ЛАПУХО́Ў Фёдар Васілевіч (20.10.1886, С.-Пецярбург — 28.1.1973),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.Чайкоўскага — Б.Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935), «Салавей» М.Крошнера (разам з А.Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),
галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл.Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл.Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл.Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Мікалай Васілевіч (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОГД, Сагдыяна,
у старажытнасці вобласць у бас. рэк Зераўшан і Кашкадар’я, якую насялялі сагдыйцы (на тэр. сучасных Узбекістана і Таджыкістана). Найб. вядомы горад С. — Мараканда (Самарканд). У 6—4 ст. да н.э. ўваходзіў у склад Ахеменідаў дзяржавы. Насельніцтва С. на чале са Спітаменам аказала ў 329—328 да н.э. ўпартае супраціўленне войску Аляксандра Македонскага. Пасля смерці апошняга (323 да н.э.) — у складзе дзяржавы Селеўкідаў, з пач. 3 ст. да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства. У 1—4 ст.н.э. — ч.Кушанскай дзяржавы. У 4—5 ст. заваяваны эфталітамі, у 6—7 ст. — цюркамі; у гэты час на тэр. С. існавалі аўт.мясц. княствы. У канцы 7 — пач. 8 ст. заваяваны арабамі, якія далі краіне назву Маверанахр. У старажытнасці цераз С. праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі Кітай з Б. Усходам (гл.Вялікі шаўковы шлях).
Літ.:
Джалилов А. Согд накануне арабского нашествия и борьба согдийцев против арабских завоевателей в первой половине VIII в. Сталинабад, 1961;
Смирнова О.И. Очерки из истории Согда. М., 1970;
Якубов Ю. Раннесредневековые сельские поселения горного Согда: (К пробл. становления феодализма). Душанбе, 1988;
Обельченко О.В. Культура античного Согда: По археол. данным, VII в. до н.э. — VII в. н.э.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІННЫ́ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале (гл.Пазваночнік). Забяспечвае ажыццяўленне большасці рэфлексаў, звязаных з дзейнасцю шкілетна-мышачнай і вісцэральных сістэм.
Мае форму трубкі з патоўшчанымі бакавымі сценкамі, уверсе пераходзіць у прадаўгаваты мозг, унізе (на ўзроўні 2-га паяснічнага пазванка) заканчваецца мазгавым конусам. Укрыты трыма злучальна-тканкавымі абалонкамі: цвёрдай, павуціннай, мяккай; цэнтр. канал і падпавуцінная прастора запоўнены спіннамазгавой вадкасцю. У дарослага чалавека даўж. С.м. 41—45 см, маса 26—28 г. С.м. утвораны шэрым рэчывам (размешчана ў цэнтры), якое абкружае белае рэчыва. У шэрым рэчыве лакалізуюцца нерв. ядры, у белым праходзяць шляхі, якія злучаюць ц. н. с. з органамі і тканкамі. С.м. складаецца з 31—33 сегментаў, кожны з якіх мае 2 пары нерв. карэньчыкаў: пярэднія, рухальныя (па іх імпульсы з клетак С.м. перадаюцца шкілетным мышцам, унутр. органам) і заднія, адчувальныя (імпульсы ад рэцэптараў скуры, мышцаў, унутр. органаў перадаюцца ў С.м.). Пярэдні і задні карэньчыкі з кожнага боку С.м. злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць спіннамазгавыя нервы. С.м. залежыць ад галаўнога мозга, найб. складаныя рэфлекторныя рэакцыі С.м. кіруюцца галаўным мозгам пры дапамозе праводзячых шляхоў белага рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛОР (лац. Chlorum),
Cl, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 17, ат.м. 35,453, адносіцца да галагенаў. Прыродны Х. — сумесь стабільных ізатопаў 35Cl (75,77%) і 37Cl (24,23%). У зямной кары 1,710−2% па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў, найважн. — галіт, бішафіт, сільвініт. Вял. запасы Х. (у выглядзе хларыд-іона) у Сусв. акіяне, падземных расолах і саляных азёрах. Адзін з біягенных элементаў. Адкрыты ў 1774 швед. хімікам К.Шэеле.
