чы́рвань, ‑і, ж.

1. Уласцівасць чырвонага; чырвоны колер. Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён .. быў як намалёваны на чырвані неба. Крапіва. Ясна гарэў сухі хвораст, асыпаючы ў шэры попел хрусткія вугалькі, напоўненыя жывой чырванню агню. Самуйлёнак. У чырвань, золата ўбраны стаяць у пушчах нашых дрэвы. Дубоўка.

2. Чырвоныя плямы на целе, пачырваненне ад прыліву крыві, запалення. Слёз у .. [Мацвея] было мала, толькі чырвань з’явілася вакол вачэй. Чорны. З кулямёта.. [лейтэнанту] прабіла абедзве нагі вышэй костачак. Ногі распухлі і паліліся нездаровай чырванню. Курто.

3. Румянец. — Усё, Сяргей Рыгоравіч, — адказала [Люда]. Вочы дык узняла, а чырвань на шчоках яшчэ пагусцела. Брыль. І шчокі, і нос, і вушы гарэлі бледнай чырванню. Лынькоў.

•••

Увагнаць у чырвань гл. увагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяза́ць, вяжу, вяжаш, вяжа; заг. вяжы; незак.

1. што. Цесна злучаць, абвіваючы чым‑н., звязваць. Вязаць снапы. Вязаць плыты. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік. Чарот.

2. каго-што. Звязваць рукі, ногі, пазбаўляючы магчымасці рухацца. — Ну, хлопцы, вяжы.. [бандытаў], бяры! Хутчэй, не драмаць. Колас. Вяжы яму рукі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку. Чорны. // перан. Не даваць волі, перашкаджаць каму‑н. рабіць што‑н. [Дзеда] не вяжуць, як другога, Застылай мудрасці гужы. Колас.

3. што і без дап. Плесці кручком, пруткамі і пад. Вязаць рукавіцы, карункі.

4. Быць вязкім, мець уласцівасць сцягваць. // безас. Сцягваць (пра адчуванне сцягвання ад якога‑н. рэчыва). У роце вяжа.

5. Валодаць уласцівасцю змацоўваць цвёрдыя рэчывы.

•••

Лыка не вяжа — пра п’янага, які ледзь можа гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.

2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́льнасць, ‑і, ж.

1. Фармальныя адносіны да чаго‑н.; праяўленне фармалізму ў чым‑н. Максім ведаў гэтую хітрасць: захоўваць фармальнасць там, дзе можна было б абысціся без яе, і парушаць, дзе выгадна. Машара.

2. Тое, што адлюстроўвае прыняты парадак; тое, што робіцца па традыцыі і не мае істотнага значэння. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць. Колас. Для фармальнасці натарыус праверыў пашпарты. Пальчэўскі.

3. звычайна мн. (фарма́льнасці, ‑ей). Знешнія патрабаванне ўмовы, якія выконваюцца пры афармленні чаго‑н. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы. Лужанін. Васіль Пятровіч .. зайшоў да начальніка санпрапускніка, каб уладзіць фармальнасці і атрымаць даведку. Карпаў.

4. Уласцівасць фармальнага (у 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цяжкага. Сталы наўкруг, Застаўленыя шчыльна, Згіналіся пад цяжкасцю дароў. Броўка.

2. звычайна мн. (ця́жкасці, ‑ей). Тое, што замінае, перашкаджае ў дасягненні мэты, патрабуе вялікіх намаганняў і сіл; перашкоды, складанасці. Лодку перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. [Сакратар райкома], не спяшаючыся, пачаў .. [Зіне] расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца і рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі. Грахоўскі.

3. Непрыемнае адчуванне чаго‑н. цяжкага (у галаве, грудзях, страўніку). [Костусь] не ведаў, куды яму пайсці цяпер: спаць яму не хацелася. Але ў галаве была цяжкасць ад дзённай утомы. Чорны. // Змрочны, непрыемны настрой, стан. Думы, роздумы, меркаванні і здагадкі адбілі Багдану сон, ахуталі прыкрай цяжкасцю душу. Кулакоўскі.

•••

Без цяжкасці — лёгка, без намаганняў.

З цяжкасцю — з вялікімі намаганнямі, ледзь-ледзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́расць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шэрага (у 1, 3 і 4 знач.). Ад позіркаў гаспадара не схавалася шэрасць .. твару [Кюблера] і недакуркі, раскіданыя на падлозе, на стале. Шамякін. Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці .. і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця. Зарэцкі. У паветры кружылі першыя сняжынкі — прыбельвалася шэрасць зямлі, чырвань цэглы. Гілевіч.

2. Бледнасць з адценнем шэрага (пра твар чалавека). Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Каршукоў. // Шэрая афарбоўка чаго‑н.; пахмурнасць, воблачнасць. Іван ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Быкаў. Пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка. // перан. Што‑н. непрыкметнае, ніякае; пасрэднасць. Большасць сцэнарыяў — шэрасць. Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.

1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.

2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.

3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.

4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Першы, найменшы цэлы лік, а таксама яго лічбавы знак «1». // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках. Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзесяткаў.

2. Самая нізкая адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая азначае: «вельмі дрэнна».

3. У спалучэнні з назоўнікамі або прыметнікамі азначае велічыню, якая прынята для вымярэння аднародных велічынь. Адзінка вымярэння. Грашовая адзінка. Адзінка даўжыні. Кармавая адзінка. Адзінка паскарэння. Сістэма адзінак.

4. Кожная асобная істота, прадмет, паасобнік. Аддзел рукапісаў сабраў каля 2000 адзінак рукапісных твораў. «Беларусь». // Службовае месца ў штатным раскладзе якой‑н. установы, арганізацыі. Штатная адзінка. Вакантная адзінка. // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Мала хто; паасобныя. З вялікай групы экскурсантаў толькі адзінкі дасягнулі вяршыні гары.

5. звычайна з азначэннем. Самастойная частка нечага цэлага. Адміністрацыйная адзінка. Гаспадарчая адзінка. Баявая адзінка.

6. Асобны чалавек; асоба, індывідуум. Гераізм савецкіх людзей — не якасць выключных адзінак, а масавая з’ява, уласцівасць усяго народу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)