МАСА́ЛЬСКІ Павел Уладзіміравіч (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.​Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.

П.Масальскі ў ролі Чарльза Сэрфеса.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЦІ́НІС (Miltinis) Юозас (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.​Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.​Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.​Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.​Мілера (1958), «Іванаў» А.​Чэхава (1960), «Макбет» У.​Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.​Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.​Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧ Раманаў

(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),

расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.​М.​Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.​М.​Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.​Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.​Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.​Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».

В.​І.​Мялешка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУХАДАНО́САР II, Набу-кудуры-уцур,

цар Новававілонскага царства [605—562 да н.э.]. Сын Набапаласара. Пасля перамогі ў 605 да н.э. над егіп. войскам каля Кархемыша падпарадкаваў Сірыю і Палесціну. У 599 да н.э. рэарганізаваў армію, у 598 да н.э. здзейсніў паход у Паўн. Аравію. У 586 да н.э. захапіў Іерусалім. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю, вял. частку яе насельніцтва перасяліў у Вавілонію. У 575 да н.э. захапіў Тыр, чым завяршыў падпарадкаванне Вавілону Усх. Міжземнамор’я. Праўленне Н.II адзначана эканам. і культ. росквітам Вавілона. Пры ім узведзены шматлікія культавыя і грамадскія збудаванні, у т. л. вежы храма Эсагіла і славутыя вісячыя сады («сады Семіраміды»).

Літ.:

Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический М., 1971;

Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: Легенда и история: Пер. с нем. М., 1991.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСРЭТДЗІ́НАВА Зайтуна Агзамаўна (н. 14.8.1923, г. Уфа, Башкортастан),

башкірская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1955). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1941). З 1941 салістка Башк. т-ра оперы і балета (Уфа). Для яе выканання характэрны высокая тэхніка, пластычнасць. Выконвала лірычныя і драм. партыі: Зайтунгуль («Жураўліная песня» Л.​Сцяпанава і З.​Ісмагілава), Зарыфа («Горная быль» А.​Ключарова), Зюгра («Зюгра» Н.​Жыганава), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Цар-дзяўчына, Эсмеральда («Канёк-Гарбунок», «Эсмеральда» Ц.​Пуні), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Зарэма, Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра) і інш. Знялася ў фільме-балеце «Жураўліная песня» (1960).

Літ.:

Хайруллин Р. Зайтуна Насретдинова // Хайруллин Р. Мастера балетного искусства Башкирии. Уфа, 1963.

З.А.Насрэтдзінава. Мастак Р.​Н.​Нурмухаметаў. 1955.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙНГАРТ (Reinhardt) Макс (сапр. Гольдман; Goldman; 9.9.1873, г. Бадэн, Аўстрыя — 30.10.1943),

нямецкі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч. Скончыў тэатр. школу пры Венскай кансерваторыі (1894). З 1894 акцёр, у 1905—33 кіраўнік Ням. т-ра ў Берліне (цяпер яго імя). Выканаўца характарных роляў: Акім («Улада цемры» Л.​Талстога), Энгстранд («Здані» Г.​Ібсена) і інш. У 1901 дэбютаваў як рэжысёр. У створаных ім т-рах і студыях (Берлін, Вена) эксперыментаваў у галіне формы, новых выразных сродкаў, імкнуўся да ансамблевасці выканання. Ставіў пераважна ням. і ант. класіку, У.​Шэкспіра, М.​Горкага і інш. Сярод лепшых пастановак: «На дне» М.​Горкага (паст. пад назвай «Начлежка»), «Сон у летнюю ноч», «Венецыянскі купец», «Гамлет» Шэкспіра, «Цар Эдып» Сафокла — Г.​Гофмансталя. З 1933 у эміграцыі ў Аўстрыі, з 1938 — у ЗША. Заснаваў у Галівудзе тэатр. школу, здымаў фільмы.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ Яўген Валяр’янавіч (н. 16.4.1912, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Ленінградскі маст. палітэхнікум (1930), быў у «Трупе акцёрскага майстэрства». У 1934—38 у Т-ры імя У.​Меерхольда, у 1940—67 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1968 у Малым т-ры. Ролі героіка-трагедыйнага плана: Алег Кашавы («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога). З 1934 здымаецца ў кіно: «Шчорс» (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Светлы шлях» (1940), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Сэрцы чатырох» (1945), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Героі Шыпкі» (1955, СССР—Балгарыя), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Літ.:

Актер и время. Вып. 4. М., 1969.

Я.В.Самойлаў.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУ́К,

старажытны горад-дзяржава ў Шумеры (шумерскае Унуг, біблейскае Эрэх, грэч. Архоя), на яго месцы сучасны пасёлак Варка (за 65 км на ПнЗ ад г. Насірыя ў Іраку). У 28—27 ст. да н.э. пад гегемоніяй У. аб’яднаны гарады-дзяржавы Паўд. Двухрэчча. У 24 ст. да н.э. пры цару Лугальзагісі У. — сталіца Шумера. У 24 ст. да н.э. заваяваны Сарганам Старажытным і ўвайшоў у склад яго дзяржавы. У канцы 22 ст. да н.э. яго цар Утухегаль стварыў у Двухрэччы аб’яднанае «царства Шумера і Акада». У. заставаўся важным горадам да канца 1-га тыс. да н.э. У 8—2 ст. да н.э. — аўтаномны храмавы горад у складзе вавілонскага, потым ахеменідскага і селеўкідскага царстваў. У 3 ст. н.э. разбураны Сасанідамі. З пач. 20 ст. вядуцца сістэматычныя раскопкі.

т. 16, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКАЛЮ́К Віктар Раманавіч (н. 18.8.1926, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. артыст аперэты (лірычны тэнар). Засл. арг. Беларусі (1968). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1947). Працаваў у розных т-рах краіны. З 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—90 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Камед. акцёр яскравага таленту, творчая палітра якога вызначалася разнастайнасцю вострахарактарных вобразаў. Сярод партый у бел. рэпертуары: Трынтрава, Віктор, Пустарэвіч, Даніла, Цар («Рабінавыя каралі», «Пяе «Жаваранак», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Мацей («Несцерка» Р.​Суруса). З інш. роляў: Боні і князь Валяпюк, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Амедэй і Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)