устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел.нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаных вак.-інстр. ансамбляў.
Літ.:
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40°паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб.пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на ПдУ Мінскай, Пн Гомельскай і ПдЗ Магілёўскай абл. Мяжуе на З з Заходне-Беларускай правінцыяй, на Пн і ПнЗ з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на ПнУ і У з Усходне-Беларускай правінцыяй, на Пд і ПдУ з Беларускім Палессем. Працягнулася з 3 на У на 257 км, з Пн на Пд на 175 км, пл. 36,4 тыс.км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны: Цэнтральна-бярэзінская раўніна і Чачорская раўніна. Паверхня П.п. — раўніна, слабанахіленая на Пд, выш. да 150—180 м. У рэльефе вылучаюцца пласкахвалістыя водна-ледавіковыя і доннамарэнныя раўніны, згладжаныя марэнныя грады, хвалістыя, часткова ярыстыя ўчасткі на лёсападобных пародах. Трапляюцца дзюнна-ўзгорыстыя пясчаныя формы рэльефу. Тэрасаваныя рачныя даліны ўрэзаны на 15—25 м, даліна р. Дняпро на глыб. да 50 м. У тэктанічных адносінах тэр. П.п. прымеркавана да паўд. і ўсх.ч. Беларускай антэклізы, паўд. ускраіны Аршанскай упадзіны і Жлобінскай седлавіны. Асадкавыя пароды — верхнепратэразойскія, дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагенавай сістэмы. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі (частка Старобінскага радовішча), мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,3 °C да -7,5 °C, ліп. 18—18,5 °C. Вегетац. перыяд 187—193 сут. Ападкаў 580—640 мм за год. Найб. рэкі: Дняпро, Сож, Бярэзіна, Пціч. Азёры пераважна ў далінах рэк (старычныя). Вадасховішчы: Салігорскае (часткова) на р. Случ, Любанскае на р. Арэса, Чыгірынскае на р. Друць, Асіповіцкае на р. Свіслач. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя, сфарміраваныя на флювіягляцыяльных пясках, сярэдне- і моцнаападзоленыя супясчаныя і сугліністыя на марэне і лёсападобных пародах. У далінах рэк поймавыя (алювіяльныя) глебы, у паніжэннях рэльефу — тарфяна-балотныя, пераважна нізіннага тыпу. Лясы займаюць 40% тэр., належаць да Бярэзінска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Значную плошчу займаюць вытворныя бярэзнікі і асіннікі. Вял. балотныя масівы пашыраны ў сярэднім цячэнні р. Пціч, у міжрэччы Бярэзіны і Свіслачы, Бярэзіны і Друці. Пад ворывам каля 35% тэрыторыі. У П.п. заказнікі: паляўнічыя Чэрыкаўскі (часткова) і Чачэрскі; гідралагічны Заазер’е; біялагічныя Амяльнянскі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Mox і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́НА,
гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.
Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.
На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).
П.К.Чэрнік.
Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),
паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л.шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).
Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.
У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.Буднік, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, У.Мулявін, У.Прохараў, В.Раінчык, Ю.Семяняка, Э.Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.Вуячыч, Т.Раеўская, Н.Багуслаўская, Э.Міцуль, А.Падгайскі, В.Кучынскі, Я.Еўдакімаў, Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, І.Афанасьева, М.Скорыкаў, І.Дарафеева, В.Дайнэка, Л.Ялінская, І.Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар.муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.Шадзько, а таксама Э.Акулін, З.Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.Казанцава, А.Камоцкі, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАЛО́М, псалм,
псалмы (ад грэч. psalmos песня пад акампанемент арфы, хвалебная песня),
рэлігійнае песнапенне са Старога запавету.
Прыпісваюцца цару Давіду (канец 11 ст. — каля 950 да н.э.). Складаліся на працягу некалькіх стагоддзяў да н.э. вядомымі і ананімнымі паэтамі. У 1—3 ст. адбывалася пераасэнсаванне стараж.-грэч. царквой яўр. П. і песень прарокаў, пашырэнне іх у грэч. і лац. перакладах [грэч.зб. «Псалтэрыён» (бел. назва «Псалтыр») канчаткова склаўся ў 5—4 ст. да н.э.; колькасць і нумарацыя П. у розных песенніках не супадае]. У 2 ст. кананізаваны. П. — крыніца шматлікіх царк. пеўчых жанраў (хвалебныя, услаўляльныя песнапенні, малітвы). Яны фарміраваліся рознымі кірункамі: вольнае камбінаванне асобных строф і радкоў (антыфон, бязгрэшны, паліялей); ператварэнне прыпеваў да П. у самаст. жанры (алілуарый, пракімен); чаргаванне П. з новымі жанрамі: паміжпсалмія седальны, (з увядзеннем хрысціянства гэтыя жанры прыняты і правасл. царквой); для бытавога, хатняга ўжытку прызначаліся пазабогаслужэбныя вершаваныя паэтычныя пераклады П. з рыфмай і рыфмоўкай, з выкарыстаннем прынцыпова новых метадаў вершаскладання (адсюль т. зв. рыфматворныя псалтыры пазацарк., свецкага характару, а пакладзеныя на музыку, набывалі стылістыку канта, станавіліся псальмамі, якія маюць бытавыя танц. і нар. песенныя вытокі). П. пашыраны ў правасл. богаслужэнні. Псалтыр — настольная кніга ў правасл. богаслужэнні. У каталіцкім богаслужэнні большасць П. выкарыстана ў песнапеннях месы. У старажытнасці П. выконваліся антыфонна двума унісоннымі харамі. У сярэднія вякі сталі асновай гімнаў і інш.муз.-паэт. форм. У 14 ст. з’явіліся шматгалосыя П. Вял. папулярнасць у Францыі мелі гугеноцкія П. К.Гудымеля (1565 — у 4-галосай апрацоўцы, у наступных выданнях — гамафонныя), у Польшчы П. з польскага 4-галосага «Псалтыра цара Давіда» Я.Каханоўскага — М.Гамулкі (1580), у Нідэрландах П.Я.Клеменса-«не папы».
На Беларусі былі папулярныя псалтыры Яна Любельчыка (1558), Каханоўскага—Гамулкі, аднагалосы Мацея Рыбіскага (1598, 1617, 1632, 1642, 1744 і інш.) — пераклад на польскую мову псалтыра Гудымеля, ням.зб-кі духоўных песень. Да тэкстаў П. звярталіся замежныя (Ф.Мендэльсон, Ф.Ліст, І.Брамс, З.Кодай) і рус. (І.Стравінскі) кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб.пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб.пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст.пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст.пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.