НАЙБО́ЛЬШЫ АГУ́ЛЬНЫ ДЗЕ́ЛЬНІК двух ці некалькіх натуральных лікаў, найбольшы з цэлых дадатных лікаў, на якія дзеліцца без астачы кожны з дадзеных лікаў. Калі вядома раскладанне дадзеных лікаў на простыя множнікі, то для атрымання Н.а.дз. гэтых лікаў трэба знайсці здабытак тых множнікаў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раскладаннях, узяўшы кожны такі множнік найменшую колькасць разоў. Напр., паколькі 360=2∙2∙2∙3∙3∙5 і 396=2∙2∙3∙3∙11, то Н.а.дз. гэтых лікаў роўны 2∙2∙3∙3=36. Паняцце Н.а.дз. дастасавальнае і да мнагаскладаў. Н.а.дз. двух ці некалькіх мнагаскладаў ёсць мнагасклад найвышэйшай ступені, на які дзеліцца кожны з іх.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),

тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.​Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

да́а

(кіт. dao = шлях, закон, прынцып)

паняцце старажытнакітайскай філасофіі, якое абазначала ў тэорыі пазнання заканамернасць прыроды, у этыцы — сэнс жыццёвага шляху чалавека, этычную норму, у логіцы — падставу, аснову, аргумент.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ідэалі́зм

(фр. idéalisme, ад п.-лац. idealis = ідэальны, ад гр. idea = паняцце)

1) філасофскі напрамак, які асновай усяго існуючага лічыць свядомасць, дух, ідэю, а не матэрыю (проціл. матэрыялізм);

2) схільнасць да ідэалізацыі, прыхарошвання рэчаіснасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

абстра́кцыя

(лац. abstractio = адцягненне, аддаленне)

1) адцягненне ў думках ад неістотных уласцівасцей, якасцей, сувязяў прадметаў ці з’яў з мэтай выдзеліць іх найбольш істотныя прыкметы;

2) адцягненае паняцце, тэарэтычнае, навуковае абагульненне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

катэго́рыя

(лац. categoria, ад гр. kategoria = выказванне, суджэнне)

1) навуковае паняцце, якое выражае найбольш агульныя і істотныя сувязі з’яў рэчаіснасці (напр. к. прычыннасці);

2) група з’яў, прадметаў або асоб, аб’яднаных агульнымі прыметамі (напр. узроставая к.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

трыя́да

(лац. trias, -adis, ад гр. trias, -ados = тройца, траістасць)

1) адзінства, утворанае трыма асобнымі часткамі, элементамі;

2) філасофскае паняцце, якое азначае траісты рытм руху быцця і мыслення (напр. дыялектычная т.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,

рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.​І.​Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл. «Ядзерная зіма»).

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,

спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.​Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.​А.​Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл. Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл. аквакультуру.

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)