Масол, масёл, масолак ’косць’, ’голая косць’ (Бяльк., Растарг., Ян.; хоц., Мат. Маг.; ветк., добр., б.-каш., Мат. Гом.), (перан.) ’рука’ (жытк., Мат. Гом.), масалы́га ’костка, масол’ (Грыг., Бяльк.), масалы́кнуць ’ударыць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Рус. мосол, мосла́, мосла́к ’костка сцягна’, ’круглая абгрызеная галоўка косці’, ’сустаў крыла’, ст.-рус. мосолъ ’тоўстая каравячая косць’, мослокъ ’вяртлюг’, мостолыга ’вялікая косць’ (XVII ст.). Паходзяць з тур. musluq ’кран’, ’трубачка ў cacyдах’ (Баскакаў, Тюрк. элем., 258). Яшчэ раней Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 191), Мацэнаўэр (LF, 10, 333) прапанавалі ў якасці крыніцы запазычання тур. maslak, muslak ’кран бочкі’, пасля, аднак, Міклашыч адхіліў гэту гіпотэзу. Прычынай з’явіліся дадатковыя значэнні ў вытворнага дзеяслова мосо́лить, у прыватнасці ’дакучаць’. Баскакаў (там жа) размяжоўвае рус. лексемы мосол, мосолыга на дзве: ’проська’ і ’косць’. Першая звязана з мянушкай рускіх прасолаў, перакупнікаў палоцен, асновай для якой з’яўляецца цюрк. mäsül ’прошанае’, ’просьба’, ’прадмет просьбы’. З гэтага ўтварылася і бел. масталыга ’прыдзірала, буркун’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патыка́ць 1 ’дараваць за дрэнныя ўчынкі, пакідаць непакараным’ (бялыніц., Янк. Мат.; ветк., Мат. Гом.), ’патураць’ (пух., Сл. ПЗБ). Да патака́ць (гл.).

Патыка́ць 2 ’сустракаць’ (Нас.). З польск. potykać (się) ’тс’. Сюды ж ганц. патыка́ць ’рабіцца блага, млосна’ (Сл. ПЗБ).

Патыка́ць 3, патыка́цца ’утыкаць нос (не ў сваю справу)’ (Нас.), ’рабіць спробу зайсці’ (КЭС, лаг.), з’яўляцца, паказвацца на вочы’ (хойн., Мат. Гом.), паткну́цца ’сунуцца, паказацца куды-н.’ (ТСБМ), потыка́ць ’тыцкаць, соваць’ (ТС). Да тыкаць < прасл. tykati (sę), роднаснага з лат. tūkât, tūcît ’мясіць, ціснуць’, ст.-в.-ням. dûhen ’ціснуць’. Чаргаваннем галосных кораня звязана з ткаць (Фасмер, 4, 130).

Патыка́ць 4 ’ткаць па аснове рознакаляровым утком’ (лід., віл., бар., шум., швянч., Сл. ПЗБ), драг. натыка́ты ’тс’ (Клімчук, вусн. паведамл.), патыка́нка ’дыван з ільняной асновай, патыканы рознакаляровымі ніткамі’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Магчыма, сюды ж польск. potykaczka ’спадніца, тканая ў чатыры полкі’. Параўн. н.-луж. potykaś ’зацыраваць’. Да па‑ < прасл. po‑ і ткаць < прасл. tъkati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суко́ннікі 1 ’даматканыя суконныя штаны’ (чэрв., круп., мядз., Сл. ПЗБ; ТС; калінк., светлаг., чач., Мат. Гом.), ’суконныя буркі (абутак)’ (Гарад.). Ад суко́нны ’зроблены з сукна, воўны’, гл. сукно.

