«РЭСПУ́БЛІКА»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з чэрв. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. жыцця краіны, праблемы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі, спорту, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Што людзі пішуць», «Дыялог», «Званы госць», «Падрабязнасці», «Яшчэ не вечар», «Алімпія», «Прамая лінія» і інш. Публікуе пастановы СМ рэспублікі, распараджэнні прэм’ер-міністра, інш. прававыя акты рэсп. органаў. Мае рэгулярныя дадаткі «Рэспубліка дзелавая» і «Усё аб падатках», асобным тыражом выходзяць «Вести потребкооперации».

У.​Ф.​Нікалайчук.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў (шахіншахаў) Ірана ў 3—7 ст. Заснавальнік — Сасан (верагодна, бацька Папака — першага цара Парса з роду С.). Напачатку былі правіцелямі вобл. Парс у Паўд.-зах. Іране пад вярх. уладай правіцеляў Парфянскага царства. У 224 сын Папака Ардашыр I [224—239] скінуў уладу парфян, заваяваў іх царства і абвясціў сябе царом. Найб. вядомыя з С.: Шапур I [239—272], Шапур II [309—379], Пероз [459—484], Кавад I [488—496, 498—531], Хасроў I Анушырван [531—579] і Хасроў II Парвіз [591—628]. Апошнім з С. быў Ездэгерд III [632—651 альбо 652], які пацярпеў паражэнне ў войнах з арабамі (гл. Арабскія заваяванні) і з гібеллю якога скончылася дынастыя.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЦЯЛЯ (Setälä) Эміль Нестар (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),

фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́НДЭР-ПЕ́ТЭРСЕН (Stender-Petersen) Адольф (21.7.1893, С.-Пецярбург — 16.4.1963),

дацкі славіст. Чл. Польскай АН (з 1962). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1923 праф. Тартускага ун-та, з 1931 — ун-та ў Орхусе (з 1941 заг. кафедры славістыкі). Заснавальнік Т-ва сканд. славістаў (1951). У 1954—63 рэдактар час. «Scando-Slavica» («Сканда-Славіка»). Даследаванні ў галіне славяна-германскіх запазычанняў, рус. мовы. Аўтар прац пра польскі т-р, рус. класічную л-ру. У «Гісторыі рускай літаратуры» (ч. 1—3, 1952), імкнучыся раскрыць заканамернасці літ. працэсу, аналізаваў форму і стыль, прыцягваў сацыялагічныя звесткі.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕ́БУТ Іван Аляксандравіч (12.2.1833, г. Вял. Лукі Пскоўскай вобл., Расія — 20.10.1923),

рускі і бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў раслінаводства на Беларусі. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1854), з 1860 праф. гэтага ін-та. У 1865—94 праф. Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі, узначальваў 1-ю ў Расіі кафедру раслінаводства. Навук. працы па апрацоўцы глебы, агратэхніцы палявых культур. Арганізатар першай у Расіі жаночай вышэйшай с.-г. навучальнай установы (Сцебутаўскіх курсаў). Заснавальнік і рэдактар журнала «Русское сельское хозяйство».

Тв.:

Изб. соч. Т. 1—2. М., 1956—57.

І.А.Сцебут.

т. 15, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́О-КЛАРДЖЭ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава ў паўд.-зах. Грузіі ў 9—10 ст. Заснавальнік — Ашот Багратыёні адбудаваў крэпасць і горад Артануджы (цяпер на тэр. Турцыі), які стаў сталіцай княства. Пры падтрымцы Візант. імперыі князі Багратыёні разгарнулі паспяховую барацьбу па выгнанні з Грузіі арабаў; у канцы 9 ст. яны прынялі тытул «цар грузін», а краіна атрымала назву Груз. царства. Найб. росквіту дзяржава дасягнула пры Давідзе III Курапалаце (пам. 1001). Яго прыёмны сын Баграт III у 975 абвешчаны царом аб’яднанай груз. дзяржавы, у якую ўвайшло і Т.-К.к.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́МБІЧ (Trumbić) Антэ (17.5.1864, г. Спліт, Харватыя — 17.11.1938),

харвацкі і югаслаўскі паліт. дзеяч. Д-р права (1890). Вучыўся ва ун-тах Заграба, Вены і Граца (Аўстрыя). З 1 894 чл. харвацкай (далмацінскай) Партыі права. У 1895—1918 дэп. Далмацінскага сабора і аўстр. парламента. Заснавальнік ліберальна-бурж. Харвацкай партыі (1905), якая выступала за харвацка-сербскае збліжэнне. З 1915 старшыня Паўднёваславянскага камітэта; ад яго імя падпісаў Корфскую дэкларацыю 1917 аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), міністрам замежных спраў якога быў у 1918—20.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫРАДЭ́НТЫС (Tiradentes; сапр. Жаакін Жазэ да Сілва Шаўер; Silva Xavier; 12.11.1748, Памбал — 21.4.1792),

кіраўнік рэв. арг-цыі ў Бразіліі ў 1780-я г. Калі быў на партуг. ваен. службе, далучыўся да сакрэтнага т-ва, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі і афіцэрства. Пад яго кіраўніцтвам арг-цыя падрыхтавала змову з мэтай антыпартуг. паўстання з наступным абвяшчэннем незалежнай Бразільскай рэспублікі. У маі 1789 Т. і інш. змоўшчыкі арыштаваны партуг. ўладамі. Т., як кіраўнік змовы, пакараны смерцю. У Бразіліі Т. шануецца як заснавальнік руху за незалежнасць Бразіліі.

Літ.:

Игнатьев О. Тирадентис. М., 1966.

т. 16, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДЗЮ́ШЫН Анатоль Уладзіміравіч (11.5.1891, г. Слуцк Мінскай вобл. — 10.3.1972),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і паразіталогіі; заснавальнік зоагеаграфіі Беларусі. Д-р біял. н. (1938), праф. (1927). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). З 1921 у БДУ (заг. кафедры), адначасова ў 1922—28 у Ін-це бел. культуры (кіраўнік сектара). З 1933 у г. Омск (Расія). Навук. працы па арніталогіі, праблемах павелічэння і зберажэння паляўнічай фауны.

Тв.:

Речной бобр, его история, жизнь и опыты по размножению. М., 1935;

Птицы Белоруссии. Мн., 1967 (разам з М.​С.​Долбікам).

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРЭ́НІН Аляксандр Мікалаевіч (6.5.1896, г. Калуга, Расія — 18.1.1967),

расійскі фізікахімік; заснавальнік рас. навук. школы фотахімікаў. Акад. АН СССР (1939, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Петраградскі ун-т (1922), з 1919 у Дзярж. аптычным ін-це (у 1945—56 навук. кіраўнік), адначасова з 1922 у Ленінградскім ун-це (з 1932 праф.). Асн. працы па вывучэнні дзеяння святла на элементарныя сістэмы ад атамаў да біямалекулярных утварэнняў. Растлумачыў прыроду фасфарасцэнтнага стану арган. злучэнняў (1943). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1972—75.

А.М.Цярэнін.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)