ГРЫ́ВА (Grīva) Жан (сапр. Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял. Айч. вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.​Бяржынскі, У.​Жыжэнка, С.​Міхальчук, У.​Пігулеўскі.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8. Rīga, 1970—77;

Бел. пер. — Пад небам Іспаніі. Мн., 1959.

т. 5, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУ́Н Міхась (сапр. Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),

бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел. пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.​Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.​Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.​Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.​Астапенкам), Ф.​Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.​Кляшторным), вершы А.​Пушкіна, Маякоўскага, Э.​Багрыцкага і інш.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1961.

І.​У.​Саламевіч.

М.Багун.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ Сяргей Цімафеевіч (1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕКДО́Т (франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),

кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.

У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.

Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, М.​Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.​Колас, К.​Чорны, Б.​Сачанка і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:

Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;

Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;

Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.​С.​Фядосік.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПДАЙК (Updike) Джон (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб. апавяд. «Даверся мне» (1986).

Тв.:

Рус. пер. — Кролик, беги;

Кентавр;

Ферма. Кишинев, 1984.

Дж.Апдайк.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ШЧАНКА Міхаіл Міхайлавіч (10.8.1895, г. Палтава, Украіна — 22.7.1958),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У гумарыстычных і сатыр. апавяданнях і фельетонах (першы зб. «Апавяданні Назара Ільіча, пана Сінябрухава», 1922) стварыў тыповы для тых часоў вобраз абывацеля-прыстасаванца. Камізм сітуацый падкрэслівае трагізм тагачаснага існавання ў аповесцях «Мішэль Сінягін» (1930), «Вернутая маладосць» (1933), «Гісторыя аднаго жыцця» (1934). Самааналізам і філасафічнасцю прасякнута аповесць-эсэ «Перад усходам сонца» (ч. 1. «Ключы шчасця», 1943, ч. 2 «Аповесць пра розум», апубл. 1972). За апавяданне «Прыгоды малпы» (1945) выключаны з Саюза пісьменнікаў (адноўлены ў 1953). Аўтар камедый «Небяспечныя сувязі», «Парусінавы партфель» (абедзве 1939), біягр. аповесцей «Керанскі» (1937) і «Тарас Шаўчэнка» (1939). Творы З. на бел. мову пераклалі Я.​Скрыган, В.​Рабкевіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1986—87.

Літ.:

Старков А.Н. Михаил Зощенко: Судьба художника. М., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.М.Зошчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕВА Ганна Аляксандраўна (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял. Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.​Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Бахта, С.​Дарожны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58;

Свет вчерашний: Воспоминания. М., 1964;

Бел. пер. — Двор. Мн., 1931;

Лесазавод. Мн., 1932.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЮШЭ́НКА Міхась (Міхаіл Пятровіч; н. 1.3.1947, Мінск),

бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1987). Скончыў БДУ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», апараце ЦК ЛКСМБ, у 1979—84 і ў 1992—94 гал. рэдактар газ. «Знамя юности», у 1987—94 нам. гал. рэдактара час. «Крыніца». Друкуецца з 1968. У цэнтры твораў К. маральна-этычныя праблемы сучасніка, аналіз складаных сітуацый і пошукі выйсця з іх, тэмы Вял. Айч. вайны, спорту і інш. Аўтар кніг «Першая восень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984) і інш., сцэнарыя дакумент. фільма пра П.​Клімука «Хроніка знаходжання на зямлі» (1981, з В.​Грышановічам).

Тв.:

Урок маўчання: Раман, апавяданні. Мн., 1988;

Прызнанне левага крайняга: Раман, аповесць. Мн., 1990.

М.​П.​Кенька.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШЫ́НА (сапр. Казак) Рыгор

(3.12.1908 або 1907, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 27.3.1979),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1920-я г.). Скончыў Маскоўскі ін-т кінематаграфіі (1935). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі; друкаваўся ў газ. «Беларуская газэта», «Беларускі работнік», «Раніца». З 1944 у Германіі, у 1950—60-я г. працаваў на радыёстанцыі «Свабода». З 1960-х г. у ЗША. Друкаваўся з 1925. Першы зб. «Паэзія чырвонаармейца» (1931). Лірызм, туга па Радзіме, любоў да жанчыны ў. зб-ках паэзіі «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Першы ў бел. паэзіі развіваў паліндром, туюг, канцону, лірычную секстыну і інш. формы верша. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы, шмат перакладаў.

Тв.:

Выбр. творы. Нью-Йорк;

Мюнхен, 1957.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ Павел Аркадзевіч (н. 27.6.1954, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Сын А.Н.Марціновіча. Скончыў БДУ (1976). З 1974 працаваў у Т-ры юнага гледача, у 1978—79 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1969. У зб-ках «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977) паэт. роздум пра гісторыю і культуру роднага краю, пошукі духоўнасці. Піша пародыі, эпіграмы, сатырычныя вершы. Выдаў кн. вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Складальнік кн. «Бурштынавыя пацеркі: Вершы, апавяданні, казкі літ. пісьменнікаў» (1984). На бел. мову перакладае з літ. (аповесці В.​Бубніса «Белы вецер», «Рамунас», абедзве 1978), чэшскай (раман Я.​Козака «Гняздо бусла», 1979), англ. (аповесці А.​Крысці «Нябожчыкава люстэрка», 1988, «Нямейскі леў», 1994; Дж.​Д.​Сэлінджэра «Гэпварт, 16, 1924»; Э.​Хемінгуэя «Стары чалавек і мора», абедзве 1996) і інш. моў.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)