ЯРАСЛА́Ў МУ́ДРЫ (у хрышчэнні Георгій; ? — 2.2.1054),
вялікі князь кіеўскі (1019—54). Трэці сын Уладзіміра Святаславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» ён прылічаны да сыноў Уладзіміра ад Рагнеды Рагвалодаўны, што выклікае сумненне, бо не стасуецца з кароткім тэрмінам гэтага прымусовага шлюбу. Прылічэннем Я.М. да сыноў Рагнеды кіеўскія князі імкнуліся абгрунтаваць законнасць уласных прэтэнзій на Полацкае княства. Пры жыцці бацькі Я.М. быў князем-намеснікам у Ноўгарадзе, пасля яго смерці (1015) з наўгародскімі і варажскімі дружынамі змагаўся за кіеўскае княжанне супраць вял. князя кіеўскага Святаполка Яраполчыча, якога падтрымлівалі Польшча і печанегі. У 1019 авалодаў Кіевам і стаў вял. князем. Вёў барацьбу з полацкім кн.Брачыславам Ізяславічам, у 1021 мусіў аддаць яму Віцебск і Усвяты, пасля чаго паміж Я.М. і Брачыславам усталяваліся сяброўскія адносіны і быў заключаны ваен. саюз. У 1024 пасля паражэння ў бітве пад Ліственам каля Чарнігава Я.М. аддаў свайму брату тмутараканскаму кн.Мсціславу Уладзіміравічу землі на У ад Дняпра з цэнтрам у Чарнігаве, а сам з прычыны небяспекі 2 гады знаходзіўся ў Ноўгарадзе, адкуль кіраваў Кіевам і падуладнай яму тэрыторыяй праз свайго намесніка, якім быў, відаць, Брачыслаў Ізяславіч. Я.М. фактычна і юрыдычна прызнаў незалежнасць Полацкага княства. У 1030—31 адваяваў у Польшчы страчаныя ў 1018 Чэрвеньскія гарады (на З Валыні). У 1030 авалодаў зах. узбярэжжам Чудскога воз., пабудаваў там г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Пасля смерці брата Мсціслава Уладзіміравіча аб’яднаў пад сваёй уладай усю Русь, акрамя Полацкай зямлі. У 1036 разбіў пад Кіевам печанегаў, рабіў паходы ў 1038 на яцвягаў, у 1040 і 1044 — на літву. Яму прыпісваецца заснаванне ў 1044 Новагародка (сучасны г.Навагрудак). З 1043 ваяваў з Візантыяй, з якой у 1046 заключыў мір. Быў прыхільнікам адукацыі, адкрыцця школ, развіцця пісьменнасці. Пры ім створана самая стараж. частка Рускай праўды (т.зв. Праўда Яраслава), пабудаваны ў Кіеве Сафійскі сабор, Залатая брама і інш., створаны першыя б-кі, перакладзены кнігі стараж. аўтараў, творы візант. айцоў царквы, закладзены Кіева-Пячэрскі манастыр. За веданне царк. кніг атрымаў мянушку Мудры. Пасля смерці Я.М. юрыдычна перастала існаваць адзіная дзяржава Русь, тэр. якой была падзелена паміж сынамі Яраслава. Ён быў жанаты з дачкой швед. караля Інгігердай, ад якой меў 7 (?) сыноў і 3 дачкі. Свайму сыну Ізяславу Яраславічу Я.М. сасватаў дачку польскага караля Мешка II, сыну Святаславу Яраславічу — дачку ням. графа Леапольда; сын Усевалад Яраславіч узяў шлюб з родзічкай візант. імператара Канстанціна Манамаха. Старэйшая дачка Я.М. Анастасія стала венг. каралевай, Лізавета — нарвежскай, затым дацкай, Ганна — французскай каралевай.
Літ.:
Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ.
Найважнейшай энергет. крыніцай фарміравання клімату з’яўляецца сонечная радыяцыя. Яна вызначае інтэнсіўнасць развіцця фіз.-геагр. працэсаў, што адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы. Колькасць радыяцыі вызначаецца становішчам Беларусі паміж 56° і 51°паўн. ш., залежыць ад вышыні сонца над гарызонтам у розныя сезоны года, працягласці дня і воблачнасці. Працягласць дня залежыць ад шыраты месца і па-рознаму змяняецца на працягу года. Зімой працягласць дня ў напрамку з Пд на Пн памяншаецца, а летам, наадварот, павялічваецца. У дні раўнадзенстваў (21 сакавіка і 23 верасня) вышыня сонца роўная 90° — 23,5°. Гадавыя велічыні сумарнай радыяцыі на тэр. Беларусі складаюць 3500 МДж/м² на Пн і 4100 МДж/м² на Пд (85—97 ккал/см²). У напрамку на Пд гэтая велічыня паступова павялічваецца. У ліпені — самым цёплым месяцы — сумарная радыяцыя прыкладна ў 9 разоў большая, чым у самым халодным месяцы — студзені. Летам пераважае прамая сонечная радыяцыя (складае 50—52% ад сумарнай), зімой — рассеяная радыяцыя (складае 70—80% ад сумарнай). Гадавыя сумы