адмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; заг. адмоўся; зак.
1. Не згадзіцца рабіць што‑н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым‑н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас. // Не прыняць чаго‑н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка. □ [Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.
2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, панесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.
3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго‑н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу. // Перастаць трымацца чаго‑н.; адступіцца ад чаго‑н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.
2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.
3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
былы́, ‑ая, ‑ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засце́нак 1, ‑нка, м.
Месца жорсткіх катаванняў у час следства і допыту ў Маскоўскай Русі (гіст.). // Пра жандарскія, фашысцкія і пад. установы, дзе праводзяцца допыты з катаваннямі арыштаваных. Маці гэтых дзяцей была падпольшчыца, у торбе з жытам яна разносіла лістоўкі і загінула ў фашысцкіх засценках смерцю гераіні. Кулакоўскі.
засце́нак 2, ‑нка, м.
Гіст.
1. Землі, якія не ўвайшлі ў сялянскія надзелы пасля ўвядзення ў Рэчы Паспалітай валочнай сістэмы землекарыстання (1557 г.).
2. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Ідзе Міхал, прад ім сяліба, Засценак добра так знаёмы, І хоць няважныя харомы Тут гэта шляхта збудавала, Але жыве і гора мала! Колас. Не ведаю чаму, але стачынцы называлі сваю вёску засценкам. Можа таму, што ўсе яны былі з шляхты: розныя Стычынскія, Мысліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з радавітымі прозвішчамі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.
2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. з кім і без дап. Гаварыць або рабіць што‑н. несур’ёзна, смехам, для пацехі. Звінелі коні цуглямі, Паводдзе з плота рвалі, А з коннікамі смуглымі Дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў. // Весела вастрасловіць. — А ты, бачу, не забыў, што граблямі завецца, — жартаваў старшыня. Васілевіч.
2. з каго-чаго і без дап. Насміхацца, кпіць. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў.
3. з кім-чым. Несур’ёзна, безуважна адносіцца да каго‑, чаго‑н., недаацэньваць каго‑, што‑н. Са здароўем чалавека жартаваць нельга. Шахавец. З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч.
4. Гаварыць, рабіць што‑н. нарокам, легкадумна. — Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца. — Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Якімовіч.
•••
Жартаваць (гуляць) з агнём — рабіць тое, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., чаго.
1. Зрабіць вялікую колькасць чаго‑н. Нарабіць здымкаў. Нарабіць вулляў. □ Увайшоў у лес я ссекчы клён, Нарабіць мне трэба лёгкіх лыжаў. Бялевіч.
2. і што. Зрабіць, учыніць што‑н. або многа чаго‑н. (звычайна непрыемнага, дрэннага і пад.). Нарабіць памылак. Нарабіць шкоды. □ Малыя накінуліся на сала. Маці нарабіла крыку: — Не бярыце памногу. Чорны. Паяўленне [Сцёпкі] ў Заборцах было цэлаю праяваю вясковага жыцця, бо ў свой час ён нарабіў столькі шуму ў сяле, што аб ім доўга гаварылі і прарочылі яму нялюдскую долю. Колас. — Засуха ў нас — гэта яшчэ нішто, а вось вайна што нарабіла. Шамякін.
3. і без дап. (звычайна з адмоўем). Зарабіць у дастатковай колькасці. — Грошай няма ў нас, дзедка. Тата адзін на ўсіх не можа нарабіць, — адказала Галя тое, што чула не раз з матчыных вуснаў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.
2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.
3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.
1. Узараць нанава, яшчэ раз. — Ніхто не паедзе скародзіць таго поля, пераараць перш трэба, — толькі ўсяго і сказаў Якім, падтрымліваючы хлопцаў. Дуброўскі. Усякага чалавека пашкадуе зіма, нават неахайных трактарыстаў, якія дапусцілі агрэхі пры ворыве, нават няўпраўных брыгадзірам, якія не паспелі пераараць бульбу. Ермаловіч.
2. Прыараць у час ворыва частку чужога поля. Невядома праз што пасварыўся ён са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.
3. Правесці баразну ўпоперак чаго‑н. Пераараць дарогу. □ А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Колас.
4. і чаго. Узараць усё, многае. Колькі чаго перавазілі, колькі зямлі перааралі, перабаранавалі?.. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавалі́цца 1, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. З цяжкасцю перабіраючыся, валачыся цераз што‑н., упасці на процілеглы бок чаго‑н. Пераваліцца цераз плот. □ Можа за дзесятай спробаю я дацягнуўся да дзіркі ў зашчытку. Пераваліўся на другі бок і чмякнуўся снапом на зямлю. Мыслівец. Сярожа чуе, як гэты нехта знадворку ўхапіўся за падаконнік і пераваліўся ў бакоўку. Паўлаў. // Разм. Нязграбна, з цяжкасцю пераступіць цераз што‑н. Жанчына перавалілася цераз парог. Стала і ні з месца. Задыханая, спацелая, без хусткі. Пташнікаў.
2. Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Мікола нешта прамармытаў і пераваліўся на другі бок. П. Ткачоў.
3. перан. Прыйсціся, дастацца каму‑н. на долю. На плечы старэйшага сына перавалілася значная частка таго цяжару, які нёс у хаце гаспадар. Кулакоўскі.
перавалі́цца 2, ‑валіцца; зак.
Сапсавацца ад празмернага валення (пра сукно, лямец і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)