ЭКСЛІ́БРЫС (ад лац. ех libris з кніг), кніжны знак,
ярлык, які наклейваецца на ўнутр. бок вокладкі або пераплёту (форзац) кнігі і паказвае яе ўладальніка. Маст. Э. выконваюць пераважна ў тэхніках лінагравюры, афорта, цынкаграфіі, літаграфіі і ксілаграфіі. Вылучаюць некалькі тыпаў маст. Э.: гербавыя (характэрныя гал. чынам для 16—18 ст.) узнаўляюць герб уладальніка; вензелевыя адлюстроўваюць арнаментальна ці каліграфічна распрацаваныя ініцыялы; сюжэтныя (найб. пашыраны ў 20 ст.) уключаюць арх. і пейзажныя матывы, эмблемы, якія ў вобразнай форме прадстаўляюць прафесію, густы, склад бібліятэкі ўладальніка, а таксама выявы саміх асоб пісьменнікаў, мастакоў і інш.).
Э. з’явіліся з узнікненнем кнігадрукавання. Да 19 ст. былі пашыраны суперэкслібрысы — адбіткі на пераплёце або на карашку кнігі. Сярод майстроў Э. — О.Бёрдслі, Ф.Бушэ, А.Дзюрэр, М.Клінгер, Л.Кранах, Ф.Мазерэль, А.Матыс, У.Хогарт, Г.Гольбейн Малодшы. У Расіі Э. з’явіліся ў пач. 18 ст. Сярод рус. майстроў Э. — А.Бенуа, Я.Лансерэ, У.Фаворскі.
На Беларусі прататыпам Э. быў друкарскі знак з выявай сонца і месяца ў кнігах Ф.Скарыны. Шырока вядомы Э. у 17—18 ст. у бібліятэках бел. магнатаў (Сапегаў, Радзівілаў і інш.). Э. пашырыўся ў 1920-я г.: творы З.Гарбаўца, А.Грубэ, П.Гуткоўскага, Г.Змудзінскага, Я.Мініна, А.Тычыны, С.Юдовіна. Уклад у мастацтва сучаснага Э. зрабілі У. і М. Басалыгі, А.Кашкурэвіч, Я.Красоўскі, Я.Кулік, М.Купава, Г.Паплаўскі, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, Г.Ціхановіч і інш.
Літ.:
Минаев Е., Фортинский С. Экслибрис. М., 1970;
Тычына А., Шматаў В. Беларускі кніжны знак. Мн., 1975;
Ивенский С.Г. Книжный знак: История, теория, практика худож. развития. М., 1980.
М.А.Гугнін.
Экслібрыс Г.Помера. Мастак А.Дзюрэр. Пач. 16 ст.Малы экслібрыс Яна Фрыдэрыка Сапегі. Мастак І.Мілі. 1730.Экслібрыс М.Шчакаціхіна. Мастак А.Тычына.Экслібрыс В.Круглянскага. Мастак М.Селяшчук. 1980-я г.Экслібрыс Караля Станіслава Радзівіла. Гравёр Г.Ляйбовіч. 18 ст.