рассеянай радыяцыі змяняюцца ў межах ад 2100 МДж/м² на Пд да 1900 МДж/м² на Пн. Моцным фактарам, што ўплывае на паступленне сонечнай радыяцыі, з’яўляецца воблачнасць. Ад воблачнасці залежыць велічыня прамой радыяцыі. У пахмурнае надвор’е яе паступленне зусім прыпыняецца, аднак рассеяная радыяцыя пры гэтым павялічваецца. Так, у Мінску прамая радыяцыя складае 38% ад той колькасці, якая магчыма пры бязвоблачным небе. Воблачнасць абумоўлівае павелічэнне рассеянай радыяцыі і з’яўляецца істотным фактарам міжгадавых ваганняў сонечнай радыяцыі. За інструментальны перыяд назіранняў у асобныя гады мінім. сумы прамой, рассеянай і сумарнай радыяцыі ў Мінску складалі адпаведна 1175, 1824, 3000 МДж/м², а макс. — 2204, 2275 і 4174 МДж/м². Воблачнасць вызначае працягласць сонечнага ззяння. Сярэдняя гадавая працягласць сонечнага ззяння змяняецца ад 1750 гадзін на Пн да 1870 гадзін на Пд, што складае 40% ад магчымага пры адсутнасці воблакаў. У астатні час сонца закрыта воблакамі і да зямлі прыходзіць толькі рассеяная радыяцыя. Максімум працягласці сонечнага ззяння назіраецца ў чэрвені (265—290 гадзін), мінімум — у снежні (25—30 гадзін). На цёплае паўгоддзе прыпадае каля 80% гадавой працягласці сонечнага ззяння. Частка сумарнай радыяцыі, якая спажываецца зялёнымі раслінамі на фотасінтэз, і з’яўляецца фотасінтэтычнаактыўнай радыяцыяй (ФАР). Гадавая сума ФАР на Беларусі змяняецца ад 1900 МДж/м² на Пн да 2200 МДж/м² на Пд. Доля спажывання ФАР для фотасінтэзу невялікая. Звычайныя аграфітацэнозы засвойваюць усяго 1% яе, а найбольш прадуктыўныя — 4—5%. Радыяцыйны баланс на ўсёй тэр. краіны дадатны. У сярэднім за год ён складае 1500—1800 МДж/м², паступова нарастаючы з ПнУ на ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ
Аснову рэсурсазберажэння складаюць вынікі выкарыстання айчынных і замежных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць навукова і нарматыўна абгрунтаваны расход рэсурсаў ва ўмовах дасягнення зададзенай якасці прадукцыі, патрэбнай прадукцыйнасці і мінімальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Для Беларусі праблемы аптымізацыі рэсурсаспажывання і рэсурсазберажэння маюць асаблівае значэнне; паколькі ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны неабходна імпартаваць больш за палову неабходных рэсурсаў і экспартаваць большую частку вырабляемай прадукцыі. Пры высокай рэсурсаёмістасці тэхналогій і вырабаў павялічваюцца кошт і экалагічныя выдаткі, зніжаецца якасць, памяншаецца канкурэнтаздольнасць вырабляемай прадукцыі.
Навук. даследаванні ў галіне рэсурсазберажэння на Беларусі актывізаваны ў пач. 1990-х г. пасля абвяшчэння яе незалежнасці. Праводзяцца работы па планамернай рэсурсазберагальнай мадэрнізацыі прамысловых тэхналогій і вырабляемай прадукцыі на аснове ўдасканальвання метадаў канструявання, укаранення перадавых тэхналогій, выкарыстання сучасных метадаў умацавання і новых кампазіцыйных матэрыялаў, удасканальвання энергаёмістых тэхналогій, утылізацыі цяпла, узмацнення цеплааховы, выкарыстання тэхналогій рэцыклінгу матэрыялаў і інш. Гэтыя работы выконваюцца ў межах дзярж., рэгіянальных і галіновых навукова-тэхн. праграм, асобных інавацыйных праектаў. Асн. мэты Дзярж. навукова-тэхн. праграмы «Рэсурсазберажэнне» — зніжэнне рэсурсаёмістасці ствараемай і вырабляемай прадукцыі, уцягванне ў абарот мясц. рэсурсаў, у т. л. адходаў вытв-сці і спажывання. Над выкананнем заданняў гэтай праграмы працуюць каля 50 устаноў краіны. Сярод іх калектывы Бел.нац.тэхн. ун-та, БДУ, Бел.тэхнал. ун-та, НДІБел. ун-та транспарту; ін-ты Нац.АН Беларусі: цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, механікі і надзейнасці машын, праблем энергетыкі, механізацыі сельскай гаспадаркі; Н.-д. цэнтр праблем рэсурсазберажэння, Салігорскі ін-т рэсурсазберажэння з доследнай вытв-сцю. Прам-сці штогод перадаецца каля 25 рэсурсазберагальных распрацовак, сярэдняя акупнасць праектаў не перавышае 2 гадоў.
