клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 500 млн. гадоў назад). 2 падкласы, каля 2 тыс. вымерлых і 800 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7 км. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі знойдзены ў верхнемелавых адкладах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Памеры ад 2 мм да 30 см. Цела ўкрыта радамі шкілетных пласцінак, што ўтвараюць панцыр і нясуць рухомыя іголкі і педыцылярыі (шкілетныя ўтварэнні ў форме шчыпчыкаў, якія выконваюць пераважна абарончую функцыю). Рухаюцца з дапамогай іголак і амбулакральных ножак. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя. Развіццё з плаваючай лічынкай; некат, жывародныя. Аб’ект промыслу (ікра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),
атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.
Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,
мяккія чарапахі (Trionychoidea),
падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.
Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).
Да арт.Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,
працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіць да павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),
падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн.ч. арэала зімой упадаюць у спячку.
Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕ́ЖНЫ БАРА́Н, таўстарог,
чубук (Ovis canadensis),
млекакормячае роду горных бараноў сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашыраны ў Паўн.-Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы (да Мексікі). Азіяцкі С.б. мае 4 падвіды: ахоцкі, камчацкі, нарыльскі, або путаранскі, і якуцкі; паўночнаамерыканскі — 6—8 падвідаў. Жыве на бязлесных горных схілах і скалах.
Даўж. да 180 см, выш. ў карку да 115 см, маса да 140 кг. Самкі значна меншыя за самцоў. Афарбоўка цела ад жоўта-карычневай да цёмна-бурай, бруха светлае. Рогі ў самцоў (па выгіне) даўж. да 111 см, у самак да 32 см. Кормяцца дрэвава-хмызняковай расліннасцю, травой, лішайнікамі. Палігамы. Нараджаецца 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́СЛІКІ (Citellus),
род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з міяцэну (каля 10—5 млн.г. назад). 36 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Насяляюць лугі, стэпы, лесастэпы, пустыні і інш. Жывуць у норах. На зіму ўпадаюць у спячку. Многія віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальнікаў чумы і інш. На Беларусі (пераважна ў паўд.ч.) трапляецца С. рабы (C. suslicus). У выкапнёвым стане ў Чачэрскім р-не знойдзены рэшткі С. вял. (C. major), інш. відаў — у Віцебскім і Гродзенскім р-нах.
Даўж. цела да 40 см, хваста да 25 см. Афарбоўка ад пясчана-вохрыстай да буравата-шэрай. Вушныя ракавіны малыя. Ногі кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 17 дзіцянят. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЕ́РЛЯДЗЬ (Acipenser ruthenus),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Адзіны з прамысл. прэснаводных асятровых. Пашыраны ў рэках бас. Каспійскага, Азоўскага, Чорнага мораў, трапляецца ў рэках Паўн. Дзвіна, Об, Іртыш, Енісей; на Беларусі — у р. Дняпро, радзей у Прыпяці, Сажы, Бярэзіне. Занесена ў Чырв. кнігу. Гібрыд бялугі і С. — бесцер, завезены на Беларусь у 1973.
Даўж. да 125 см (звычайна 40—60), маса да 16 кг (0,5—2). Цела выцягнутае, верацёнападобнае, укрытае дробнымі касцявымі пласцінкамі. Уздоўж тулава цягнуцца 5 радоў буйных касцявых пласцінак (жучак). Рыла падоўжанае, канічнае, знізу наперадзе рота 4 махрыстыя вусікі. Хваставы плаўнік асіметрычны, канец пазваночніка загінаецца ў яго доўгую верхнюю лопасць. Корміцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРПА́НЫ (Melanitta),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі ў тундры, лесатундры, па берагах азёр, у поймах рэк, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі на пралётах увосень трапляюцца 2 віды: Т. чорны, або сіньга (M. nigra), і ўласна Т. (M. fusca) — нар. назва нырок-свірок.
Даўж. да 56 см, маса да 2 кг, самкі драбнейшыя. Самцы чорныя. часам з белай плямай на крыле; самкі цёмна-бурыя. Дзюба каля асновы ўздутая, жоўтая ці чырвоная з чорным. Кормяцца дробнай рыбай. воднымі беспазваночнымі, раслінамі. Адкладваюць да 10 яец. Аб’ект палявання.
Э.Р.Самусенка.
Турпаны: 1 — чорны; 2 — уласна турпан (а — самка, б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРУХТА́Н (Philomachus pugnax),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі ў тундравай, лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах. Жывуць на балотах, у поймах рэк. Самцы пасля такавання ў канцы чэрвеня адлятаюць на Пд, зімуюць у Афрыцы і Паўд. Азіі. На Беларусі нар. назва батальён.
Даўж. да 33 см, маса да 240 г; самкі драбнейшыя. Апярэнне зверху шаравата-бурае, стракатае. знізу белае. Вясной у самцоў па баках патыліцы і пярэдняй ч. шыі падоўжаныя пёры ўтвараюць т.зв. «вушкі» і «каўнер», афарбаваныя ў розныя колеры. Кормяцца пераважна насякомымі. дробнымі беспазваночнымі. насеннем. Палігамы. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект палявання.