ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),
бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел.кампазітараў Р.Пукста, А.Багатырова, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, Н.Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎДА (Віктар Уладзіміравіч) (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1978). Нар.арт.СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж.акад.рус.нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж.нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст.Муз. творы для габоя ёсць у бел.кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЧЫК (сапр.Андрусышын Багдан; н. 3.1.1958, Нью-Йорк),
амерыканскі і бел. спявак (лірычны тэнар), журналіст. З роду пачынальнікаў бел. адраджэння 20 ст. I. і А.Луцкевічаў (прабабка спевака Э.Шабуня іх родная сястра). Скончыў ф-т журналістыкі Нью-Йоркскага ун-та (1989). З 1992 працуе на радыёстанцыі «Свабода». Адзін з найб. яркіх сучасных выканаўцаў бел. песні ў ЗША і Канадзе. Мае прыгожы голас мяккага пяшчотнага тэмбру. Выкананне адметнае шчырасцю, асэнсаванасцю. У рэпертуары пераважаюць творы бел.кампазітараў на словы бел. паэтаў і бел.нар. песні. У Нью-Йорку выпушчана 5 грампласцінак з бел. песнямі і рамансамі ў выкананні Д. (адна з іх у дуэце з Л.Барткевічам), а таксама магнітаальбомы. Неаднаразова наведваў Беларусь, даў шэраг канцэртаў, у т. л. дабрачынныя на карысць дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра яго зняты дакумент. фільм (1989).
Літ.:
Сабалеўскі А. Данчык — шлях да Беларусі // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Я го ж. Ля вытокаў культурнага адраджэння: (Данчык у Беларусі) // Там жа. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел.кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
А.Я.Ракава.
А.М.Генералаў.А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),
бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел.кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).
Літ.:
Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;
Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.Пучыні, «Пампадуры» А.Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Галька» С.Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап.кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.
Літ.:
Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,
«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус.рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац.муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус.муз. культуры.
Літ.:
Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».
Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел.кампазітараў мінулага (С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Шчаглова, М.Анцава, А.Туранкова) і сучасных (С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, А.Рашчынскага, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.Бартнянскага, А.Ведаля, В.Казлоўскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, месы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, А.Дыябелі, рэквіемы Л.Керубіні, М.Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).