Стратэгічны кірунак аптымізацыі рэсурсаспажывання і зніжэння рэсурсаёмістасці валавога ўнутр. прадукту Рэспублікі Беларусь прадугледжвае паступовае рэструктураванне прамысл. вытв-сці з мэтай замяшчэння вытв-сцей традыцыйнай сярэдне- і маланавукаёмістай рэсурсамарнатраўнай прадукцыі на навука- і высоканавукаёмістыя галіны. Для гэтага распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца перадавыя інфарм., мікра-, нана- і біятэхналогіі, тонкі хім. сінтэз, нетрадыцыйная, пераважна аднаўляльная энергетыка, «інтэлектуальныя» кампазіты, экатэхніка і экатэхналогіі, эфектыўныя тэхналогіі прадухілення і лячэння хвароб, метады аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Плескачевский Ю.М., Сысоев П.В., Близнец М.М. Новый подход к ресурсосбережению. Мн., 1989;
Свириденок А.И. Об основах государственной политики Республики Беларусь в области оптимизации ресурсопотребления и ресурсосбережения: Аналитич. записка. Мн., 1996;
Свириденок А.И., Трофимов В.П. Государственная научно-техническая программа «Ресурсосбережение»: основные итоги и задачи // Ресурсосберегающие экотехнологии: возобновление и экономия энергии, сырья и материалов. Гродно, 2001. Ч. 1;
Свириденок А.И., Маскевич С.А. Научно-инновационные аспекты устойчивого развития в условиях глобализации // Бел. экон. журн. 2003. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХІЯТРЫЯ
З канца 19 ст. ўрачэбную псіхіятрычную дапамогу аказвалі ў бальніцах губернскіх цэнтраў (Віцебск, Гродна, Мінск, Магілёў), з 1903 і ў міжгубернскай псіхіятрычнай бальніцы ў Новай Вілейцы (пад Вільняй). Развіццё псіхіятрыі як навукі на Беларусі пачалося пасля арганізацыі кафедры псіхіятрыі (1925) на мед. факультэце БДУ (з 1930 у складзе Мінскага мед. ін-та). Яе заснавальнік і першы заг. кафедры (у 1925—34) А.К.Ленц распрацаваў фізіялагічны кірунак у вывучэнні псіхозаў (паслядоўнікі М.У.Вінаградаў, А.А.Кірпічэнка, А.А.Смірноў), з 1930 узначальваў Ін-т псіханеўралогіі пры АНБССР, садзейнічаў станаўленню пакалення псіхіятраў.
У пасляваенны час у псіхіятрыі Беларусі найб. актыўна развіваліся клініка-біяхімічны кірунак (Ф.М.Гайдук, Т.Ц.Сарокіна, А.Ф.Скугарэўскі, М.А.Чалісаў), вывучэнне псіхапаталагічных феноменаў, ваен. і судовая псіхіятрыя (В.І.Альшэўская, Г.П.Лагуновіч, Е.І.Саўчанка), герантапсіхіятрыя (А.Р.Каралёва); арганізоўвалася дзіцячая псіхіятрычная дапамога, вяліся даследаванні ў галіне алігафрэніі і затрымкі псіхічнага развіцця (Ф.М.Гайдук, Н.К.Грыгор’ева), клініка-біяхімічных узаемаадносін у сістэме ацэнкі прагрэдыентнасці алкагольнай залежнасці (А.І.Скугарэўская). Вяліся клініка-генетычныя даследаванні (Р.А.Еўсягнееў, Т.Ц.Сарокіна і інш.), распрацоўваўся сістэмны падыход да ацэнкі псіхічных расстройстваў і іх тэрапіі (П.П.Волкаў, А.Ф.Скугарэўскі). У апошнія дзесяцігоддзі створаны псіхіятрычная і псіхатэрапеўтычная асацыяцыі, кафедры псіхіятрыі і наркалогіі ў мед. ун-тах у Мінску, Гродне, Гомелі (курс), у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кафедры мед. псіхалогіі і псіхатэрапіі ў Гродзенскім мед. ун-це і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Функцыянуюць псіханеўралагічныя, у т. л. дзіцяча-падлеткавы, наркалагічныя дыспансеры, пашыраецца сетка дзённых стацыянараў і рэабілітацыйных цэнтраў. Вехай у развіцці псіхіятрыі стала прыняцце законаў Рэспублікі Беларусь «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні» (1999) і «Аб ахове здароўя» (2002, у новай рэдакцыі). Сучасны стан псіхіятрыі на Беларусі вызначаецца інтэграцыяй у міжнар. супольніцтва, прыняццем міжнар. класіфікацыі хвароб, устанаўленнем больш цесных узаемаадносін з саматычнай медыцынай, даследаваннем псіхічных наступстваў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Гайдук, С.А.Ігумнаў, С.Г.Абухаў). Вывучаюцца праблемы залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, сацыяльнай псіхіятрыі (суіцыдальныя паводзіны і інш.), распрацоўваюцца лячэбныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы пры псіхічных расстройствах з улікам фармакаэканамічнага кірунку.
Літ.:
Системный подход и психиатрия. Мн., 1976;
Змачинская Н.Ф., Мальковец М.В., Пересада А.Н. Кафедра психиатрии с медицинской психологией // Заведующие кафедрами и профессора Минского медицинского института. Мн., 1999;
Скугаревская Е.И., Скугаревский О.А. Состояние и перспективы развития психиатрии в Республике Беларусь // Бел.мед. журн. 2003. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
аб’ядноўвае любоўную, сямейную і сац.-бытавую лірыку. Яна адпавядае больш высокаму ўзроўню развіцця свядомасці, светапогляду і светаразуменню народа. Першыя запісы пазаабрадавай паэзіі адносяцца да 17 ст. У нар. лірычнай песні адлюстраваліся філасофскія, гуманістычныя і маральна-этычныя ўяўленні народа пра ідэал узаемаадносін паміж людзьмі.
Любоўная лірыка вызначаецца падборам пэўнага тэматычнага матэрыялу і ідэйнай накіраванасцю лірычнай песні. У ёй праз маст. сродкі раскрываецца складаны ўнутр. свет чалавека, яго перажыванні. Ідэя любоўных песень — абараніць каханне ад перашкод і варожых яму з’яў. Гал. аб’екты самавыражэння лірычнага героя — каханая ці каханы, прырода, што з’яўляецца даверанай асобай у каханні, радзіма, уласнае жыццё і інш., якія ўвасабляюцца і разглядаюцца як самастойна існуючыя з’явы. Моцная эмацыянальная афарбоўка любоўнай песні ствараецца глыбокім роздумам героя, смуткам, меланхоліяй, філасофскімі разважаннямі, карцінамі прыроды.
