«НІ́КА»,
народнае паўстанне ў сталіцы Візантыі Канстанцінопалі 11—17.1.532. Назва ад клічу-пароля ўдзельнікаў «Ніка!» («Перамагай!»). Рамеснікі, дробныя гандляры, бедната — члены т.зв. цыркавых партый венетаў і праксінаў — разам выступілі супраць падатковага цяжару, праследаванняў ератыкоў і язычнікаў з боку імператара Юстыніяна I. Яны нападалі на ўрадавыя ўстановы, падпалілі горад, аблажылі ў палацы імператара, які дарэмна спрабаваў пагасіць паўстанне частковымі ўступкамі (адстаўка вышэйшых чыноўнікаў). Да руху далучыліся некаторыя сенатары. Паўстанцы абвясцілі імператарам Іпація (пляменніка б. імператара Анастасія I). Урад здолеў шляхам подкупу кіраўніцтва венетаў раскалоць паўстанцаў і потым з дапамогай наёмных атрадаў готаў і герулаў задушыць «Н.»: 35 тыс. чал. забіты, Іпацій пакараны смерцю, многія апазіцыйныя сенатары сасланы.
Літ.:
Чекалова А.А. Константинополь в VI в.: Восстание Ника. 2 изд. СПб., 1997.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)