БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,
грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З МІ́НСКАГА ПАВЕ́ТА,
прафесіянальна-паліт. арг-цыя бел. настаўнікаў у крас.—ліп. 1920 у Мінску. У кіраўніцтва саюза ўваходзілі Я.Бурвель (старшыня), С.Булат, Я.Шнаркевіч, П.Зарэмба і інш. Выступаў за арг-цыю бел. школьніцтва ў павеце, беларусізацыю нар. асветы, паліт. і сац. абарону бел. настаўнікаў, матэрыяльную дапамогу бедным дзецям, за аб’яднанне бел., польск., яўр. і т.зв. рускамоўных настаўніцкіх арг-цый Мінскага пав. ў адзіны настаўніцкі саюз і інш. Спыніў дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦІ»,
грамадска-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1952—57 у Нью-Йорку на бел. мове Згуртаваннем бел. моладзі і Бел. студэнцкім т-вам у ЗША. У раздзелах «Царква і моладзь», «Новае ў навуцы і тэхніцы», «Хроніка», «Гумар» і інш. змяшчаў матэрыялы і дакументы пра дзейнасць маладзёжных арг-цый, грамадскае і культ. жыццё бел. моладзі, студэнцтва і інш. у ЗША. Друкаваў творы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Арсенневай, А.Савёнак, М.Белемука, Ю.Віцьбіча і інш. Выйшла 10 нумароў.
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БУШКІН (Мікалай Іванавіч) (н. 13.12.1946, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967). З 1973 у Бел. эканам. ун-це; з 1997 дырэктар Вышэйшай школы турызму Бел. эканам. ун-та. Даследуе праблемы кіравання прац. працэсамі. Аўтар падручніка для ВНУ па асновах менеджменту.
Тв.:
Управленческий труд в торговле. Мн., 1988 (разам з Г.А.Каралёнкам);
Управление процессами труда на предприятиях торговли. Мн., 1993 (разам з Р.М.Карсекам).
т. 7, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),
бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),
бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел. т-ва драмы і камедыі, Бел. сав. т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.
Тв.:
Песні вольных людзей. Мн., 1961.
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІЕ́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (26.9.1910, в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1952),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1928. Найб. значныя працы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, пасляваен. бел. паэзію. Яго творы спрыялі пераадоленню вульгарызатарскіх схем і догмаў у бел. крытыцы.
Тв.:
Літаратура і жыццё. Мн., 1954.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ (Ісідар Германавіч) (28.12.1906—1944),
бел. харавы дырыжор і педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). У 1922—25 кіраваў самадз. хорам у Гомелі. З 1934 у Мінску, выкладчык дырыжорска-хар. ф-та Бел. кансерваторыі, у 1937—41 маст. кіраўнік хору Бел. філармоніі. Аўтар партыз. песень, у т. л. «Баявая партызанская».
Г.П.Зелянкова.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1952 у г. Таронта (Канада) на бел. мове. Заснавальнік С.Хмара. Асвятляе паліт. і культ. жыццё бел. эміграцыі і Беларусі. У 1957—66 выдаваў дадаткі «Сігналы» і «Маланка», у 1967 — «Беларусы ў Канадзе», у 1970 — дадатак з нагоды 20-годдзя бел. прэсы ў Канадзе.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЙРА́М»
(«Свята»),
штоквартальны гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выходзіць у Мінску з 1991 на бел. мове. Выдаецца Бел. згуртаваннем татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Друкуе матэрыялы па гісторыі татараў з часу іх пасялення на бел. землях у канцы 14 ст., пра жыццё татараў Паволжа і Крыма, мусульманскіх і цюркскіх краін свету, асновы мусульманскай веры і этыкі і інш.
т. 2, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)