БЕНУА́ Лявонцій Мікалаевіч
(23.8.1856, г. Петрадварэц Ленінградскай вобл., Расія — 8.2.1928),
рускі архітэктар. Засл. дз. маст. Расіі (1927). Сын М.Л.Бенуа. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879), выкладаў у ёй (праф. з 1892, рэктар у 1903—06 і 1911—17), у Ін-це цывільных інжынераў (1884—92, 1920—27, Пецярбург). Будаваў у Пецярбургу (Акадэмічная капэла імя М.І.Глінкі, 1885—89; корпус Рус. музея, 1914—16), Маскве, Кіеве, Варшаве, Ташкенце. Стварыў праект пераўтварэння Пецярбурга (1910—13, разам з арх. М.Перацяткавічам і інж. Ф.Янакіевым).
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНУА́ Мікалай Лявонцьевіч
(13.7.1813, С.-Пецярбург — 23.12.1898),
рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1836), выкладаў у ёй (з 1857 праф.). Дабудоўваў буйныя ансамблі, у т. л. Пецяргоф (цяпер Петрадварэц, 1848—59), па-майстэрску імітаваў розныя гіст. стылі — неаготыку (будынак пошты, 1850), неабарока (фрэйлінскія дамы, 1847—52, дом Апраксіна, 1858, усе ў Пецяргофе), рэтраспектыўна-рускі (цэрквы ў с. Лісіна-Корпус, 1858, Высокае, 1868, каля Пецяргофа), раманскі (каталіцкая царква Марыі ў Пецярбургу, 1857), тактоўна ўпісваў свае збудаванні ў арх. ансамблі ці паркавыя комплексы («Швейцарскі домік» у Кускове, 1870, Масква). Пабудаваў шэраг чыг. вакзалаў з выкарыстаннем новых метал. канструкцый.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНУА́
(Benoît) Петэр Леанард Леапольд (17.8.1834, Харэлбеке, прав. Зах. Фландрыя, Бельгія — 8.3.1901),
бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням. муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.
Л.А.Сівалобчык.
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНУА́ Аляксандр Мікалаевіч
(3.5.1870, С.-Пецярбург — 9.2.1960),
рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа, старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.
М.А.Нагорны.
т. 2, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)