ЭТНАГЕАГРА́ФІЯ,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае размяшчэнне народаў, асобных этнагр. і канфесіянальных груп, шляхі іх міграцыі, заканамернасці рассялення і распаўсюджання тых ці інш. этнакульт. элементаў у прасторы і часе, уплыў геагр. і пэўных фактараў на характар іх жыццядзейнасці і рэгіянальныя асаблівасці культуры. Знаходзіцца на сумежжы этнаграфіі і геаграфіі. Як апісальная навука вядома са старажытнасці («Гісторыя» Герадота, 5 ст. да н.э.; «Геаграфія» Страбона, «Натуральная гісторыя» Плінія Старэйшага, абедзве 1 ст. н.э., працы Тацыта, Пталамея і інш.). Новы штуршок атрымала ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, асваення і каланізацыі новаадкрытых зямель. Найб. актуальныя задачы Э.: вызначэнне нац. складу насельніцтва свету і яго асобных расавых, этналінгвістычных, рэліг. груп, іх геагр. размяшчэнне, складанне этнагр. карт і атласаў. Цесна звязана з этн. дэмаграфіяй, антрапагеаграфіяй, лінгвагеаграфіяй, праблемамі арэальных даследаванняў і картаграфаваннем. Пры вызначэнні межаў рассялення народаў істотнае значэнне мае этн. ідэнтыфікацыя паводле моўных прыкмет, нац. самасвядомасці і канфесіянальнай прыналежнасці, што адлюстроўваюць абагульняльныя этнаграфічныя карты і атласы.
Літ.:
Титов В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;
Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;
Смоліч А. Геаграфія Беларусі. Мн., 1992;
Беларусы: Этнагеаграфія, дэмаграфія. дыяспара, канфесіі: Атлас. Мн., 1996.
В.С.Цітоў.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)