1) сукупнасць людзей, якія жывуць на Зямлі; тое, што народанасельніцтва.
2) Гіст. супольнасць людзей, якая склалася ў працэсе станаўлення і развіцця эканам., паліт., культ. і інш. сувязей паміж рознымі краінамі і народамі свету.
Паводле разлікаў дэмографаў, з часу з’яўлення краманьёнцаў (50—40 тыс.г. назад) на Зямлі змянілася каля 1600 пакаленняў «чалавека разумнага» (Homo sapiens) і пражывала прыкладна 60—70 млрд. людзей. Лічыцца, што папуляцыя людзей розных біял.відаў і іх падвідаў, якія адначасова пражывалі на Зямлі 1 млн.г. назад, налічвала каля 100 тыс. індывідаў, да моманту з’яўлення віду Homo sapiens больш за 50 тыс.г. назад — прыкладна 500 тыс., 40—30 тыс.г. назад — каля 5 млн. Да пач. 4-га тыс. да н.э. пасля пераходу людзей да земляробства і жывёлагадоўлі на Зямлі пражывала ўжо прыкладна 100 млн.чал. У наш час, паводле звестак ААН, на нашай планеце жыве каля 6 млрд. чалавек. Сучаснае Ч. разнастайнае ў расавых, этн. і культ. адносінах. У адрозненне ад рас шматлікія этнасы (плямёны і іх саюзы, народнасці, нацыі), з якіх складаецца Ч., уяўляюць сабой не біял., а сац.-гіст. супольнасці людзей, якія развіваюцца дзякуючы салідарнасці з сабе падобнымі паводле мовы, ладу жыцця, культ. і інш. прыкмет (гл.Антрапагенез, Антрапасацыягенез).
З моманту ўзнікнення розных лакальных і рэгіянальных цывілізацый эвалюцыя Ч. адбывалася на аснове ўласнага развіцця і запазычання народамі дасягненняў матэрыяльнай і духоўнай культуры інш. народаў. Гісторыя Ч. традыцыйна разглядаецца шляхам падзелу яе на Стараж. свет, сярэдневякоўе, новы час. У эвалюцыі Ч. вылучаюцца 4 тэхнал. эпохі: збіральніцтва і палявання, аграрная, індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства. З сярэдзіны 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да інтэграцыі эканамічнай, навук.-тэхн., паліт. і культ. супрацоўніцтва. Узніклі новыя жыццёва важныя для Ч. глабальныя праблемы. З’явілася новая навука — глабалістыка, прадмет якой — агульныя заканамернасці развіцця сучаснага Ч. ва ўмовах антрапагенна перагружанай Зямлі, стварэнне мадэлей навукова і духоўна арганізаванага свету. Аб’ектыўны працэс больш цеснага яднання Ч. (глабалізацыі) стварае перадумовы для ўключэння многіх краін у агульнасусв. эканам. і навук.-тэхн. прагрэс, выкарыстання перадавых тэхналогій для ўласнага развіцця, стварэння агульнапланетарнай (глабальнай) цывілізацыі пры захаванні разнастайнасці нац. культур, умоў іх узаемнага ўзбагачэння. У 2002 Ген. Асамблея ААН прыняла спец. рэзалюцыю аб рэагаванні на глабальныя пагрозы і выклікі Ч. (тэхнагенныя катастрофы, рост злачыннасці і наркаманіі, міжнар. тэрарызм і інш.), якая прадугледжвае фарміраванне глабальнай сістэмы процідзеяння гэтым пагрозам і ажыццяўленне практычных мер, накіраваных на дынамічнае паступальнае развіццё ўсіх састаўных ч. сучаснага Ч.
