МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф. стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г. Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн. праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФАГІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА манацытарна-фагацытарная сістэма, рэтыкула-эндатэліяльная сістэма,

сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.​Б.​Ламарка, Ч.Дарвіна, У.​А.​Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст. фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕ́РЦЫЙ Секст (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),

рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

У кн.: Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРМАЛІ́Н (ад сінгальскага турмалі — той, што прыцягвае попел),

мінерал падкласа кальцавых сілікатаў пераменнага саставу. Агульная формула XY3Z6(Si6O18)[BO3]3 (OH, F)1+3, дзе X — Na, Ca; Y — Mg, Fe​2+, Fe​3+, Mn, Al, Li, Cr, V і інш.; Z — Al, Fe​2+, Fe​3+, Cr, Mg і інш. Утварае групу мінералаў з некалькіх ізаморфных радоў. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае слупкаватыя, ігольчастыя крышталі, радыяльна-прамяністыя, зблытана-валакністыя, масіўныя агрэгаты. Разнавіднасці: шэрл — чорны, жалезісты; дравіт — буры, магнезіяльны; рубеліт — чырвоны, ружовы, марганцовісты; індыгаліт — сіні і інш.; паліхромны Т. Цв. 7,5. Шчыльн. 2,9—3,34 г/см³. Крохкі. Піра- і п’езаэлектрычны. Паходжанне гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Выкарыстоўваецца як піраэлектрык. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні 3-га (чырв. рубеліты) і 4-га парадкаў. Радовішчы ў ЗША. Мазамбіку, Бразіліі, Афганістане, М’янме, Расіі, Казахстане і інш.

Турмалін.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЬЕРЫ́ (Thierry) Агюстэн (10.5.1795, Блуа, Францыя — 22.5.1856),

французскі гісторык, адзін з заснавальнікаў рамант. кірунку ў франц. гістарыяграфіі. Чл. Акадэміі подпісаў (з 1830). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1813). У 1814—17 сакратар К.А.Сен-Сімона.

Асн. творы: «Гісторыя заваявання Англіі нарманамі» (т. 1—3, 1825), «Лісты па гісторыі Францыі» (1827), «Гісторыя паходжання і поспехаў трэцяга саслоўя» (1853). У якасці асн. крыніц сваіх твораў выкарыстоўваў хронікі і паданні. Гал. задачай гісторыкаў лічыў мастацкае аднаўленне мінулага з дапамогай інтуіцыі. Гал. суб’ектам гісторыі лічыў «народ», які супрацьстаяў дваранству. Гіст. працэс разглядаў як барацьбу паміж класамі: трэцім саслоўем (буржуазія і сялянства) і прывілеяванымі саслоўямі (дваранства і духавенства). Даказваў, што паходжанне класаў — вынік заваявання адных народаў другімі. Не ідэалізаваў сярэдневякоўе, наз. яго эпохай «ваеннага дэспатызму». Паўплываў на еўрап. гісторыкаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. М., 1937.

т. 17, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА, эрс,

фізічная велічыня, якая характарызуе дзеянне старонніх сіл (сіл неэл. паходжання) у крыніцах эл. току. Для замкнутага эл. контуру роўная адносінам работы гэтых сіл па перамяшчэнні дадатнага зараду ўздоўж контуру да лікавага значэння гэтага зараду. Вызначае сілу току ў эл. ланцугу пры зададзеным яго супраціўленні (гл. Ома закон).

Э.с. крыніцы эл. току роўная рознасці патэнцыялаў на яго электродах пры разамкнутым знешнім ланцугу, г.зн. пры адсутнасці эл. току ў крыніцы. Староннія сілы прыводзяць у рух зараджаныя часціцы ўнутры крыніц току: генератараў, гальванічных элементаў, акумулятараў і інш. Паходжанне іх можа быць розным, напр., у электрамашынных генератарах — гэта Лорэнца сіла, якая дзейнічае з боку магн. поля на электроны ў рухомым правадніку, у гальванічных элементах, электрычных акумулятарах — хім. сілы. Адзінка Э.с. ў СІ — вольт.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эпібле́ма

(гр. epiblema = пакрывала)

покрыўная тканка маладых каранёў раслін, якая мае такое ж паходжанне, як і эпідэрміз наземных органаў; па меры росту адмірае і замяняецца экзадэрмай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Клу́чышча ’расчэп, лучына’ (Гарб.). Да лучышча, луч (гл.). Тут таксама цяжка вызначыць паходжанне пачатковага к. Параўн. клухтавіна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыга́н ‘трыножак’ (Ласт.). Адзінкавая фіксацыя, магчыма, сведчыць пра штучнае паходжанне слова — ад тры (гл.) і таган (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)