СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.​Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.​Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.​Гербеста і П.​Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.

Літ.:

Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;

Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРВІ́ЛІШСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры барока ў в. Сурвілішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з дрэва на месцы касцёла 1550, фундаванага Р.​Гайкоўскай і яе братамі Іванам і Антонам. Храм крыжападобны ў плане, уключае 1-нефавы прамавугольны асн. аб’ём, вузкі трансепт і 5-гранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрыстыі. Асн. аб’ём і апсіда аб’яднаны агульным 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены фасадаў маюць лучковыя і круглыя аконныя праёмы ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асн. аб’ёму, трансепта і апсіды. Гал. фасад расчлянёны 2 тонкімі пілястрамі на 3 часткі. завершаны фігурным франтонам. У інтэр’еры арган, аформлены ў стылі барока. У трансепце захаваліся 2 барочныя алтары, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, разным расл. арнаментам, галоўкамі пуцці. У 1878—80 да касцёла прыбудавана званіца (захаваўся яе цагляны фундамент). Храм абкружаны бутавай агароджай з 2-яруснай мураванай брамай.

С.​Г.​Багласаў.

Сурвілішскі Троіцкі касцёл.

т. 15, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916,

выступленне народаў Сярэдняй Азіі і Казахстана супраць рас. царызму, выкліканае ўзмацненнем нац. і калан. прыгнёту ў час 1-й сусв. вайны. Штуршком стаў царскі ўказ ад 8.7.1916 аб мабілізацыі мясц. «іншародніцкага насельніцтва» (раней не падлягала прызыву на ваен. службу) на абарончыя работы: 250 тыс. чал. з Туркестанскага, 140 тыс. са Сцяпнога (Казахскага) краёў. Пачалося 17.7.1916 у Хаджэнце (Худжанд), ахапіла Самаркандскую, Сырдар’інскую, Ферганскую. Акмолінскую, Сяміпалацінскую, Сямірэчанскую, Закаспійскую, Уральскую вобл. з насельніцтвам больш за 10 млн. чал. (узбекі, таджыкі, туркмены, казахі, кіргізы і інш.). Мела пераважна характар сял. вайны, удзельнічалі і гараджане. Працоўныя кідалі работу, насельніцтва ўцякала ў стэпы і за мяжу, адбыліся шматлікія ўзбр. паўстанні супраць рас. адміністрацыі, якія часам суправаджаліся нападамі на рус. паселішчы. Найб. арганізаванае было ўзбр. паўстанне казахаў Тургайскай вобл. на чале з Амангельды Іманавым. У студз. 1917 царскія войскі ў асн. ліквідавалі паўстанне, якое часткова сарвала мабілізацыю (да сак. 1917 з Туркестана адпраўлена толькі 123 тыс. чал.).

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЕЙРА́Н, Талейран-Перыгор (Talleyrand-Périgord) Шарль Марыс (13.2.1754, Парыж — 17.5.1838), французскі дзярж. дзеяч, дыпламат.

Князь Беневенцкі (1806—15), герцаг Дзіно (з 1817). У 1775—91 генеральны вікарый, біскуп. У 1789 выбраны ад духавенства ў Ген. штаты; далучыўся да трэцяга саслоўя. Ініцыятар дэкрэта аб перадачы царк. зямель у распараджэнне нацыі. Пасля звяржэння манархіі (1792) у эміграцыі (да 1796). У 1797—1807 міністр замежных спраў Францыі. У 1808 уступіў у тайныя зносіны з рас. імператарам Аляксандрам I, пазней з аўстр. міністрам замежных спраў К.В. фон Метэрніхам. У 1814—15 у перыяд 1-й рэстаўрацыі Бурбонаў кіраўнік урада і міністр замежных спраў. На Венскім кангрэсе 1814—15 узначальваў франц. дэлегацыю. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж краінамі-пераможцамі, дамогся расколу антыфранц. кааліцыі еўрап. дзяржаў і прыняцця выгадных для Францыі рашэнняў. У 1830—34 пасол у Лондане.

Літ.:

Тарле Е.В. Талейран. М., 1962;

Борисов Ю.В. Шарль Морис Талейран. 2 изд. М., 1989.

Ш.М.Талейран. Мастак Ф.​Жэрар.

т. 15, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САВА Ала Канстанцінаўна (6.2.1898, Кіеў — 5.4.1973),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1937). Герой Сац. Працы (1973). З 1916 у 2-й студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры (МХАТ; у 1951—55 в.а. дырэктара). Вучаніца К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. З 1967 выкладала ў Школе-студыі МХАТ (з 1968 праф.). Валодала вял. сцэн. абаяльнасцю, тэмпераментам, выкананне вылучалася эмацыянальнасцю, лірызмам, рамант. рысамі. Актрыса пераважна рус. класічнага рэпертуару: Негіна, Юлія Тугіна («Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Таццяна («Ворагі». М.​Горкага), Ганна («Ганна Карэніна» Л.​Талстога), Маша, Ранеўская, Аркадзіна («Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава). Сярод інш. роляў: Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Алена («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Вольга («Хлеб» У.​Кіршона), Алена Макараўна («Страх» А.​Афінагенава) і інш. Здымалася ў кіно: «Навальніца», «Пётр I», «Без віны вінаватыя» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1947. 1949.

Літ.:

А.​К.​Тарасова: Док. и воспоминания. М., 1978.