Сямейная лірыка адлюстроўвае сялянскі побыт, гаспадарча-земляробчую працу, мары пра шчасце, а таксама маральна-этычныя праблемы і звычаёвыя прававыя нормы сумеснага жыцця. У песнях пра жыццё ў сям’і лірычная гераіня — найчасцей маладая замужняя жанчына, якая сумуе па сваёй роднай старонцы, бацьках, а таксама з прычыны крушэння надзей, што звязваліся са шлюбам.
Сацыяльна-бытавыя песні паказваюць побыт і гісторыю народа на працягу некалькіх стагоддзяў. Да іх адносяцца казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, бурлацкія і інш. песні. Для іх характэрны востра-сац. змест і грамадская накіраванасць. Узнікненню і шырокаму бытаванню на Беларусі казацкіх песень паклала пачатак паўстанне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага ў 17 ст.Бел. рэкруцкія песні ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Яны адлюстроўвалі провады рэкрута на пажыццёвую ваен. службу, развітанне з бацькамі, каханай, блізкімі, таму гучаць як хаўтурныя галашэнні. Дарожныя пакуты гандлёва-возніцкага промыслу нарадзілі чумацкія песні з матывамі небяспекі, голаду, хваробы, адрыву ад сям’і. У бурлацкіх песнях тэмы галечы, бяспраўя, здзекаў гаспадароў.
Нар. балады найчасцей выконвалі ў вялікі пост, піліпаўку ці спасаўку. Іх асаблівасці — наяўнасць міфалагічнага, звышнатуральнага элемента і інтрыгуючай сюжэтнай фабулы, семантычная і маст. яскравасць персанажаў, вобразнасць, лёгкасць запамінання твора. Маст. распрацоўка сюжэтаў будуецца на супрацьпастаўленні лёсавызначальных праблем чалавека. У баладах напружаныя адносіны паміж кроўнымі роднымі, членамі сям’і або інш. людзьмі прыводзяць да трагічнай развязкі. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Балады» (т. 1—2, 1977—78, укладальнік Л.Салавей), «Песні пра каханне» (1978) і «Сямейна-бытавыя песні» (1984, укладальнік абодвух І.Цішчанка), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, укладальнікі І.Цішчанка, В.Скідан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ступе́нь, ‑і, ж.
1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць.Колас.// Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.
2.перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. □ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця.«Звязда».Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна.Лынькоў.
3.(зпрыназоўнікамі «у», «да» іазначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. □ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта.Шамякін.[Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу.Бядуля.
4.(успалучэннізлічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. □ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты.Брыль.// Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені.// Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека.«ЛіМ».// Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка.Самуйлёнак.
5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. □ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся.Арабей.
6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.
7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.
8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені.Калачынскі.
9.мн.ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м.Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві.Чорны.Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе].Кулакоўскі.// След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног.Лобан.
•••
Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.
Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.
Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.
Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).
Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.
Да такой ступені — настолькі, так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сельская гаспадарка Беларусі — важная галіна нар.-гасп. комплексу. Ад яе стану залежыць харчовая бяспека краіны, яна пастаўляе асн. масу сыравіны для харчовай і часткова для лёгкай прамысловасці. На долю сельскай гаспадаркі ў 2003 прыпадала 11% валавога ўнутр. прадукту, 15,9% асн. фондаў, 15,2% вытв-сці прадукцыі і паслуг; у ёй занята 12,2% працаздольнага насельніцтва. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы 1990-х г., многія с.-г. прадпрыемствы апынуліся ў цяжкім становішчы, значна пагоршаным дэпапуляцыяй сельскага насельніцтва і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5-га — пач. 4-га тыс. да н.э.). Археолагі выявілі наяўнасць у тыя часы свойскіх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі) у бас. рэк Прыпяць і Сож. Паўсюдна на тэр. Беларусі жывёлагадоўля і земляробства ўсталяваліся ў бронзавым веку. У жывёлагадоўлі жал. веку ўжо былі пашыраны буйная і дробная рагатая жывёла, свінні і коні; у земляробстве ўсталявалася падсечна-агнявая(лядная) сістэма. Асноўнымі с.-г. культурамі былі пшаніца і ячмень; вырошчвалі таксама проса, гарох, віку. У канцы 1 тыс.н.э. падсечна-агнявая сістэма замянілася ворыўнай, валоданне зямлёй стала абшчынным, а вядзенне гаспадаркі — індывідуальным. Эвалюцыя сельскай гаспадаркі ішла шляхам дыферэнцыяцыі ўладальнікаў зямлі, ростам прыватнай уласнасці, фарміраваннем сацыяльна-эканам. шматукладнасці гаспадаркі, што спрыяла паступоваму пераходу да феадалізму. У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. віды феадальнага землеўладання (княжацкае, баярскае, царкоўнае), іх формы (вотчыны, маёнткі) і адпаведныя ім формы феадальнай залежнасці сялян. Земляробства было асн. заняткам амаль 90% сялянства. З гэтай галіною цесна звязана і жывёлагадоўля, якая мела мясны і мяса-малочны кірункі, давала харч. прадукты, сыравіну, угнаенні, пастаўляла цяглавую сілу. Вырошчвалі жыта, авёс, пшаніцу, ячмень, грэчку, проса, гарох, сачавіцу, лён-даўгунец, каноплі. Ураджайнасць збожжавых культур была нізкая: 4—5 ц/га. Неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі заставаліся разнастайныя промыслы: бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамёствы.
