корч, карча, м.
1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.
2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.
3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго‑н., якія абражаюць, засмучаюць. — А за што на мяне хто будзе злосць мець? Мне здаецца, я нікому ніколі ніякай крыўды не зрабіў. Чорны. Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка. // Пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі. Горкая крыўда падступіла да сэрца: усё пайшло на вецер. Шкраба.
•••
Быць у крыўдзе на каго гл. быць.
Кроўная крыўда — цяжкая знявага, якая глыбока кранае чалавека.
Не дацца ў крыўду каму гл. дацца.
Не даць (не папусціць) у крыўду каго гл. даць.
Не ў крыўду хай будзе сказана гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́та 1, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.
Кавалак тканіны, скуры і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку і пад. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы, лата на левым калене. Брыль.
•••
Латамі трэсці гл. трэсці.
Лата на лаце — пра вельмі старое латанае адзенне. Ля саней застаўся .. чалавек у кароткай ватоўцы, у лапцях, у суконных гаспадарскіх нагавіцах — лата на лаце. Чорны.
ла́та 2, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.
Дошка, жэрдка і пад., якія кладуцца ўпоперак крокваў. Снегу на страсе няма, і латы на бурай струхле[л]ай саломе тырчаць голымі пачарнелымі парэбрынамі. Галавач. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нелады́, ‑оў; адз. няма.
Разм.
1. Непаразуменні паміж кім‑н.; сваркі. — А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас? — Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць? — Нелады ў іх з дарожным майстрам, — растлумачыла старожка. Колас. І пачаліся ў сям’і нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Якімовіч.
2. Няўдачы. [Мая:] Доўга штось яго чакаем. Час дамоўлены мінае, Чуе сэрца нелады. [Тамара:] У таемным гэтым краі Недалёка да бяды. А. Александровіч. // Непаладкі. Не лёгка расправіцца з прарывамі, бо не ўсе цэхі механізаваны. У адным цэху нелады, а тармозіцца работа ў іншых цэхах... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніхто́, ніко́га, ніко́му, ніко́га, нікі́м, ні аб кім, займ. адмоўны.
1. Ні адзін чалавек. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Якімовіч. [Пятрусь] нікому не скардзіўся, ні на кога не наракаў і ні з кім не хацелася яму гаварыць. Крапіва. // у знач. вык. Ні адной душы. Радзівон Ксенафонтавіч застаецца адзін. Нікога побач. Шыловіч. [Мікуць:] — Дождж сабе ідзе, а я склею адзін... Нікога нідзе. Чорны.
2. у знач. наз. ніхто́, толькі ў Н і Т, м. і ж. Пра чалавека, які не мае ніякага дачынення да каго‑н. Хто ён табе? — Ніхто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няві́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты, бязгрэшны. Нявіннае дзіця. □ Калі Алесь узняў галаву і ўбачыў.. [сястрын] прыгожы нявінны тварык, які не кранулі яшчэ ні бяда, ні гора, ні клопаты і турботы, жыцця, у самога яго твар пакрысе пачаў праясняцца. Чарнышэвіч.
2. Наіўны, прастадушны. Прыкінуўся хлопчык Нявінным такім, Як быццам бабулькі Не бачыць зусім. Гілевіч. Сумныя яго [Антуся] вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменнем. Чорны.
3. Бяскрыўдны, бясшкодны. Нявіннае жаночае какецтва.
4. Цнатлівы. Перад уяўленнем паўстала яна — нявеста — у падвянечным плацці з вэлюмам, чыстая, харошая, нявінная. Карпаў.
5. Тое, што і невінаваты. [Лабановіч:] — Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя: іх подпісы не стаяць пад пратаколам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няскла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.
2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.
3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наве́рсе,
1. прысл. На верхняй частцы чаго‑н. Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. Мележ. Я са сваім таварышам.. пілаваў дошкі прадоўжнай пілой. Ён наверсе, я ўнізе. Чарнышэвіч. // На верхнім паверсе. Наверсе, у гаспадара дома, зайграла музыка. Якімовіч.
2. прысл. У вышыні, уверсе. [Манг з братам] на кожным кроку бачылі новы малюнак.. То траплялі ў такую цясніну або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была стужка неба.. То выязджалі на светлы вясёлы прастор. Маўр.
3. прысл., перан. Разм. У вышэйшай інстанцыі.
4. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, на верхняй частцы якога размяшчаецца што‑н. [Волечка] сядзела наверсе воза, а.. [Кастусь] ішоў збоку. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.
2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.
3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́нач, прысл.
1. З наступленнем, пачаткам ночы. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. [Лабановіч:] — Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча! Колас. // На начны час, на ўсю ноч. Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Перад начным сном. Памыцца нанач. □ З-за дзвярэй Балеслаў чуў, як [маці] малілася нанач. Чорны.
2. На начлег, каб пераспаць ноч. Застацца нанач. □ Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Галавач. Дайшоў [Іван] да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)