Літ.:
Цивилизация: прошлое, настоящее и будущее человечества. М., 1988;
Моисеев Н.Н. Быть или не быть... человечеству? М., 1999;
Уткин А.И. Мировой порядок XXI в М., 2001;
Федотов А.П. Глобалистика: Начала науки о современном мире. 2 изд. М., 2002;
Тойнби А.Д. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ.М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ТНАС (ад грэч. ethnos племя, народ),
этнічная, устойлівая сац. міжпакаленная супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, культуры, рыс псіхікі і самасвядомасці, адлюстраванай у адзінай назве. Часам Э. складваецца з разнамоўных элементаў (напр., многія нацыі Амерыкі). Э. — асн. паняцце этнаграфіі. У рас. і еўрап.навук. л-ры тэрмін «Э.» ужываецца з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. як зборнае паняцце для вызначэння розных тыпаў этн. і этнасац. супольнасцей; у 1960—90-я г. значна пашырыўся ў этнагр., гіст., паліталагічнай і публіцыстычнай л-ры (С.Токараў, Ю.Брамлей, Л.Гумілёў, С.Аруцюнаў, М.Піліпенка, Г.Штыхаў і інш.). Вылучаюцца асн. тыпы Э.: племя (у першабытнасці), народ, народнасць (у ант. і сярэдневяковую эпохі), нацыя (у новы і навейшы час), якія характарызуюцца сац. і эканам. асаблівасцямі, рознай ступенню этн. кансалідацыі насельніцтва і яго дэмаграфічнай колькасцю.
Бел. Э. сфарміраваўся ў складзе ВКЛ на аснове раннедзярж. зямляцкіх супольнасцей 10—13 ст. — палачан, віцябчан, мянян, случан, тураўцаў, мсціслаўцаў, берасцян, новагародцаў і інш., у якія пераўтварыліся папярэднія слав.этн. аб’яднанні крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. часткова валынян, драўлян, севяран і інш. У этнагенезе бел. Э. ўдзельнічалі некат. групы балцкіх этн. супольнасцей — літва, яцвягі (судовы, дайноўцы) і інш. У 2-й пал. 19 ст.бел. Э. трансфармаваўся ў нацыю. У этнагр. л-ры вылучаюцца таксама паняцці «этнасацыяльны арганізм» (характарызуецца адзінствам тэрыторыі, агульнымі сац.-паліт. і эканам. адносінамі, цэльнасцю і кампактнасцю рассялення насельніцтва і яго дзярж. кансалідацый) і ўласна Э. (характарызуецца адзінствам этн. прыкмет). Напр., на землях Беларусі ў 1921—39 існавалі 2 асобныя этн. супольнасці — бел. нацыя з уласнай дзяржаўнасцю ў межах БССР і этн. група (т.зв. нац. меншасць) беларусаў у складзе Польскай Рэспублікі, якія разам складалі бел. Э. У сучаснай практыцы паняцце «Э.» часта замяняецца тэрмінамі «народ», «нацыя». «нацыянальнасць», «этнічнасць», «этнічная супольнасць». у навук. л-ры — таксама «этнікос»; яны паняційна аб’ядноўваюць асобных прадстаўнікоў і групы Э., што існуюць дысперсна паміж сабой, а таксама з ядром Э. — этнасац. арганізмам (напр., беларусаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў, што жывуць у Рас. Федэрацыі, Украіне. Літве, Польшчы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.). На паняцці «Э.» грунтуецца значная частка этнагр., гіст., археал., фалькл. і інш.навук. л-ры. Пры эта. класіфікацыі народаў свету Э. выступае як асн. від этн. супольнасці.
Літ.:
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Яго ж. Этносоциальные процессы: теория, история, современность. М., 1987;
Чебоксаров Н.Н., Чебоксарова И.А. Народы. Расы. Культуры. 2 изд. М., 1985;
Алексеев В.П. Этногенез. М., 1986;
Арутюнов С.А. Народы и культуры: Развитие и взаимодействие. М., 1989;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Говард М. Сучасная антрапалогія: Пер. з англ.Мн., 1995;
Беларусы. М., 1998;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1942—43,
адна з найбуйнейшых бітваў 2-й сусв. і Вял.Айч. войнаў. Складалася з абарончай (17.7—18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942—2.2.1943) аперацый сав. войск. Паражэнні пад Харкавам і ў Данбасе прывялі да часовай страты сав. войскамі стратэг. ініцыятывы, стварылі пагрозу захопу ворагам Сталінграда і Паўн. Каўказа. Для наступлення на Сталінград ням. камандаванне вылучыла 6-ю палявую і 4-ю танк. арміі. З мэтай арганізацыі больш эфектыўнай стратэг. абароны Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання 12 ліп. стварыла Сталінградскі фронт (камандуючы Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, з 23 ліп.ген.-лейт. В.М.