ско́са, прысл.

1. Скасіўшы вочы; збоку. Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Маўр. Чэмпіён, не зважаючы ні на кога і сам скоса любуючыся сваімі значкамі, ганарыста прайшоў да піянерважатага. Скрыпка. Майка не павярнулася на, крокі, а калі .. [Алесь] пазваў яе, скоса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы. Караткевіч.

2. перан. Недаверліва, падазрона, недружалюбна. Ходзячы па двары, па хаце, заўважыў Агей, што пазіраюць сыны [адзін на аднаго] скоса, не па-людскому. Галавач. Мне здалося, што гнеў старога трошачкі адпаў, хоць ён і скоса глянуў на мяне, як на якога злачынцу. Сабаленка.

3. Па дыяганалі, пад вуглом да прамога напрамку. Ад святла, што скоса падае ў акно на Валіны рукі, абгортка марожанага падобна на бліскучы і туманны кавалак лёду. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

husk

[hʌsk]

1.

n.

1) мякі́на f. (збо́жжавых і травяны́х культу́раў); луска́ f., шалупі́ньне n., абало́нка f.

2) лістава́я абго́ртка катаха́ кукуру́зы

3) сухо́е або́ бязва́ртаснае во́нкавае по́крыва

2.

v.t.

лу́шчыць, абіра́ць луску́, аблу́пліваць

to husk the corn — аблупі́ць кукуру́зу

- the husk of a man

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

mschlag m -(e)s, -schläge

1) абго́ртка, во́кладка

2) канве́рт

3) кампрэ́с

4) абшла́г (на вопратцы)

5) эк. абарачэ́нне, абаро́т

6) пераме́на, перало́м, зме́на (надвор’я, настрою)

7) марск. перагру́зка (тавараў)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

завёртка ж.

1. заго́ртванне, -ння ср.; запако́ўванне, -ння ср.; закру́чванне, -ння ср., укру́чванне, -ння ср.; завіна́нне, -ння ср., захіна́нне, -ння ср.;

2. зака́сванне, -ння ср., загіна́нне, -ння ср., захіна́нне, -ння ср.;

3. закру́чванне, -ння ср.;

4. зака́сванне, -ння ср.; падка́сванне, -ння ср.; захіна́нне, -ння ср.; см. завёртывать 1, 2, 4, 5;

5. (обвёртка) разг. абго́ртка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Плю́ска1 плюска́ ’шалупіны, абгортка з лісцяў вакол асновы плода, або ўвесь плод’ (ТСБМ, Нас.), ’мякіна’, ’плеўка, шалупінне насення’ (Нас.), плю́сквы ’шалупіны з аўса’ (паст., Сл. ПЗБ), плю́скі, плю́склы, плюшча́к ’недабраякаснае насенне’ (ельск., брагін., акц., Мат. Гом.), сюды ж: плюскачы́ ’яшчэ не паспелыя семачкі гарбуза’ (жытк., Нар. сл.); параўн. рус. наўг. плюски ’аўсянае шалупінне’, плюсёнки ’тс’, ’аўсяныя шматкі’, алан. плюсе́нь ’бацвінне рэпы, бруквы, рэдзькі, бульбы’; стараж.-рус. плюска ’шапачка жолуда’, серб.-харв. пљу̏скавице ’шалупіны’, балг. плюски ’боб ці гарох з малымі зярнятамі, малады боб або гарох’. Паводле Трубачова (Этимология–1968, 264), узыходзіць да анаматапеічнай асновы *plʼusk‑ (варыянт *blʼuzg‑), якая выкарыстоўваецца для абазначэння шалупіння, кажуры, струпоў, параўн. літ. pliùskė ’луска аўсянага зярняці, вотруб’е’, bluzgà ’шалупінне, мякіна’, blùzgana ’перхаць на галаве’, лат. blàuzgna ’тс’, plauskas, pluzganas ’шалупінне’, параўн. пляваць/бляваць. Сюды ж, відаць, нарв. дыял. flos, flus(k) ’шалупінне; перхаць у галаве’. Махэк (464) узводзіць рус. плюска́ ’ніжняя частка кветкі, шапачка жолуда’ да зыходнага плюха (гл.), насуперак Гаўлавай (Etym. Brun., 1, 23). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 26) каш. plëščka, pluščka ’плоскі недаспелы стручок’ выводзяць з прыметніка *pljuskъ ’плоскі’, узнятага пад уплывам гукапераймальнага *pljuskati (гл. плюскаць), бо ўдар робіць прадмет плоскім. Гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’.

Плю́ска2, плю́сква, плю́скла ’клоп, Acanthia lectularia’ (Бес.; астрав., воран., свісл., Сцяшк. МГ; Сержп. Грам.; Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; Жд. 2; Скарбы), ст.-бел. плюска, плюсква ’тс’ (XVII ст.) — са ст.-польск. pluskwa, pluska ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), якія, паводле Банькоўскага (2, 613), узыходзяць да plusk, pluskanie < прасл. *plʼuskati > бел. плю́скаць3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБУ́ТАК,

на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл. Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.

Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл. Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).

Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.

М.Ф.Раманюк (гістарычная частка).

Да арт. Абутак. Скураны абутак 12—13 ст. з раскопак Полацка, Мінска, Гродна.
Да арт. Абутак. Асноўныя дэталі мужчынскага рантавага паўчаравіка: 1 — падэшва; 2 — рант; 3 — цвёрды насок; 4 — верх; 5 — асноўнае палатно; 6 — прасцілка; 7 — вусцілка; 8 — укладная паўсцілка; 9 — абцас; 10 — заднік; 11 — набойка; 12 — берац; 13 — саюзка; 14 — насок.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)