У канцы 15 ст. пачаўся ўздым сельскай гаспадаркі Беларусі, узнікалі фальваркі, арыентаваныя на вытв-сць таварнай прадукцыі, пашырыліся жалезныя с.-г. прылады, што значна павысіла прадукцыйнасць земляробчай працы. У канцы 16 — пач. 17 ст. праведзена першая аграрная рэформа, якая ўдасканаліла сістэмы землекарыстання і феадальных павіннасцей у выглядзе валочнай памеры. У зах. і цэнтр. частках Беларусі сялянская гаспадарка стала індывідуальнай: абшчыннае землекарыстанне замянілася падворным. Рэформы ў сельскай гаспадарцы Беларусі стымуляваліся значным попытам на збожжа і інш.с.-г. прадукцыю ў краінах Еўропы, ростам колькасці насельніцтва ў бел. гарадах, узнікненнем станоўчай рыначнай кан’юнктуры.
2-я пал. 17 — І-я пал. 18 ст. з прычыны частых войнаў і іх наступстваў (разбурэнне гаспадаркі, скарачэнне колькасці насельніцтва) характарызавалася заняпадам сельскай гаспадаркі Беларусі. У выніку значна скараціліся аб’ёмы вытв-сці і плошчы апрацоўваемых зямель, асабліва ў дзярж. уладаннях. Паменшылася плошча сярэдняга сялянскага надзелу (часам да 1/6) Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) новаўтвораныя бел. губерні ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, на іх тэрыторыях запанавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Пашырэнне рынкаў збыту с.-г. прадукцыі стымулявала рост яе вытв-сці Павялічылася ўдзельная вага тэхн. культур (лён-даўгунец, каноплі), бульбы; вызначыліся раёны пэўнай спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Аднак адсталыя аграрныя адносіны, заснаваныя на прыгонніцтве, не маглі падтрымліваць высокія тэмпы развіццяс.-г. вытв-сці, і ўжо ў сярэдзіне 19 ст. адбылося зніжэнне ўраджайнасці с.-г. культур і пагалоўя жывёлы, заняпад маёнткаў. Напярэдадні рэформы 1861 памешчыкі валодалі 70% зямлі, на долю сялянскіх гаспадарак прыпадала каля 27%, таварнасць сельскай гаспадаркі забяспечвалася пераважна таннай рабочай сілай. Радыкальная аграрная рэформа 1861 у асноўным дасягнула мэты ў зямельных адносінах і землекарыстанні, хоць недахоп зямлі, нізкая культура земляробства, вял. падаткі не дазвалялі большай частцы сялян весці самаст.гасп. дзейнасць. У першыя паслярэформенныя гады збожжавая гаспадарка была гал. таварнай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Нізкая ўраджайнасць збожжавых культур, вырошчванне таннага збожжа ў чарназёмнай зоне Расіі і Украіны, а таксама вял. яго ўвоз у Еўропу з ЗША, Канады, Аргенціны і Аўстраліі зрабілі нявыгаднай яго таварную вытв-сць. У выніку асн. галіной на Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, арыентаваная на вытв-сць масла і сыроў; важнымі таварнымі галінамі сталі льнаводства і танкарунная авечкагадоўля. Сельская гаспадарка Беларусі, асабліва ў Гродзенскай губ., набывала рысы капіталіст. вытв-сці. За 10 гадоў Сталыпінскай рэформы толькі ў зах. губернях было ўтворана каля 130 тыс. хутароў і водрубаў (12% усіх сялянскіх двароў). Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь была аграрнай краінай — каля 75% яе жыхароў былі заняты ў с.-г. вытв-сці, на долю якой прыпадала 57,5% нац. прыбытку. У 1913 сабрана 2,5 млн.т збожжа, 33 тыс.т ільновалакна, 4 млн.т бульбы, атрымана 219,3 тыс.т мяса (у забойнай вазе), 1,4 млн.т малака. У 1911—13 39% таварнай прадукцыі давалі льнаводства і канапляводства, 35% — жывёлагадоўля. Вайна значна пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прывяла да скарачэння пасяўных плошчаў на 15,6%, хатняй жывёлы — на 11,4%, збору жыта і пшаніцы — на 30%.
Рэвалюцыі 1917, грамадз. вайна і інтэрвенцыі не спрыялі аднаўленню вытв-сці. У гэты перыяд завяршыўся эвалюцыйны этап развіцця сельскай гаспадаркі, пачаўся даволі працяглы рэвалюцыйны шлях. Гэта рэвалюцыйнасць была выклікана неабходнасцю разбурэння былых аграрных адносін і пераадольвання значнага адставання ўзроўню вытв-сці с.-г. прадукцыі ад узроўняў еўрап. краін. Асн. прынцыпамі ў развіцці сельскай гаспадаркі сталі прынцыпы т.зв. дзяржаўнага сацыялізму. Эканам. разбурэнне патрабавала ўжо ў першыя гады сав. улады актыўнага дзярж. рэгулявання гаспадаркі, надзвычайных метадаў кіравання. Але «ваенна-камуністычныя» прынцыпы гаспадарання супярэчылі эканам. законам і не спрыялі развіццю сельскай гаспадаркі. Дэкрэт аб зямлі і законы аб яе сацыялізацыі карэнным чынам змянілі землекарыстанне. Ужо ў 1918 пачаўся перавод індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, валавы збор збожжа — менш за 1/2, бульбы і льновалакна — 1/3 збораў 1913. Колькасць коней скарацілася да 80%, буйной рагатай жывёлы — да 65,8%, свіней — да 44%. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала каля палавіны даваеннага аб’ёму.
