ДЖЭРО́М ((Jerome) Джэром Клапка) (2.5.1859, г. Уолсал, Вялікабрытанія — 14.6.1927),

англійскі пісьменнік. Працаваў клеркам, акцёрам, рэпарцёрам, настаўнікам і інш. З 1892 цалкам прысвяціў сябе літ. дзейнасці. Першы зб. гумарыстычных замалёвак «На сцэне і за кулісамі» (1885). Наступная кніга «Пустыя думкі пустога чалавека» (1886). Сапраўдную папулярнасць Дж. прынесла кн. «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі» (1889). Аўтар кніг «Дзённік аднаго паломніцтва», «Гісторыі, расказаныя пасля вячэры» (абедзве 189)), «Трое на веласіпедзе» (1900), «Назіранні Генры» (1901), аўтабіягр. рамана «Пол Келвер» (1902), рамана «Томі і К°» (1904) і інш., п’ес (найб. вядомая «Жыхар з чацвёртага паверха», 1907). Перавагу аддаваў 2 жанравым формам — гумарыстычнаму эсэ і «падарожжу», у якіх гал. герой — чалавек энергічны і непахісны аптыміст — пастаянна апынаўся ў камічна-абсурдных сітуацыях.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. [Т. 1—2]. СПб., 1992—93.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́ВА (Рыма Фёдараўна) (н. 27.1.1932, г. Севастопаль, Украіна),

руская паэтэса. Яе бацька родам з Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., дзяцінства яе прайшло на Полаччыне. Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). Працавала на Д. Усходзе. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў паэзіі «Сустрэнемся на Усходзе» (1958), «Пятніцы» (1965), «Елкі зялёныя» (1969), «Снежная баба» (1972), «Начыста» (1977), «Краіна Любоў» (1980), «Пробны камень» (1982), «Сюжэт надзеі» (1991), «Ломка» (1997), публіцыстыкі — «Наўгад» (1995), «Палюбі» (1996) і інш. Тэматыка лірыкі: родная прырода, каханне і мацярынства, роздум над складанымі праблемамі часу, думкі і пачуцці сучасніка і інш. Творчасць К. адметная глыбокай шчырасцю, задушэўнасцю выказвання, рамант. пафасам, аптыміст. сцвярджэннем стваральнага пачатку, актыўнасцю грамадз. пазіцыі, тэмпераментнасцю, раскаванасцю паэт. мовы. Некат. яе вершы спароджаны бел. тэматыкай («Зязюля»), На рус. мову пераклала зб. В.​Вярбы «Ветразь на лузе» (1971), М.​Аўрамчыка «Прасвятленне» (1973), Я.​Янішчыц «Запытай у чабора» (1985), паасобныя творы Д.​Бічэль-Загнетавай, А.​Вярцінскага (у зб. «Вечны ўзыход», 1982), С.​Законнікава. На бел. мову яе вершы перакладалі Аўрамчык, Бічэль-Загнетава, Вярцінскі, Н.​Гілевіч, Ю.​Свірка.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985;

Помню. М., 1974;

Русло. М., 1979;

Сойди с холма. М., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАВЫ́РАЎ (Пётр Пятровіч) (16.10.1910, г. Чэлябінск, Расія — 25.10.1977),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова), з 1948 выкладаў у ёй (з 1969 дацэнт). Яго творчая індывідуальнасць найб. выявілася ў інстр. музыцы, якой ўласцівы перавага лірыка-драм. вобразнасці, інтанацыйная характарнасць, маляўнічасць муз. мовы. Лепшыя творы вылучаюцца светлым, аптыміст. гучаннем, глыбокім драматызмам, меладызмам, пабудаваным пераважна на інтанацыях бел. нар. песні. У музыцы для дзяцей (кантата, песня, фп. п’есы) паказаў тонкае разуменне асаблівасцей дзіцячага светаўспрымання. Сярод твораў: опера «Павел Карчагін» (1941, 2-я рэд. 1958, паст. Опернай студыяй Бел. кансерваторыі ў 1967), кантаты «Ваявода» (1937, на вершы А.​Пушкіна), «Балада аб чатырох заложніках» (1954, на вершы А.​Куляшова); 5 сімфоній (1940—77), канцэрты для фп. (1965), скрыпкі (1941, 1955, 1975), віяланчэлі (1966) з арк.; сімфаньета для фп. з арк. «Родныя напевы» (1969, 2-я рэд. 1972), «Беларуская рапсодыя» (1948) для арк. бел. нар. інструментаў, 5 стр. квартэтаў (1941—75), квінтэты фп. (1946) і для духавых інстр. (1960), фп. цыклы «24 прэлюдыі», «Ў піянерскім лагеры»; фантазіі, уверцюры, маршы, песні, вак. цыклы для голасу з фп., музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.​Залётнеў, В.​Іваноў, В.​Карэтнікаў, В.​Помазаў і інш.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Пётр Падкавыраў. Мн., 1971.

Дз.​М.​Жураўлёў.

П.П.Падкавыраў.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,

помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел. літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.

Публ.:

Легенда о Тристане и Изольде. М., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

«Аповесць пра Трышчана» (фрагмент). 16 ст.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДН ((Haydn) Франц Іозеф) (31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач. муз. адукацыю атрымаў у І.​М.​Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.​Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.​Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л. санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.

Літ.:

Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;

Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;

Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;

J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.

І.Гайдн.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)