя), Дж.​Андраевіч-Куна (Сербія), Г.​Коса (Славенія), А.​Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.​Каварскага (Польша), Э.​Даманоўскага (Венгрыя), К.​Пятрова-Водкіна, К.​Юона, Б.​Кустодзіева, А.​Дайнекі, Б.​Іагансона, М.​Грэкава, Я.​Вучэціча, У.​Фаворскага (Расія), Д.​Рыверы, Х.​К.​Ароска, Д.​Сікейраса (Мексіка), У.​Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.​Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.​Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.​Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, К.​Альхімовіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, К.​Бароўскі, Я.​Траяноўскі, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў, А.​Ромер), графіцы (М.​Падалінскі, Т.​Кіслінг, М.​Андрыёлі, М.​Кулеша, Ф.​Дмахоўскі, А.​Гротгер), скульптуры (Г.​Дмахоўскі, Я.​Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.​Філіповіч, В.​Волкаў, І.​Ахрэмчык, Я.​Кругер, М.​Эндэ, У.​Хрусталёў, К.​Касмачоў, С.​Андруховіч, М.​Гусеў, Я.​Красоўскі, І.​Давідовіч, З.​Мірынгоф, П.​Сергіевіч, А.​Шаўчэнка, Х.​Ліўшыц, М.​Манасзон, А.​Мазалёў — у жывапісе; А.​Грубэ, А.​Бразер, М.​Манізер, А.​Бембель, М.​Керзін, З.​Азгур, А.​Глебаў, А.​Жораў — у скульптуры; І.​Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.​Зайцава, Г.​Бржазоўскага, Я.​Ціхановіча, З.​Паўлоўскага, А.​Шыбнёва, У.​Сухаверхава, І.​Стасевіча, Н.​Воранава, Ф.​Бараноўскага, А.​Гугеля, П.​Явіча, М.​Савіцкага, П.​Крахалёва, Л.​Рана, В.​Цвіркі, Л.​Асядоўскага, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, Б.​Аракчэева, Ф.​Дарашэвіча, І.​Белановіча, М.​Аўчыннікава, В.​Сахненкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, М.​Залознага (станковы жывапіс), Б.​Няпомняшчага, В.​Мігаль, І.​Рэя, У.​Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава, Азгура, А.​Анікейчыка, Г.​Мурамцава, У.​Слабодчыкава, М.​Канцавога, А.​Курачкіна, М.​Палякова (скульптура), А.​Кашкурэвіча, П.​Дурчына, С.​Геруса, А.​Дзямарына, Э.​Агуновіч, В.​Волкава, П.​Драчова, Р.​Маліноўскага, Л.​Асецкага, І.​Раманоўскага, Г.​Паплаўскага, С.​Раманава, Ю.​Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.​Кудрэвіч, П.​Сергіевіча, Л.​Дударанкі, А.​Марачкіна, Ф.​Янушкевіча, Г.​Вашчанкі, У.​Пасюкевіча, Л.​Шчамялёва, У.​Ткачэнкі, У.​Тоўсціка, А.​Цыркунова, У.​Мінейкі, І.​Бархаткова, Я.​Ждана, В.​Маркаўца, В.​Барабанцава, В.​Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.​Вакара, Л.​Гумілеўскага, Анікейчык, Э.​Астаф’ева, І.​Міско, М.​Рыжанкова, А.​Глебава, У.​Церабуна, В.​Янушкевіча, А.​Фінскага, А.​Шатэрніка (у скульптуры); Я.​Куліка, М.​Купавы, У. і М.​Басалыгаў, М.​Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.​І.​Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.​І.​Цыбульскі М.​Л.​Цыбульскі.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,

1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.

2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.

Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).

Пытанні эстэтыкі візант. рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.​Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.​Гіберці («Каментарыі»), Л.​Б.​Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.​Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.​Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.​Віньёла, Д.​Барбара, С.​Сермо, А.​Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.​Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.​Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.​П.​Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.​Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.​Феліб’ен, архітэктуру — Ф.​Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.​Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.​Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.​Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.​Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.​Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.​Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.​Феліб’ена, К.​Ф.​Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.​Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.​Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.​Дзідро зарадзілася прафес. маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.​Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.​Канта, Ф.​Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.​Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.​Меерам (Германія) і А.​К.​Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.​Констэбл (Англія), Э.​Дэлакруа, Ш.​Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.​Куглер, К.​Шназе, А.​Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.​Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.​Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.​Яропкін, І.​Корабаў, М.​Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.​Урванаў, П.​Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.​Акімава, П.​Свіньіна, І.​Снегірова, А.​Вастокава, А.​Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.​Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.​Айналаў, Н.​Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.​Бенуа, І.​Цвятаеў, Б.​Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.​Алпатаў, Н.​Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.​Колпінскі, В.​Лазараў, Г.​Недашывін, В.​Палявой, Г.​Вагнер, Б.​Рыбакоў, Дз.​Сараб’янаў, А.​Фёдараў-Давыдаў, У.​Сгасаў, У.​Фаворскі і інш. Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.​Апалінэр, А.​Англіўель дэ Ла Бамель, Т.​Бюрале, Д.​Габары (Францыя), Ф.​Вікгоф і М.​Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.​Баларын. Л.​Белозі (Італія), Я.​Беластоцкі (Польшча), Я.​Гамолка (Чэхія), Э.​Панофскі (ЗША), Э.​Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.​Малевіч (Расія), У.​Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.​Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.​Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.​Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.​Гомбрых), псіхааналіз (Э.​Крыс).

На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.​Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.​Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.​Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.​Ромер (вывучаў бел. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.​Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час. «Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.​Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.​Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.​Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.​Шлюбскі і І.​Фурман, пра гравюры С.​Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.​Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г.газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.​Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.​Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел. выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.​Аладава, М.​Арлова, А.​Воінаў, Н.​Высоцкая, В.​Гаўрылаў, П.​Герасімовіч, Л.​Дробаў, І.​Елатомцава, В.​Жук, Ю.​Карачун, М.​Кацар, А.​Лявонава, А.​Лакотка, П.​Масленікаў, М.​Нікалаеў, М.​Раманюк, Я.​Сахута, А.​Сурскі, У.​Чантурыя, В.​Церашчатава, Т.​Чарняўская, Р.​Шаура, В.​Шматаў, Ю.​Якімовіч, М.​Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.​Атраховіч, М.​Баразна, В.​Буйвал, Л.​Вакар, П.​Васілеўскі, Э.​Вецер, Т.​Габрусь, Т.​Гаранская, В.​Гаршкавоз, М.​Гугнін, В.​Каваленка, П.​Карнач, Б.​Крэпак, А.​Кулагін, В.​Лабачэўская, Б.​Лазука, Л.​Лапцэвіч, Л.​Налівайка, Э.​Петэрсон, І.​Паньшына, А.​Пікулік, У.​Пракапцоў, Э.​Пугачова, У.​Рынкевіч, Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​Салавей, А.​Сяліцкі, В.​Трыгубовіч, Н.​Трыфанава, Л.​Фінкельштэйн, М.​Цыбульскі, М.​Шамшур, А.​Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час. «Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.

Літ.:

Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр. М., 1995;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)