падвары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак.
1. што. Разм. Паварыць яшчэ нямнога, дадаткова. Падварыць суп.
2. чаго. Разм. Зварыць у дадатак да таго, што было ўжо зварана. Падварыць бульбы.
3. што. Зваркай прымацаваць; прыварыць. Падварыць планку. □ Яго [каваля] ўсе ведаюць, у кожнага да яго патрэба ёсць — то сказаць нешта, то серп назубіць, то сякеру падварыць. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
Перамагчы ў бойцы, барацьбе; асіліць. Нас не падолець у бітвах крывавых, Страх невядомы савецкім людзям. Глебка. // перан. Разм. Перасіліць, пераадолець якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад. Хоць патуранне [вучням] было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партыза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Жан. да партызан.
2. Разм. Партызанская вайна. [Клопікаў:] — Ці не партызанкай заняліся, пан Слімак, ці не назнарок вас пакінулі тут? Лынькоў. Да Малых Выселак можна было ісці і па Гарэлым балоце. Вацура адшукаў бы на гэтай вялікай імшарыне ўсе сцежкі — запомніў яшчэ з партызанкі. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́стаць 1, ‑і, ж.
Стан, фігура. Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў. Гартны. Нават у паліто было відно, як пагрубела.. [Лёдзіна] постаць. Карпаў.
по́стаць 2, ‑і, ж.
Палоска жыта або іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва. Сярпом махаючы крывым, Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчаты, Пры доўгай постаці стаім. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Пракалоць чым‑н. наскрозь. Гэты [зубр], здаецца, немалады. Але рогі па-маладому вострыя. Такі рог праткне наскрозь. Шамякін. Знятую трубку кары Коля перагнуў на сярэдзіне, зверху праткнуў пруцікам. Жычка.
•••
Пальца не праткнуць — пра вялікі, цесны натоўп. У магазіне было бітком пабіта людзей — пальца не праткнеш. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыса́ды, ‑сад; адз. няма.
Дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго‑н. (дарогі, вуліцы, будынка і пад.). Ад паварота .. [шлях] быў абсаджаны густымі бярозавымі прысадамі. Мележ. Вуліц было некалькі, падзеленых на кварталы аднолькавых памераў і ўпрыгожаных строгімі шнурамі прысад. Паслядовіч. Недзе ў бальнічных прысадах плакалі кнігаўкі. Пташнікаў. Рэспублікі сталіца, Любімы горад-сад! Палацы, камяніцы У зелені прысад. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да раздумаць (у 1 знач.).
2. Думаць, вагаючыся; доўга не магчы прыняць рашэння. Хмыль усё стаяў на пагорку, напэўна, раздумваў, ісці яму вуліцай ці па загароддзю, хаваючыся ад людскіх вачэй. М. Стральцоў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разле́глы, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую разлегласць; шырокі. З аднаго боку да хат падступала разлеглае поле, на якім, як і ў лесе, .. [маці] усё да самай малой драбніцы было знаёма. Мележ. // перан. Раскацісты, шырокі. Грукат і перастук .. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. [Пецька] спаткаў Васіля Рыгоравіча разлеглым звонкім голасам: — Урра, татка прыйшоў! Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распласта́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распластаць.
2. у знач. прым. Які ляжыць пластом, плазам. Людзі падалі ў снег. Белае поле скрозь было ўсыпана распластанымі постацямі. Паўлаў. [Арол] трымаў распластанага ваўка адной лапай за бок, другой — за морду. Беразняк. // Выцягнуты, раскінуты ў бакі. Сонца.. падае на рунь аграмадным агнёвым сокалам з распластанымі крыламі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце. Русалак рогат... Ночы ціш... Пужаюць князя над вадою. Чарот. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)