Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),
горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс.м над узр. мора. Больш за 1,5 млн.ж. (1993).
Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.
Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш.Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).
Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц.арх. А.Шамет); універсітэцкі комплекс (англ.арх. Г.К.Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян.арх. А.Медзэдымі, інж М.Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.Энаў, М.Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЖЭ́ ((Léger) Жуль Фернан Анры) (4.2.1881, г. Аржантан, Францыя — 17.8.1955),
французскі мастак. Вучыўся ў Школе дэкар. мастацтва (1903—05) і акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Працаваў пераважна ў Парыжы, у 1940—45 у ЗША. У 1924 заснаваў «Сучасную акадэмію». У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана, фавізму, футурызму. У 1909—14 прымыкаў да кубістаў. Творы гэтага перыяду вызначаюцца дынамікай прасторавай пабудовы, кантрастамі адкрытых колераў: «Аголеныя ў лесе» (1909—10), «Дама ў блакітным» (1912) і інш. Пад уплывам падзей 1-й сусв. вайны прыдумаў «новую эстэтыку машынных форм», якая абумовіла «механічны» перыяд у яго міжваен. творчасці. Работам гэтага часу ўласціва пабудова фігур чалавека і прадметаў з абагульненых цыліндрычных і акруглых форм, яркія лакальныя колеравыя зоны: «Дыскі» (1918), «Горад» (1919—20), «Механік» (1920), «Механічныя элементы», «Чалавек у світэры», «Чытанне» (усе 1924) і інш. З 1920 супрацоўнічаў з Ле Карбюзье ў афармленні тагачасных інтэр’ераў. У 1924—27 зазнаў уплыў пурызму («Акардэон», 1926; «Нацюрморт з рукой», 1927). У 1930—50-я г. ўзмацніліся рысы дэкаратывізму («Вялікія чорныя ныральшчыкі», 1944), імкненне да сюжэтнасці і сац. скіраванасці («Будаўнікі», 1951). Сярод манум. работ: мазаікі і вітражы ў цэрквах у Асі (1949) і Адэнкуры (1951), пано для будынка ААН у Нью-Йорку (1952); паводле яго эскізаў аформлены музей яго імя ў Б’ё (1956—60), зроблены мазаікі ў Доме культуры моладзі ў Карбей-Эсоне (1965—66), вітражы ў Ін-це М.Тарэза ў Парыжы (1960) і інш. Працаваў таксама ў галіне манум.-дэкар. керамікі, габелена, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва, кніжнай ілюстрацыі. У 1924 зняў маляваны фільм «Механічны балет».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв.ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус.геагр.т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс.км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр.т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр.т-ваСССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.
Тв.:
Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;
От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;
От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙК’ЯВІК (Reykjavik),
горад, сталіца Ісландыі. Самая паўн. сталіца ў свеце. Знаходзіцца на паўд.-зах. узбярэжжы в-ва Ісландыя, на паўд. беразе зал. Фахсафлоўі Атл. акіяна. 105,5 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Кеблавік. Асн.эканам. (больш за 60% прамысл. вытв-сці Ісландыі) і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая (кансервы, рыбнае філе, рыбін тлушч, мука, угнаенні і інш), суднабуд. і суднарамонтная, вытв-сць рыбалоўных сетак, рыбапрамысл. абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы. Традыц.вытв-сць шарсцяных тканін, у т. л. пледаў, вязаных вырабаў. У раёне Р. — алюм., азотнахім., цэм. з-ды. Рыбалавецкая база. Гарачыя крыніцы паблізу Р. выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Ун-т. Ін-ты вулканалогіі, метэаралогіі і інш. Музеі: Нацыянальны, маст. галерэя, Прыродазнаўча-гіст. і інш.Тэатр. За 50 км ад Р. нац. парк Тынгведлір — гісторыка-прыродны запаведнік.
Засн. каля 874 на месцы высадкі першых пасяленцаў-нарвежцаў у Ісландыі. Да 17 ст. хутар, у 17—18 ст. невял. пасёлак. У 1786 атрымаў гар. правы. З 1845 месца знаходжання альтынга (парламента), з 1904 — урада аўтаномнай Ісландыі. З 1920 афіц. сталіца каралеўства Ісландыя, з 1944 — Ісландскай рэспублікі.
У рэгулярнай забудове Р. пераважаюць 2—3-павярховыя будынкі. Сярод пабудоў, блізкіх да архітэктуры дацкага класіцызму, сабор (1787—96, арх. А.Кіркеруп, перабудаваны ў 19 ст.), будынак альтынга (1880—81, арх. Ф.Мельдаль). У духу нац. рамантызму — Нац.б-ка (1908, арх. М.Нільсен), пабудовы Гудзьёўна Самуэльсана (Ісландскі ун-т, 1938—40, і інш.), Сігвальдзі Тордарсана (аднасямейныя жылыя дамы ў прыгарадзе Р., 1957—58), «Дом Поўначы» (культ. цэнтр; 1965—68, арх. А.Аалта) і інш.
Панарама Рэйк’явіка.Рэйк’явік. Від з заліва Фахсафлоўі.