ХЛОР (лац. Chlorum),

Cl, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 17, ат.м. 35,453, адносіцца да галагенаў. Прыродны Х. — сумесь стабільных ізатопаў ​35Cl (75,77%) і ​37Cl (24,23%). У зямной кары 1,710​−2% па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў, найважн. — галіт, бішафіт, сільвініт. Вял. запасы Х. (у выглядзе хларыд-іона) у Сусв. акіяне, падземных расолах і саляных азёрах. Адзін з біягенных элементаў. Адкрыты ў 1774 швед. хімікам К.​Шэеле.

Жоўта-зялёны газ з рэзкім раздражняльным пахам (адсюль назва ад грэч. chloros жоўта-зялёны), tкіп -33,97 °C, шчыльн. 3,214 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, чатыроххлорыстым вугляродзе, гептане і інш. Малекула двухатамная. Адзін з найб. хімічна актыўных элементаў, моцны акісляльнік. Непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі металамі і большасцю неметалаў (утварае хларыды). З кіслародам утварае шэраг аксідаў, найважн. з іх — Х. дыаксід ClO2, трыаксід Cl2O6 і аксід Cl (VII). Атрымліваюць электролізам водных раствораў натрыю хларыду. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці хлорзмяшчальных арган. злучэнняў (напр., вінілхларыду), неарган. хларыдаў, а таксама для адбельвання цэлюлозы і тканін, водаачысткі. Таксічны, раздражняе слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі і лёгкія; ГДК у атмасферы 0,03 Мг/м³ (сярэднясутачная).

Літ.:

Фрумина Н.С., Лисенко Н.Ф., Чернова М.А. Хлор. М., 1983.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)