У гэты час Беларусь была падзелена на 2 часткі (заходнюю і ўсходнюю), кожная з якіх развівалася ў розных сац.-эканам. умовах. На тэр.БССР развал сельскай гаспадаркі быў абумоўлены не толькі аб’ектыўнымі фактарамі, выкліканымі войнамі і інтэрвенцыямі, але і тагачаснай эканам. палітыкай «ваеннага камунізму», якая ігнаравала дзеянне эканам. законаў, пры ёй панаваў ваенна-адм. ціск на сялянства, харчразвёрстка, адсутнічалі стымулы да вытв. працы ў сялян.
З пераходам да новай эканам. палітыкі (нэп) пачалі выкарыстоўвацца эканам. стымулы, умацавалася сялянская індывідуальная гаспадарка. Спробы рэфармавання сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне 1920-х г. былі скіраваны на развіццё серадняцкіх гаспадарак, на дасягненне рыначных адносін паміж горадам і вёскай. У землекарыстанні існавалі такія формы, як пасёлкі і хутары; калектыўныя гаспадаркі ў 1927 аб’ядноўвалі менш за 1% сялянскіх гаспадарак. Практыкавалася арэнда зямлі і праца па найме Ужо да 1925 адноўлены даваенныя памеры пасяўной плошчы, ураджайнасць і, адпаведна, валавыя зборы с.-г. культур Аднак у канцы 1920-х г. рост аграрнай вытв-сці запаволіўся. Спробы яго павелічэння бачыліся ў згортванні нэпа і ўзмацненні камандна-адм. сістэмы кіравання. У 1929 пачаўся карэнны пералом у жыцці вёскі праз калектывізацыю, якая суправаджалася раскулачваннем, рэпрэсіямі супраць сялянства, асабліва заможнага. Ужо ў 1935 у калгасах знаходзілася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пасяўных плошчаў. Адчужэнне сялянства ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы прывяло да падзення аб’ёмаў вытв-сці с.-г. прадукцыі. Збор збожжа ў 1932 у параўнанні з 1928 паменшыўся на 16,4%, бульбы — на 6,6%, ільновалакна — на 10,9%, пагалоўя буйной рагатай жывёлы — на 28,9%, свіней — на 30,7%, авечак — на 38,9%. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР мела і станоўчыя вынікі: узбуйнілася землекарыстанне, што дазволіла ўкараняць механізацыю с.-г. працэсаў, севазвароты, хім. сродкі аховы раслін і інш. Для забеспячэння с.-г. работ стваралася сетка машынна-трактарных станцый (МТС). З’явіліся н.-д. ўстановы, значна палепшылася якасць насення, жывёлы і інш.
Эканоміка Зах. Беларусі мела аграрны характар: 80% насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы (у Польшчы — 63%). Панавала прыватная ўласнасць на зямлю, існавалі буйныя памешчыцкія латыфундыі. Аграрныя рэформы 1920—30-х г. былі скіраваны на развіццё капіталізму. Частка памешчыцкіх і дзярж. зямель падлягала парцэляцыі (продажу дробным уласнікам) і камасацыі (хутарызацыі). Ліквідацыя сервітутаў (права сялян сумесна карыстацца пашай і лясамі) падарвала малочную жывёлагадоўлю. Камасацыя нагадвала рас. Сталыпінскую зямельную рэформу, але ў адрозненне ад яе ўсе выдаткі па выхадзе на хутары неслі сяляне. Да 1939 у Зах. Беларусі на хутары расселена каля 70% сялянскіх гаспадарак.
У пач.Вял.Айч. вайны акупацыйныя ўлады захавалі калгасную сістэму, у 1942 калгасы пераўтварылі ў абшчыны, а з 1943 праводзілі надзяленне сялян зямлёй. Асн. мэта аграрнай палітыкі акупантаў была накіравана на рабаванне харч. рэсурсаў Беларусі, што выклікала актыўнае процідзеянне насельніцтва. З утварэннем партыз. зон аднаўлялася вытв-сць у калгасах і саўгасах. У гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла вял. страты: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС; пасяўныя плошчы скараціліся на 40%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — на 49%, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%, амаль поўнасцю разбурана матэрыяльна-тэхн. база сельскай гаспадаркі.
У пасляваенны перыяд прыняты шэраг мер па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця; праведзена калектывізацыя і ў зах. частцы Беларусі. У 1954 дасягнуты даваенны ўзровень пасяўных плошчаў і аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі, з 1950 па 1955 падвоілася колькасць трактароў (21,2 тыс.шт.).
За 1956—65 матэрыяльная база сельскай гаспадаркі ўмацавалася. У 1958 МТС рэарганізаваны, а іх тэхніка перададзена калгасам. У 1960 валавы збор збожжа перавысіў узровень 1953 на 36 %, вытв-сць мяса і малака — на 70%, яец — на 50%. У 1965 у рамках эканам. рэформы зроблена спроба паскарэння развіцця сельскай гаспадаркі, выхаду яе на інтэнсіўны шлях. У якасці першачарговых мер прадугледжвалася змена сістэмы нарыхтовак с.-г. прадукцыі, умацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, пашырэнне гасп. самастойнасці калгасаў і саўгасаў Аднак па-ранейшаму захоўваліся адм.-камандныя метады кіравання, умяшанне ў дзейнасць с.-г. прадпрыемстваў. У 1965 пасяўныя плошчы дасягнулі 6 млн.га, ураджайнасць збожжавых культур у параўнанні з 1950 вырасла з 7,9 ц/га да 11,5 ц/га, бульбы — з 109 ц/га да 121 ц/га, агародніны — з 116 ц/га да 172 ц/гаВытв-сць мяса павялічылася ў 2,1 раза, малака — у 2,5 раза, яец — у 1,9 раза. Раслі інтэнсіфікацыя с.-г. вытв-сці, валавая прадукцыя, грашовыя даходы і аплата працадня. Паглыбілася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў агульнасаюзным падзеле працы. У 1965 на яе долю прыпадала 13,8% агульнасаюзнай вытв-сці бульбы, 23,8% ільновалакна, 5,7% малака, 5,1% мяса. Сельская гаспадарка перайшла на інтэнсіўны шлях развіцця; стала ажыццяўляцца маштабная меліярацыя балот і пераўвільготненых зямель.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. у выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі адбыўся рост с.-г. вытв-сці, але з-за экстэнсіўных метадаў кіравання ён быў недастатковым. Тэмпы прыросту раслінаводства і жывёлагадоўлі не забяспечвалі патрэбы насельніцтва ў прадуктах, абвастрылася харч. праблема.