Суко́ннікі 2 ’дранікі, звычайна посныя’ (Барад.), суко́ннік ’аладка (з дранай бульбы)’ (мазыр., Мат. Гом.). Няясна; параўн. суко́ніцы ’ягады (цёртыя)’ (жытк., Мат. Гом.), што можна звязаць з літ. sùkalioti ’круціць, вярцець’, а таксама з рус. дыял. сука́лить ’скрэбці, чысціць’, якое Тапароў (Балтийские яз., 46) лічыць балтызмам, на думку Анікіна (Опыт, 284), беспадстаўна. Гл. таксама сканцы ’бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’, што выводзіцца ад сакаць ’сукаць, раскатваць цеста’, параўн. рус. дыял. ска́нец ’тонкая раскатаная ляпёшка з прэснага цеста’ і ’тоўстая, грубая пяньковая пража’, што сведчыць пра першасны сінкрэтызм “кулінарнага” і “тэкстыльнага” значэнняў дзеясловаў *sukati, *sъkati: рус. бранск. сучить сканцы ’прасці пражу’ і рус. калін. сканцы сучить ’раскатваць цеста’, гл. Фасмер, 3, 635; Анікін, Опыт, 279. Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 63, 112, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тка́лля ’ткачыха’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Варл.; мсцісл., Жыв. сл.; Клім.), тка́лья ’тс’, тка́ля ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Шатал., Жд. 1), тка́лья, тка́йля ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), тка́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Жд. 1; брасл., паст., валож., навагр., ЛА, 4), ст.-бел. ткалля ’тс’ (БЛ, 46, 53), сюды ж тка́льніца ’тс’ (Сл. ПЗБ, Уладз., ТС, Мат. Гом.), тка́нніца ’тс’ (Сцяц. Сл.; дзісн., Нар. сл.; мсцісл., Жыв. сл.; Мат. Гом.), тка́ніца, тка́ныця ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. тка́ля, рус. дыял. тка́лья, старое чэш. tkadlí (< tkadlé, Сяткоўскі, Słow. nazwy, 117), серб.-харв. тка̀ља. Прасл. *tъkadlьja ’тс’ выводзяць з формы м. р. *tъkadlьcь ’ткач’ (Сяткоўскі, там жа, 115); паводле Трубачова (Ремесл. терм., 118), форма м. р. другасная, утвораная як адпаведнік першапачатковаму назоўніку ж. р. з асновай на ‑i: *tъkadli, вытворнай ад *tъkadlo ’тканіна; тое, што ткуць’. Іншыя формы — у выніку дысіміляцыі або метатэзы ў канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лобжа ’куча галля’ (ветк., Мат. Гом.). Да лоўж ’тс’ (гл.). Мена губнога назіраецца і ў ветк. ломжа ’тс’ (там жа), а таксама ў тапоніме Ломжа (ПНР) — насуперак Сташэўскаму (Sł geogr., 1959, 173) і Брукнеру (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупавокі ’лупаты’, ’які часта лыпае павекамі’ (Нас. Доп.), лупавокій, луповокі ’вірлавокі’ (Мат. Маг., ТС), лупавокенькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), смал. луповокий ’тс’. Аналагічна рус. варон. лупобе́льмый, цвяр., пск. лупогла́з ’тс’. Да лу́па 3 і вока (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыса́к ’гультай’ (Мат. Гом.). Роднаснае да пск., цвяр. лыскать ’ухіляцца ад справы, пазбягаць працы’, ’швэндацца, бадзяцца’, ’бегаць, шукаць’, лыскану́ть ’шмыгнуць’. Да асновы lysk‑/lusk‑/lyzg‑/luzg‑ (гл. лузаць). Больш падрабязна гл. Куркіна (Этимология–72, 68–73).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лянце́й ’танец — яго танцуюць ланцужком’ (нараўл., Мат. Гом.), ляньця́й ’від танца другой палавіны XIX ст.’ (беш., Касп.). Рус. лансье, алан. ланце, польск. lansjer. Запазычаны з франц. lansier ’кадрыля’ (Фасмер, 2, 552), ’від кантрданса’ (Слаўскі, 4, 49).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́пруціць, вы́пруціць ногі ’выцягнуць ногі, памерці’ (Янк. БФ), вы́пруціцца ’выцягнуцца, як прут’ (Янк. Мат.); ’памерці’ (Касп., Шат., Янк. III, Інстр. III). Укр. випру́чувати ’звальняць, вырываць (руку), выцягваць (палку, дубец)’, польск. wyprętować ’выцягнуцца, як прут’. Гл. апруцянець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́садак, часцей высадкі мн. л. (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. Мат., Янк. I, Бір. дыс., З нар. сл.). Рус. вы́садкі, укр. ви́садок, польск. wysadek, чэш. vysadek ’пасадка’. Да высадзіць (гл. садзіць) з суф. ‑ак, ‑к‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)