А.Тарасава ў ролі Ганны Карэнінай.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РВАЛЬДСЕН (Thorvaldsen) Бертэль (13 або 19.11.1768 або 1770, Капенгаген — 24.3.1844),

дацкі скульптар, адзін з буйнейшых еўрап. майстроў позняга класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1781—93). У 1797—1838 працаваў у Неапалі і Рыме, дзе вывучаў ант. пластыку і творы Рафаэля. З 1825 прэзідэнт рымскай акадэміі св. Лукі, з 1833 прэзідэнт АМ у Капенгагене. Творы вылучаюцца строгай гармоніяй кампазіцыі, статычнасцю і стрыманасцю вобразаў, падкрэсленых віртуознай апрацоўкай мармуру: «Ясон» (1802—03), «Амур і Псіхея» (1807), партрэт графіні Е.​А.​Остэрман-Талстой (1815), «Ганімед корміць Зеўсавага арла» (1817). Выканаў грандыёзны рэльеф «Паход Аляксандра Македонскага» (1812, віла Карлота), конную статую Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1820—29; да 1920 стаяла ў Гомелі каля палаца І.​Ф.​Паскевіча), помнік Каперніку (1830, абодва ў Варшаве), надмагілле папы Пія VII у саборы св. Пятра ў Рыме (1824—31). Халодная адцягненасць і ідэалізацыя вобразаў зрабілі Т. лідэрам акадэмізму ў скульптуры 1-й пал. 19 ст.

Б.Торвальдсен. Партрэт графіні Е.​А.​Остэрман-Талстой. 1815.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,

камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.

Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.​Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.​Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.​Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.​Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.​Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).

У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМАЦАВА́НАЯ ЛІ́НІЯ,

сістэма ўмацаваных раёнаў і абарончых пазіцый, абсталяваных доўгачасовымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі і загародамі. Узводзіліся звычайна ўздоўж дзярж. граніцы для прыкрыцця важных стратэг. напрамкаў; мелі пастаянныя гарнізоны, якія з пач. баявых дзеянняў узмацняліся палявымі войскамі. Як правіла, складаліся з шэрагу вузлоў супраціўлення, апорных пунктаў, сектараў і інш. абарончых пазіцый.

У.л. будавалі з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Рыме (рымскія валы), Егіпце, Кітаі, пазней і ў інш. дзяржавах. У 16—17 ст. на паўд. межах Рэчы Паспалітай і на паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы існавалі засечныя межы і інш. абарончыя пазіцыі ў сістэме У.л. У Паўн. Амерыцы ў час вайны за незалежнасць ЗША (1775—83) У.л. будаваліся з удзелам А.Т.Касцюшкі (фартыфікацыйныя збудаванні пад Саратогай, ва Уэст-Пойнце і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 У.л. ствараліся ў шэрагу краін Еўропы: «Мажыно лінія» ў Францыі, «Манергейма лінія» ў Фінляндыі, «Зігфрыда лінія» ў Германіі, «Лінія Сталіна» (замежная назва) у СССР і інш.

І.​А.​Шор.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́НГЕРН ФОН ШТЭ́РНБЕРГ Раман Фёдаравіч (10.1.1886, в-аў Хійумаа, Эстонія — 5.9.1921),

адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць сав. улады ў Забайкаллі і Манголіі. З прыбалт. ням. роду, барон. Ген.-лейт. (1919). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1908). Служыў у Забайкальскім казацкім войску. Удзельнік 1-й сусв. вайны, за крымінальнае злачынства асуджаны на 3 гады крэпасці, але вызвалены пасля Лют. Рэвалюцыі 1917. Часовым урадам накіраваны ў Забайкалле, дзе камандаваў конна-азіяцкай дывізіяй, на чале якой у 1920 накіраваўся ў Манголію. У лют. 1921 заняў Ургу (цяпер Улан-Батар), атрымаў ад манг. знаці тытул «вана» (князя) і пасаду галоўнакамандуючага ва ўрадзе, стаў фактычным дыктатарам Манголіі. У маі 1921 уварваўся на тэр. Далёкаўсх. рэспублікі. У ходзе Манг. аперацыі 1921 атрады У. фон Ш. былі разгромлены Чырв. Арміяй сумесна з манг. рэв. войскамі. 21.8.1921 У. фон Ш. выдадзены манголамі партыз. атраду П.​Я.​Шчацінкіна і паводле прыгавору Сіб. рэв. трыбунала расстраляны.

Літ.:

Юзефович Л. Самодержец пустыни: Феномен судьбы барона Р.​Ф.​Унгерн-Штернберга. М., 1993.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЙК АСТРАВЫ́ (Wake island),

уладанне ЗША у цэнтр. ч. Ціхага ак., на паўн. перыферыі Мікранезіі. Уключае а-вы Уэйк, Уілкс і Піл. Пл. 6,5 км². Нас. каля 2 тыс. чал. (1998) — амерыканцы (ваеннаслужачыя і кантрактнікі). Уэйк — атол падковападобнай формы, узвышаецца над паверхняй акіяна ў сярэднім на 3,5 м. Клімат пасатны, параўнальна сухі. Ападкаў да 1000 мм за год. Бываюць тайфуны. Глебы пясчаныя, малаўрадлівыя. Жывёльны і расл. свет бедны. Усе прамысл. і харч. тавары імпартуюцца. Кабельная сувязь з Ганалулу і Гуамам.

Атол Уэйк да адкрыцця ісп. мараплаўцам А.​Менданья дэ Нейра у 1568 і паўторна ў 1796 англ. капітанам У.​Уэйкам быў ненаселены. З 1899 уладанне ЗША. Напярэдадні 2-й сусв. вайны тут пачалі буд-ва ваен. базы. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. Пасля вайны на в-ве Уэйк створана база ВПС ЗША Аэрадром на в-ве Уэйк выкарыстоўваецца як месца для аварыйных пасадак самалётаў пры выкарыстанні трансціхаакіянскіх рэйсаў.

т. 16, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)