Спробы радыкальных пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі ў 2-й пал. 1980-х г. не далі станоўчых вынікаў. Звышцэнтралізаванае кіраванне і манапалізм у вытв-сці не спрыялі развіццю вытв. сіл. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці (перавага людзей пенсіённага ўзросту, адмоўны прырост насельніцтва, адток працаздольных у гарады і інш.). Агульны паліт. і эканам. крызіс, Чарнобыльская катастрофа абвастрылі супярэчнасці ў сельскай гаспадарцы.
З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці парушэнне адзінай эканам. прасторы, разрыў былых эканам. сувязей адмоўна паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі і аб’ёмы вытв-сці с.-г. прадукцыі.
Часткова стабілізаваць становішча ў сельскай гаспадарцы краіны дазволілі рэалізацыя Праграмы неадкладных мер па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу і Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканам.развіцця Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады аграпрамысловы комплекс Беларусі стабільна забяспечвае харч. бяспеку і нарошчвае экспарт с.-г. прадукцыі. Шэраг гаспадарак па сваіх эканам. паказчыках выйшаў на агульнаеўрап. ўзровень. Але ў цэлым аграрны комплекс Беларусі не адпавядае гэтаму ўзроўню, у т. л. і з-за розніцы ў прыродных умовах. У адрозненне ад большасці еўрап. краін Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) біякліматычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 100—121 бал (у Германіі 125—140, Аўстрыі 140—150, Балгарыі 150—170 балаў).
У наш час пры станоўчых тэндэнцыях у вытв-сці с.-г. прадукцыі застаюцца нізкімі прадукцыйнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі, захоўваецца высокі узровень выдаткаў на вытв-сць і, як вынік, нездавальняючае становішча ў сельскай гаспадарцы многіх раёнаў краіны. У 2003 колькасць стратных гаспадарак у параўнанні з 1990 павялічылася ў 187 разоў і дасягнула 1,5 тыс. (67,3% агульнай іх колькасці). У выпадку немагчымасці гаспадаркі самастойна выконваць вытв. працэсы праводзіцца яе структурная трансфармацыя: перадача шляхам продажу альбо арэнды маёмасці гаспадаркі камерцыйным структурам або інш. юрыдычным асобам; далучэнне да эканамічна моцнай с.-г. арганізацыі; стварэнне на тэр. бесперспектыўнай гаспадаркі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак з далейшым іх аб’яднаннем у саюзы (асацыяцыі); перавод на інш. віды дзейнасці, у т. л. нясельскагаспадарчай.
Разбурэнне сістэмы дзярж. датацый сельскай гаспадаркі і рост стратнасці галіны прывялі да рэзкага скарачэння закупак тэхнікі і да дэградацыі матэрыяльна-тэхн. базы (гл.табл. 1). У 2003 на 1 тыс.га ворыва прыпадала 13 трактароў (у 1,5 раза менш, чым у 1995), нагрузка на адзін трактар плошчы ворыва за гэты перыяд вырасла ў 1,5 раза і склала 75 га. Значна вырасла нагрузка і на інш. тэхніку, у т. л. на камбайны ў 1,4 раза. Закупкі новай тэхнікі, больш прадукцыйнай і дасканалай, у значнай ступені паправілі сітуацыю.
Асновай сучаснай сельскай гаспадаркі з’яўляецца энергетыка. За гады існавання калект. гаспадарак быў дасягнуты значны прырост энергетычных магутнасцей у калгасах і саўгасах. Ужо ў 1967 усе калгасы і саўгасы, а таксама ўсе населеныя пункты з колькасцю двароў больш за 10 былі электрыфікаваны. Ажыццяўляецца газіфікацыя сельскай мясцовасці, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1990 знізіліся энергетычныя магутнасці, у т. л. ў разліку на 100 га пасяўных плошчаў, вырасла энергаўзброенасць аднаго работніка (гл.табл. 2). З-за недахопу грашовых сродкаў і памяншэння колькасці аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў адбываецца падзенне аб’ёмаў набытага для асн. дзейнасці гаручага. За 1990—2003 спажыванне бензіну паменшылася ў 6 разоў, дызпаліва ў 2,6. Найб. механізаваныя галіны — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля, асабліва на буйных жывёлагадоўчых комплексах.
Асноўныя вытворцы с.-г. прадукцыі — калект. гаспадаркі рознага тыпу (акцыянерныя таварыствы, асацыяцыі, кааператывы), сялянскія і фермерскія гаспадаркі. На 1.1.2004 у краіне 2230 с.-г. прадпрыемстваў (у 1985 іх было 2676), 2493 фермерскія гаспадаркі. На долю фермерскіх гаспадарак прыпадае 2% с,г. угоддзяў і 1,2% валавога збору збожжа, 0,6% вытв-сці малака, 0,7% мяса. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі належыць асабістым дапаможным гаспадаркам. У 2003 яны выраблялі 90,9% бульбы, 85% агародніны, 27% мяса і 35% малака. Аднак гэтыя аб’ёмы ў значнай ступені залежаць ад падтрымкі індывідуальных вытворцаў с.-г. прадпрыемствамі ў апрацоўцы зямлі, забеспячэнні кармамі жывёлы асабістых сялянскіх гаспадарак.