Гордаў, з 13 жн. ген.палк. А.І.Яроменка). Абарончая аперацыя пачалася сутыкненнем 17 ліп. ў раёне р. Чыр часцей 62-й сав. арміі (камандуючы ген.-м. У.Я.Калпакчы) і 6-й ням. арміі (камандуючы ген.-палк., са студз. 1943 ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс). Маючы перавагу ў сілах і сродках, праціўнік 23 ліп. прарваў абарону сав. войск, акружыў 3 дывізіі і інш. часці і выйшаў да р. Дон. Каб спыніць наступленне ворага, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання прыняла шэраг захадаў (28.7.1942 І.В.Сталін падпісаў загад № 227, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ні кроку назад»). 7 жн. Сталінградскі фронт. працягласць якога дасягала 800 км, падзелены на 2 часткі: Сталінградскі фронт, які з 28 вер. называўся Данскім фронтам, і Паўд.-Усх. фронт (з 28 вер. атрымаў ранейшую назву Сталінградскі фронт), асн. задачай якога стала абарона Сталінграда. Прадстаўнікамі Стаўкі на франтах Сталінградскага напрамку прызначаны (23 ліп. А.М.Васілеўскі, 26 жн. Г.К.Жукаў). Ням. камандаванне таксама ўзмацніла групоўку, што наступала на Сталінград: 31 ліп. з Каўказскага напрамку сюды павернута 4-я танк. армія. 19 жн.герм. войскі адначасовымі ўдарамі з 3 і Пд пачалі новае наступленне. У выніку сав. фронт быў прарваны, да 23 жн.ням.танк. злучэнні дасягнулі р. Волга і пачалі штурм горада. Сталінград абаранялі войскі 62-й (ген.-лейт. В.І.Чуйкоў), часткова 64-й (ген.-лейт. М.С.Шумілаў) армій. У вер. напружаныя баі ішлі на вуліцах горада, з 4 кастр. — у цэхах заводаў.
У кастр. — ліст. 1942 Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання і Ген. штаб разам з камандаваннем франтоў распрацавалі план аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі ворага ў раёне Сталінграда (кодавая назва «Уран»). 19 ліст. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі Паўд.-Зах. (ген.-лейт., з 7 снеж.ген.-палк. М.Ф.Ватуцін) і правага крыла Данскога (ген.-лейт., з 15 студз. 1943 ген.-палк. К.К.Ракасоўскі) франтоў прарвалі абарону праціўніка на ПнЗ ад Сталінграда. 20 ліст. з раёна на Пд ад горада насустрач войскам Паўд.-Зах. фронту нанеслі ўдар войскі Сталінградскага (ген.-палк. А.І.Яроменка) і 23 ліст. замкнулі кальцо акружэння (у «кацёл» трапілі 6-я і 4-я ням. арміі, значная колькасць спец. і дапаможных часцей і падраздзяленняў — усяго каля 330 тыс.чал.). 16 снеж.сав. войскі разгарнулі наступленне на Сярэднім Доне. Да канца месяца Паўд.-Зах. і левае крыло Варонежскага (ген.-лейт. П.А.Голікаў) франтоў разграмілі асн. сілы 8-й італьян. арміі, ням. аператыўнай групы «Холіт», рэшткі 3-й рум. арміі і стварылі ўмовы для поўнай ліквідацыі акружанай пад Сталінградам групоўкі ням. войск. Спроба забеспячэння акружаных войск з дапамогай авіяцыі была сарвана (знішчана больш за 700 самалётаў ворага). Калі праціўнік адхіліў прапановы аб капітуляцыі, войскі Данскога фронту 10.1.1943 перайшлі ў наступленне (кодавая назва «Кальцо»). У выніку злучэння войск 21-й і 62-й сав. армій каля Мамаева кургана 26 студз. варожая групоўка была рассечана на 2 часткі. 31 студз. спыніла супраціўленне паўд. група ням. войск (ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс), 2 лют. капітулявала паўн. група (ген. Штрэкер). У выніку С.б. разгромлена больш за 100 дывізій праціўніка, яго войскі страцілі каля 1,5 млн.чал., 3,5 тыс. танкаў (з улікам войск і тэхнікі саюзнікаў фаш. Германіі). Страты сав. войск. па некат. звестках дасягнулі 1,1 млн.чал. Сярод удзельнікаў С.б. былі тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л.нам.каманд. Сталінградскім фронтам К.А.Каваленка, камандуючыя: 17-й паветр. арміяй С.А.Красоўскі, 5-й танк. арміяй А.І.Лізюкоў (загінуў 25.7.1942), 62-й арміяй А.І.Лапацін, нач. штаба 21-й арміі В.А.Пянькоўскі, а таксама камандаванне Волжскай ваен. флатыліі (П.А.Трайнін, П.Ц.Бандарэнка, А.І.Цыбульскі). Многія беларусы здзейснілі подзвіг: камісар палка М.П.Сыдзько, камандзір гарматы кананерскай лодкі А.А.Кандраценка, лётчык І.Я.Сяржантаў, А.Я.Вашчанка, А.К.Стампкоўская і інш. У час. С.