Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,
ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.Сарока (1-я скрыпка), П.Валадарскі (2-я скрыпка), Л.Ластаўка (альт), М.Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.Гершовіч (з 1965), Т.Боднева, В.Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел.кампазітараў (М.Аладава, В.Войціка, В.Залатарова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, П.Падкавырава, Э.Ханка, К.Цесакова, М.Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКО́ВІЧ (Веньямін Антонавіч) (29.7.1937, с. Усць-Коін Усць-Вымскага р-на, Рэспубліка Комі — 28.12.1983),
бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1962). З 1952 артыст, саліст, канцэртмайстар Дзярж.нар. аркестра БССР, з 1974 саліст Бел. філармоніі. У рэпертуары былі арыг. творы бел.кампазітараў, пералажэнні п’ес кампазітараў-класікаў. Яго выкананне адметнае віртуознасцю, тэмпераментам, багатай нюансіроўкай, артыстызмам. Лаўрэат конкурсаў Усесаюзнага і VI Сусв. фестываляў моладзі і студэнтаў (1957, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НЧАНКА (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),
спявак (бас). Нар.арт.СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб.кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр.нар. песні, рамансы ўкр.кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДУ́БСКІ (Іван Аляксандравіч) (н. 17.9.1947, в. Краўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1973, клас Л.Івашкова). З 1974 саліст Ансамбля песні і танца БВА, з 1982 — Бел. філармоніі. Валодае прыгожым яркім голасам шырокага дыяпазону, сцэн. абаяльнасцю. У канцэртным рэпертуары арыі з опер рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, камерная лірыка сучасных кампазітараў, у т. л. беларускіх У.Алоўнікава, А.Багатырова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАВА (Алена Якаўлеўна) (н. 18.11.1926, Мінск),
бел. музыказнавец. Скончыла Бел. кансерваторыю (1952). У 1951—63 выкладчык Мінскай муз. школы. У 1962—69 кансультант Саюза кампазітараў Беларусі. З 1982 лектар Бел.дзярж. філармоніі. Аўтар даследаванняў пра творчасць бел.кампазітараў. З 1994 за мяжой.
Тв.:
Тема партизанской борьбы в творчестве белорусских композиторов. Мн., 1961;
Краіна До-рэ-мі... Мн., 1964;
Яўгеній Глебаў. Мн., 1971;
Патриотическая тема в песенном творчестве белорусских композиторов // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977;
Государственный народный оркестр БССР им. И.И.Жиновича. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК (Якаў Ізраілевіч) (20.11.1913, г. Адэса, Украіна — 27.6.1976),
расійскі піяніст, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1932) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі (1935, кіраўнік Г.Нейгаўз). Выступаў як піяніст-канцэртант. Яго вялікі рэпертуар уключаў творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Першы выканаўца многіх твораў сав.кампазітараў. З 1935 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Сярод яго вучняў: Я.Магілеўскі, М.Пятроў, Э.Вірсаладзе. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935), пераможца Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (1937, Варшава, 1-я прэмія і спец. прыз — маска Шапэна).
Літ.:
Яков Зак. Статьи. Материалы. Воспоминания. М., 1980.