археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.М.Палікарповіч, даследавалі Л.В.Грэхава і бел. археолагі А.Дз.Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш. жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЛАНТА́ЦЫЯ [ад лац. im (in) у, унутр + plantatio саджанне, перасадка],
у эмбрыялогіі, прымацаванне і заглыбленне зародка ў слізістую абалонку маткі ў млекакормячых з унутрывантробным развіццём (сумчатых і плацэнтарных). І. ў чалавека бывае праз 6—7 дзён пасля апладнення зародка. Адрозніваюць І.: паверхневую (у слізістую абалонку маткі апускаюцца толькі варсінкі харыёну), заглыбляльную (заглыбляецца зародак з абалонкамі), абдамінальную (поласцевую; яйцаклетка пасля апладнення застаецца ў брушной поласці; развіваецца пазаматачная цяжарнасць). І. ў хірургіі — аперацыя ўжыўлення матэрыялаў (біялагічна неактыўных металаў, пластмас і інш.), ці агульная назва пластычных аперацый перасадка храстка, косці, утварэнне некат. анастамозаў (мачаточніка, семявыноснай пратокі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РМЕЛЬ,
гара на Пд Палесціны (тэр. Ізраіля), на зах. схіле якой у пячорах Табун і Схул у 1929—34 выяўлены касцявыя рэшткі людзей разам з каменнымі прыладамі і касцямі выкапнёвых жывёл. У пячоры Табун знойдзены амаль поўны шкілет жанчыны неандэртальскага тыпу і ніжняя сківіца мужчынскага чэрапа. У пячоры Схул знойдзены косці 10 шкілетаў рознай захаванасці са спалучэннем неандэртальскіх і сучасных асаблівасцей будовы чэрапа і інш. частак шкілета. Жылі 35—40 тыс. гадоў таму назад. Адны вучоныя лічаць, што насельніцтва пячор К. — вынік змешвання людзей неандэртальскага і сучаснага тыпаў; іншыя бачаць у іх эвалюцыйны пераход ад стараж. людзей да новых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛІЯ,
рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.
А.В.Лоў.
Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТА́,
верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.М.Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́Ц,
востраканцовая прылада працы стараж. чалавека ў эпоху палеаліту; пласціна або адшчэп крэменю для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў, расчлянення косці, рогу, дрэва. Асн. тыпы Р.: на вугле зламанай загатоўкі, рэтушныя ці бакавыя, 2-гранныя ці сярэдзінныя. На тэр. Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.