КАЗАКО́ВА (Рыма Фёдараўна) (н. 27.1.1932, г. Севастопаль, Украіна),
руская паэтэса. Яе бацька родам з Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., дзяцінства яе прайшло на Полаччыне. Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). Працавала на Д. Усходзе. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў паэзіі «Сустрэнемся на Усходзе» (1958), «Пятніцы» (1965), «Елкі зялёныя» (1969), «Снежная баба» (1972), «Начыста» (1977), «Краіна Любоў» (1980), «Пробны камень» (1982), «Сюжэт надзеі» (1991), «Ломка» (1997), публіцыстыкі — «Наўгад» (1995), «Палюбі» (1996) і інш. Тэматыка лірыкі: родная прырода, каханне і мацярынства, роздум над складанымі праблемамі часу, думкі і пачуцці сучасніка і інш. Творчасць К. адметная глыбокай шчырасцю, задушэўнасцю выказвання, рамант. пафасам, аптыміст. сцвярджэннем стваральнага пачатку, актыўнасцю грамадз. пазіцыі, тэмпераментнасцю, раскаванасцю паэт. мовы. Некат. яе вершы спароджаны бел. тэматыкай («Зязюля»), На рус. мову пераклала зб. В.Вярбы «Ветразь на лузе» (1971), М.Аўрамчыка «Прасвятленне» (1973), Я.Янішчыц «Запытай у чабора» (1985), паасобныя творы Д.Бічэль-Загнетавай, А.Вярцінскага (у зб. «Вечны ўзыход», 1982), С.Законнікава. На бел. мову яе вершы перакладалі Аўрамчык, Бічэль-Загнетава, Вярцінскі, Н.Гілевіч, Ю.Свірка.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985;
Помню. М., 1974;
Русло. М., 1979;
Сойди с холма. М., 1984.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)