ДЫВЕ́РСІЯ (ад лац. diversio адхіленне, адцягванне ўвагі),
1) падрыўныя дзеянні (падпалы, разбурэнні і да т.п.), зробленыя спецыяльна падрыхтаванымі агентамі або групамі ў мірны і ваенны час на тэрыторыі якой-н. дзяржавы або тэрыторыі, захопленай праціўнікам, з мэтай аслаблення яго эканам. і ваен. магутнасці, маральнага стану.
2) У КК Рэспублікі Беларусь Д. — дзярж.злачынства, якое выяўляецца ва ўчыненні выбухаў, падпалаў, інш. дзеянняў, што маглі выклікаць гібель людзей ці інш. шкоду іх жыццю і здароўю, разбурэнне або пашкоджанне аб’ектаў нар. гаспадаркі з мэтай нанясення ўрону эканам. бяспецы і абараназдольнасці дзяржавы. Караецца пазбаўленнем волі ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а калі Д. прывяла да гібелі людзей або інш. асабліва цяжкіх вынікаў ці ўчынена арганізаванай групай — пазбаўленнем волі ад 15 да 25 гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, ці пакараннем смерцю з канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,
асабліва небяспечнае дзярж.злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУД ПРЫСЯ́ЖНЫХ,
суд, у склад якога акрамя пастаянных суддзяў уваходзяць прысяжныя засядацелі; адзін з найб. дэмакратычных ін-таў судовай сістэмы і ўсёй сістэмы органаў дзярж. улады, які ўвасабляе прынцып непасрэднага ўдзелу народа ў ажыццяўленні правасуддзя. У класічным варыянце складаецца з лавы прысяжных засядацеляў — калегіі з 6, 12 або інш. колькасці грамадзян (адбіраюцца па выпадковай методыцы для дадзенай справы і вырашаюць пытанні факта злачынства) і аднаго ці некалькіх прафес. суддзяў, якія вырашалі пытанні права. Як правіла, С.п. разглядае крымін. справы ў першай інстанцыі. Узнік у Англіі ў 12—15 ст., у Еўропе і некат. інш. частках свету пашырыўся пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99. У наш час С.п. існуе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Ірландыі, Швейцарыі і інш. У Расійскай імперыі (у т. л. на Беларусі) С.п. існаваў у 1864—1917. З 1993 паэтапна ўводзіцца ў некаторых суб’ектах Рас. Федэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРО́ЎСКІ (сапр.Саруханаў) Юрый Ільіч
(3.5.1894, Тбілісі — 30.12.1959),
расійскі і латвійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1956). На сцэне з 1914. Працаваў у т-рах Расіі. З 1924 (з перапынкам) акцёр і рэжысёр Рыжскага т-рарус. драмы, адначасова (да 1934) выступаў і ставіў спектаклі ў Рабочым т-ры (Рыга). Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Макар Дубрава («Макар Дубрава» А.Карнейчука), Тэўе («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), кароль Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш. Паставіў каля 100 спектакляў, у т. л. «Платон Крэчат» Карнейчука (1937), «У агні» Р.Блаўманіса (1955). Здымаўся ў кіно («Сустрэча на Эльбе», 1949; «Жукоўскі», 1950, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.