Пустаглі́нішча ’суглінак’ (чач., Мат. Гом.). Да пусты (гл.) у значэнні ’неўрадлівы’ і гліна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́гавіца ‘панос, бягунка’ (Арх. Федар.). Відаць, да струга1 у значэнні ‘паток, цячэнне’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уга́, выкл.

Ужываецца пры выяўленні, паказе чаго‑н. значнага, цікавага або нечаканага ў значэнні: вось як, вось яно як, вось яно што. — Уга, во які госць у нас, гаворыць .. [Даніла] сваім вечна спакойным І роўным голасам І сунімаецца ў парозе, каб напіцца вады. Скрыган. І павага мне — уга! — Ад сыноў у хаце. Бялевіч. Другі б уга як нос задраў, а Васіль Кузьміч і віду не падаў, што нешта здарылася. Лобан. — Уга, брыгадзір сімфонію слухае! — засмяяўся Пецька. Мыслівец. // у знач. вык. Многа, даволі; колькі хочаш. Нядаўна прачытаў адзін «раман»... Вады — уга! Вады — даволі! А солі, неабходнай солі — І каліва няма. Валасевіч. Гэта ў іх тут, у пасёлку, нічога цікавага няма, ды і на станцыі таксама, а ў Маскве — уга! Васілёнак. // Ужываецца пры пярэчанні, адмаўленні чаго‑н. у значэнні: не, не так. — Цішэй! — пачуўся прарэзлівы голас. — Могуць немцы поезд спыніць і выкінуць усіх нас адсюль. — Уга! — запярэчыў другі. — Будуць яны з намі валаводзіцца, ім цяпер сваю б шкуру ўратаваць! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,

сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),

1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.

2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАСНАЯ ЛО́ГІКА,

лагічная сістэма, у якой выказванням (суджэнням, сцвярджэнням, сказам) акрамя значэнняў ісціны і няісціны могуць прыпісвацца «прамежкавыя» значэнні, якія называюць імавернасцямі ісціннасці выказванняў, ступенямі іх праўдападобнасці, ступенямі пацвярджэння і інш. Уяўляе сабой удакладненне індукцыйнай логікі і адзін з відаў мнагазначнай логікі. Ісцінным выказваннем (верагодным падзеям) прыпісваецца ісціннаснае значэнне (імавернасць) — 1, няісцінным выказванням (немагчымым падзеям) — 0. Значэннем выказванняў І.л., што разглядаюцца як гіпотэзы, можа быць любы сапраўдны лік паміж 0 і 1. Вылічэнне імавернасцей складаных гіпотэз, калі вядомы імавернасці выказванняў, якія іх складаюць, робіцца па правілах матэм. вылічэння імавернасцей. Праблематыка Іл. ў стараж.-грэч. філасофіі распрацоўвалася Арыстоцелем, у Новы час — Г.​Лейбніцам, Дж.​Булем, У.​Джэвансам, Дж.​Венам. Сучаснае развіццё грунтуецца на сувязі тэарэтыка-імавернасных паняццяў з ідэямі тэорыі інфармацыі і лагічнай семантыкі. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя, Імавернасць, Матэматычная логіка.

т. 7, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ННЕ,

від царкоўна-рэлігійнай прапаведніцкай л-ры, належыць да аратарскай прозы. Блізкае да слова, але больш вузкае і пэўнае па значэнні. Асн. тыпы — урачыстае і дыдактычнае К. Яго вытокі ў вусных «словах» — прамовах першых прапаведнікаў. Класічныя ўзоры К. пакінулі раннехрысц. пісьменнікі Іаан Златавуст, Грыгорый Багаслоў, Васіль Вялікі, Яфрэм Сірын, якія развівалі традыцыі ант. аратарскай прозы. Найб. яркія помнікі ўрачыстага К. на Русі — глыбокапатрыят. «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна і паэтычныя, напоўненыя багатай эмацыянальнай вобразнасцю «словы» Кірылы Тураўскага. Іх традыцыі прадаўжалі Грыгорый Цамблак, Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі і інш. (апошнія пакінулі ўзоры яшчэ аднаго віду К. — пахавальнага). Лепшыя К. вылучаюцца стройнасцю кампазіцыі, дасканаласцю і пераканальнасцю выкладу, багаццем вобразна-паэт. мовы. Як вусная прамова-пропаведзь К. бытуе і ў наш час, але сфера яго ўжывання стала больш вузкай.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],

дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).

Літ.:

Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;

Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,

метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.

Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл. Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв. магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.

У.​Л.​Драгун.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)