Жоўта-зялёны газ з рэзкім раздражняльным пахам (адсюль назва ад грэч. chloros жоўта-зялёны), tкіп -33,97 °C, шчыльн. 3,214 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, чатыроххлорыстым вугляродзе, гептане і інш. Малекула двухатамная. Адзін з найб. хімічна актыўных элементаў, моцны акісляльнік. Непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі металамі і большасцю неметалаў (утварае хларыды). З кіслародам утварае шэраг аксідаў, найважн. з іх — Х. дыаксід ClO2, трыаксід Cl2O6 і аксід Cl (VII). Атрымліваюць электролізам водных раствораў натрыю хларыду. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці хлорзмяшчальных арган. злучэнняў (напр., вінілхларыду), неарган. хларыдаў, а таксама для адбельвання цэлюлозы і тканін, водаачысткі. Таксічны, раздражняе слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі і лёгкія; ГДК у атмасферы 0,03 Мг/м³ (сярэднясутачная).
Літ.:
Фрумина Н.С., Лисенко Н.Ф., Чернова М.А. Хлор. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГЕАГРА́ФІЯ,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае размяшчэнне народаў, асобных этнагр. і канфесіянальных груп, шляхі іх міграцыі, заканамернасці рассялення і распаўсюджання тых ці інш. этнакульт. элементаў у прасторы і часе, уплыў геагр. і пэўных фактараў на характар іх жыццядзейнасці і рэгіянальныя асаблівасці культуры. Знаходзіцца на сумежжы этнаграфіі і геаграфіі. Як апісальная навука вядома са старажытнасці («Гісторыя» Герадота, 5 ст. да н.э.; «Геаграфія» Страбона, «Натуральная гісторыя» Плінія Старэйшага, абедзве 1 ст.н.э., працы Тацыта, Пталамея і інш.). Новы штуршок атрымала ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, асваення і каланізацыі новаадкрытых зямель. Найб. актуальныя задачы Э.: вызначэнне нац. складу насельніцтва свету і яго асобных расавых, этналінгвістычных, рэліг. груп, іх геагр. размяшчэнне, складанне этнагр. карт і атласаў. Цесна звязана з этн. дэмаграфіяй, антрапагеаграфіяй, лінгвагеаграфіяй, праблемамі арэальных даследаванняў і картаграфаваннем. Пры вызначэнні межаў рассялення народаў істотнае значэнне мае этн. ідэнтыфікацыя паводле моўных прыкмет, нац. самасвядомасці і канфесіянальнай прыналежнасці, што адлюстроўваюць абагульняльныя этнаграфічныя карты і атласы.
Літ.:
Титов В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;
Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;
Смоліч А. Геаграфія Беларусі. Мн., 1992;
Беларусы: Этнагеаграфія, дэмаграфія. дыяспара, канфесіі: Атлас. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСКЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Сямёнавіч; н. 12.6.1934, в. Ушакі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, біблеіст. Д-рфілал.н. (1992). Скончыў БДУ (1958). У 1958—60 журналіст. З 1964 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Даследуе маст.-філас. аспект творчасці бел. пісьменнікаў, сувязі фальклору і л-ры, структуру маст. твора, рытму мовы, прозы і верша, псіхалогію творчасці і індывідуальнасць пісьменніка, праблемы творчага метаду, жанру і стылю, літ. і біблейскага перакладу, пытанні скарыназнаўства, «нашаніўскага» адраджэння і інш. Аўтар манаграфій і літ.-крыт. кн. «Карані маладога дрэва» (1967), «Ад слова — да вобраза» (1968), «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Выхад за круг» (1985), «Станаўленне беларускай мастацкай традыцыі» (1987), «Сумежжа» (1994), «Біблейскі пераклад: Аб духоўнай паэзіі» (1998), «Прырода ў святле Бібліі» (на рус. мове, 2003). Адзін з аўтараў кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972, з В.Каваленкам, М.Мушынскім), «Пытанні паэтыкі» (1974, з В.Жураўлёвым, І.Шпакоўскім), «Нараджэнне новага мастацтва» (1980, з Л.Гараніным, А.Матрунёнкам), «Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст.» (т. 3—4, 2001—2002).
Тв.:
Ритмическая организация художественного текста. Мн., 1991;