б. бел. партызаны і падпольшчыкі ўзмацнілі ўдары па варожых тылах: зрывалі перакідку да месца баёў рэзерваў, знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай (у 2-й пал. 1942 бел. партызаны штомесяц узрывалі 150—160 эшалонаў). У сувязі з катастрафічным паражэннем пад Сталінградам у Германіі была аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Перамога у С.б. стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вял.Айч. вайны і ўсёй 2-й сусв. вайны: створаны ўмовы для разгортвання агульнага зімовага наступлення 1942—43 ад Ленінграда да Паўн. Каўказа і выгнання акупантаў з тэр.СССР. Праціўнік страціў стратэг. ініцыятыву і не вярнуў яе да канца вайны. Паражэнне пад Сталінградам абвастрыла ўнутрыпаліт. становішча Германіі і яе сатэлітаў, у той жа час садзейнічала кансалідацыі антыгітлераўскай кааліцыі. У снеж. 1942 Прэзідыум Вярх. Савета СССР зацвердзіў медаль «За абарону Сталінграда», які атрымалі больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы, 112 воінаў сталі Героямі Сав. Саюза. Подзвіг герояў-сталінградцаў увекавечаны ў помніку-ансамблі героям С.б. на Мамаевым кургане. У загадзе Вярх. Галоўнакамандуючага ад 1.5.1945 г. Сталінград у ліку першых названы горадам-героем (палажэнне аб званні горад-герой зацверджана 8.5.1965).
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 5—6. М., 1975—76;
Самсонов А.М. Вторая мировая война, 1939—1945: Очерк важнейших событий. 4 изд. М., 1990;
Василевский А.М. Победа в битве на Волге // Василевский А.М. Дело всей жизни. Мн., 1988;
Жуков Г.К.Стратегическое поражение противника в районе Сталинграда // Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. 3 изд. М., 1978. Т. 2;
Яковлев Н.Н. 19 ноября 1942. 2 изд. М., 1979;
Видер И. Катастрофа на Волге: Пер. с нем. М., 1965;
Мировая война: Взгляд побежденных, 1939—1945 гг. М.; СПб., 2002;
Адам В. Катастрофа на Волге: Мемуары адъютанта Ф.Паулюса: Пер. с нем Смоленск, 2001;
Литвин Г. Русская Хиросима: Сталинград. Август 1942 г. // Авиация и космонавтика 1998. № 8.
Да арт.Сталінградская бітва 1942—43. На абарону Сталінграда. Мастак А.Буднікаў.Да арт.Сталінградская бітва 1942—43. Баі на вуліцах Сталінграда. Восень 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР (Wagner) Вільгельм Рыхард (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас.-эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф.арк.; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ Аляксандр Мікалаевіч (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),
рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус.нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».
Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.Савіна, В.Далматаў, Г.Фядотава, А.Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.Уладамірскі, Б.Платонаў, І.Ждановіч, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая, Л.Рахленка, М.Захарэвіч, В.Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.Чорны, К.Крапіва, У.Ягоўдзік.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1949—53;
Бел.пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;
Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;
П’есы. Мн., 1939.
Літ.:
Няфёд У. Беларускі тэатр.Мн., 1959;
Лабовіч А. А.М.Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́ЦЕЛЬ (Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.
Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, Л.Зізаній, А.Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут).
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1976—83;
Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;
Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;
Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ (Descartes) Рэнэ (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей у дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр. арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНАСЦЬ,
станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.
Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт. груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш.).
Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.
Літ.:
Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;
Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;
Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;