БРУЦЭ́ЛЫ

(Brucella),

род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Якуб Мустафавіч

(н. 15.1.1934, г. Клецк),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957). У 1961—67 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. З 1968 у НДІ эканомікі Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы рэгіянальнай эканомікі, распрацоўка эканам. прагнозаў і комплексных праграм.

Тв.:

Региональное планирование: Вопр. развития и размещения производительных сил БССР. Мн., 1982.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТМІНСТЭР, Уэстмінстэр (Westminster),

адм. акруга і старэйшы гіст. раён Лондана, на левым беразе р. Тэмза. Узнік, верагодна, у 7 ст. Месцазнаходжанне дзярж. і ўрадавых устаноў — каралеўскай рэзідэнцыі (Бакінгемскі палац), парламента (Вестмінстэрскі сабор), рэзідэнцыі прэм’ер-міністра (на Даўнінг-стрыт), мін-ваў (вул. Уайтхал). У Вестмінстэрскім абацтве (гатычная царква, 1245—1745, з капэлай Генрыха VII, 1503—19) пахаваны англ. манархі, дзярж. дзеячы, знакамітыя людзі, у т. л. І.Ньютан, Ч.Дарвін, Ч.Дзікенс.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ

(ВАІ),

орган Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь, на які ўскладзены правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-трансп. здарэнняў з вайсковым аўтамаб. транспартам, кантроль за дысцыплінай ваенных вадзіцеляў, выкананнем імі правіл руху і эксплуатацыі машын у гарнізонах і на дарогах, якія прылягаюць да іх. ВАІ ствараюцца ў гарнізонах, пры ўпраўленнях аб’яднанняў, а таксама на перыяд вучэнняў войск; забяспечваюцца трансп. сродкамі, сродкамі сувязі і сігналізацыі, маюць вызначаныя адметныя знакі.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

1) вышэйшы цэнтральны орган ваен. кіравання ў Расіі ў 18 ст. Створана ў 1717—20 замест ваен. прыказаў з мэтаю цэнтралізацыі ваен. кіравання. У 1802—12 рэарганізавана ў ваен. мін-ва.

2) Орган Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе нагляд за судовай дзейнасцю ваен. судоў і разглядае аднесеныя да яе вядзення крымін. справы. Ваенная калегія існуе ў складзе Вярх. суда Расіі і ў інш. краінах СНД.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́піна ’лапік’, ла́пінка ’тс’, ла́піна ’адзежына’, ’ануча’, ’невялікі ўчастак, заняты пад што-небудзь’, ’абсеў, незасеяны агрэх’, ’месца, дзе качаўся конь’ (гродз., віц., мін., ДАБМ). Паводле Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 621), узыходзіць да літ. lopinȳs ’кавалак матэрыі, рыззё, ануча’, ’прагаліна’ < lōpas ’латка’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 116–118). Аднак не выключана магчымасць утварэння ад ла́па4 (гл.) пры дапамозе апелятыўнага суф. ‑ін‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́пы1 ’вусны’, ’вялікія непрыгожыя губы’ (Касп., Шат., Сцяшк., Жд.; віц., мін., шчуч., навагр., КЭС; полацк., Нар. лекс.), польск. паўн.-усх. («z Litwy») łupy ’тс’, ’губы жывёл’. Да лупа1 (гл.), якое, з’яўляючыся балтызмам, звязана з с.-н.-ням., н.-ням. lobbe, lubbe ’тоўстая, абвіслая губа’ (Слаўскі, 5, 347).

Лу́пы́2 мн. ’адходы пры шатраванні круп’ (стол., Выг. дыс.). Да лупа́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рмур ’цвёрдая горная парода, якая ўжываецца для архітэктурных і скульптурных работ’ (ТСБМ, Нас., Бес.; швянч., Сл. ПЗБ), марму́рак ’папера, афарбаваная пад мармур’, марму́ркавы ’колерам падобны да мармура’ (Нас.), марвовы ’мармуровы’ (мін., Нар. сл.), ст.-бел. мармуръ, марморъ ’мармур’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. marmur, marmor (Булыка, Лекс. запазыч., 141; Кюнэ, 76), якія з лац. marmor ’тс’ < ст.-грэч. μάρμαρος ’камень’, ’бліскучы камень’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́йсца, ме́йсце ’месца’, ’мясцовасць’, ’пэўны ўчастак цела, плацэнта’ (Нас., Яруш., Касп., Сл. ПЗБ), мін. ’частка агарода, якая знаходзіцца за сцяной замка’ (Яшк.), ст.-бел. мейсце (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. miejsce, miejsco ’тс’. Форма мейста ’тс’ (Яруш.) — кантамінацыя польск. miejsce і ст.-бел. мѣсто, дыял. ме́ста ’месца’. Сюды ж ст.-бел. мейский, мейсцкий ’гарадскі’ < ст.-польск. miejski ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раге́ша ’някемлівы, неахайны чалавек’ (мін., Непакупны, Связи), ’плакса’ (зэльв., Нар. словатв.), рэке́ша ’тоўстая, бясформенная, неахайна апранутая жанчына’ (смарг., Непакупны, Связи), укр. реге́ша, реке́ша ’неахайны, няўклюдны або тоўсты чалавек’. Балтызм, параўн. літ. rekešỹs ’разгалінаванае дрэва’, ’сукаватая галінка’, ’няўклюдны чалавек’, rekežỹs ’бясформенная рэч’, ’амаральны чалавек’, якія да кораня *rek‑, *ker‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Непакупны (Связи, 195) дапускае метатэзу апошняга кораня, параўн. раскярэша (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)