У краіне створаны сельскія пасёлкі з даволі высокім узроўнем інфраструктуры, пабудаваныя паводле генпланаў: Верцялішкі ў Гродзенскім р-не, Сноў у Нясвіжскім, Леніна ў Горацкім, Крупіца ў Мінскім, Сарачы ў Любанскім, Казловічы ў Слуцкім, Малеч у Бярозаўскім р-не і інш.
На Беларусі з даваенных часоў склалася сетка навуч. і навук. устаноў у галіне сельскай гаспадаркі. У сістэме дзейнічаюць НДІ земляробства, глебазнаўства і аграхіміі, бульбаводства, плодаагародніцтва, аховы раслін, жывёлагадоўлі, меліярацыі і лугаводства і інш., комплексныя абласныя с.-г. доследныя станцыі, эксперым. гаспадаркі, Бел.с.-г. акадэмія, галіновыя універсітэты і акадэміі, каледжы і інш.Навук. і кадравае забеспячэнне мае высокі патэнцыял і не страціла сваіх магчымасцей у наш час.
У сувязі з неспрыяльнымі эканам. фактарамі і сац. ўмовамі замацаванне кваліфікаваных кадраў у сельскай мясцовасці невялікае. Толькі 2/3 выпускнікоў ВНУ і 1/2 тэхнікумаў і каледжаў прыбываюць на месца працы. У большасці гаспадарак існуюць вакантныя месцы спецыялістаў розных кірункаў. Недастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў: асобы з вышэйшай адукацыяй сярод іх складаюць толькі 1/3, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — больш за палавіну.
Табліца 1 Парк сельскагаспадарчай тэхнікі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, тыс. штук)
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Трактары
116,2
113,4
97,4
72,9
62,4
58,8
Грузавыя аўтамабілі
64,8
74
63,3
42,5
38,7
35,9
Камбайны, у т. л.
збожжаўборачныя
33,9
30,3
22,5
17,1
13,8
13,3
бульбаўборачныя
10,1
8,7
7,2
3,1
2,5
2,2
буракаўборачныя
0,8
1,7
1,5
0,8
0,6
0,8
сіласа- і кормаўборачныя
11
9,3
8,9
7,2
5,7
5,0
ільноўборачныя
4,8
4,7
3,2
1,8
1,4
1,2
Плугі
48,7
42,4
30,8
20,5
17,3
16,5
Сеялкі
38
37,4
27,6
17,6
14,7
13,6
Культыватары
52,9
56,1
38,2
26,1
22
20,8
Касілкі
37,4
29,7
18,7
15,2
12,5
11,8
Жняяркі
6,7
5,4
3
1,6
1,4
1,3
Машыны для ўнясення ўгнаенняў
32,9
32,1
24,9
16,2
13,2
12,2
Табліца 2 Энергетычныя магутнасці (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. і здадан.сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка.Лупсякоў.// Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча.// Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць.Ваданосаў.Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса.М. Стральцоў.
2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.
3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць.Якімовіч.// Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы.Гурскі.
4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях.Крапіва.
5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію.Корбан.
6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі.Бядуля.
7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напра́мак, ‑мку, м.
1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак.М. Ткачоў.Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.В. Вольскі.// Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў.Брыль.
2.перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці.// Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа.Алешка.
3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры.Калеснік.У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам.«Звязда».
4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку.«Звязда».
5.узнач.прысл.напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле.Гартны.
•••
Браць (узяць) напрамакгл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свабо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Магчымасць ажыццяўлення чалавекам сваіх мэт і імкненняў на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства. У асаблівасці трэба адзначыць погляд Маркса на адносіны свабоды да неабходнасці: «неабходнасць сляпая, пакуль яна не ўсвядомлена. Свабода ёсць усведамленне неабходнасці».Ленін.
2. Адсутнасць палітычнага і эканамічнага прыгнёту, абмежаванняў у грамадска-палітычным жыцці і дзейнасці якога‑н. класа ці грамадства ў цэлым. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі ск[а]ваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа.Брыль.
3. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт. Барацьба в’етнамскага народа супраць амерыканскай агрэсіі з’яўляецца выдатным прыкладам гераізму, стойкасці і мужнасці народа, які змагаецца за свабоду і незалежнасць.«Звязда».
4. Магчымасць дзейнічаць у якой‑н. галіне бесперашкодна, без абмежаванняў, забароны. Свабода гандлю. Свабода друку. Свабода слова. Свабода сходаў.
5. Асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць залежнасці ад каго‑, чаго‑н. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам: — Салдаты, як камандзір ваш, я даю вам поўную свабоду: ідзіце, куды самі хочаце.Лынькоў.// Магчымасць рабіць, паступаць па сваёй волі; адсутнасць абмежаванняў у чым‑н. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена.Колас.
•••
Дэмакратычныя свабоды — вызначаная законам магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, сукупнасць усіх палітычных правоў грамадзян.
Свабода веравызнання — права грамадзян свабодна вызнаваць якую‑н. рэлігію або не прытрымлівацца ніякага веравызнання.
Даць свабодукаму-чаму — тое, што і даць волю каму-чаму (гл. даць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)